Сэрца на далонi, частка 1
"Не, у пограб дрэнна. На другiм паверсе пакоi нямецкага лекара пана Грота, ён кватаруе ў нас. Я зачыню вас у яго пакоях. Добра? " Я згадзiўся i на гэта. Яна збегала некуды, вярнулася з ключамi. Мы паднялiся ў мансарду, у добра абстаўленыя пакоi. Пакiдаючы мяне, яна ўсмiхнулася ласкава i разгублена. "Ключа ў мяне няма. Няхай шукаюць Грота. У тым пакоi за шафай дзверы на гарышча. А там у нас чорт нагу зламае". Я падзякаваў. Яна зачынiла дзверы на ключ. Але праз хвiлiну вярнулася i прашаптала ў замочную шчылiну: "Слухайце, вы... Як вас? Калi яны ўсё-такi ўварвуцца сюды, вы будзеце страляць?" "Буду!" - цвёрда i бязлiтасна адказаў я. "У шафе ў Грота стаiць аўтамат". О, дзяўчо гэтае было не з баязлiвых! Дарэмна я ўпачатку блага падумаў пра яе. З той хвiлiны я адчуў да яе павагу. Безумоўна, учынкi яе ў той мiг маглi быць не ад свядомага пераканання, а ад жадання рамантыкi, што ўласцiва такому ўзросту. Але было бясспрэчна - чалавек наш, сумленны. Iнтуiцыя не падвяла. I гэта радавала. У завулак яны ўскочылi ў той жа мiг, як я застаўся адзiн у шыкоўнай кватэры нямецкага афiцэра. Я ўбачыў iх праз акно. Гестапаўцаў з сабакамi i палiцаяў. Але я перабольшваў ролю аўчарак. Не такiя яны ўжо разумныя i не такi ўжо ў iх тонкi нюх, як пра гэта расказвалi легенды. Звычайныя сабакi. Усе тры чамусьцi кiнулiся ў адзiн двор. Безумоўна, следам за iмi туды ўскочыла ўся зграя гестапаўцаў i палiцаяў. Пачаўся вобыск. Пошукi ў тым доме занялi хвiлiн дзесяць. Потым з"явiлася тая модна апранутая жанчына, якую я сустрэў. Я пазнаў яе нават з такой адлегласцi. Яна паказала гестапаўцам на гэты безыменны завулак. У мяне ёкнула сэрца. Няўжо яна бачыла, як я пераскочыў цераз паркан? Гестапаўцы кiнулiся сюды. Я заглянуў у шафу. Сапраўды, там стаяў аўтамат. Я не адважыўся наблiжацца да акна, каб сачыць за iмi. Маглi ўбачыць. Але вось сабакi загаўкалi, заскуголiлi каля таго месца, дзе я пераскочыў паркан. Значыцца, напалi на след. Я дастаў аўтамат. I раптам у садзе пачаўся дзiкi вэрхал: вой, брэх, пiск, крык. Я жахнуўся. Няўжо яны кiнулiся на маю ўратавальнiцу? Яна датыкалася да мяне, брала за руку. Забыўшыся на небяспеку, я наблiзiўся да акна. I ўбачыў: аўчаркi рвалi трусоў. Ты ведаеш, што зрабiла гэтае дзяўчо? Не кожны вопытны падпольшчык мог бы дадумацца. Яны выпусцiла трусоў. Больш таго, яна забiла аднаго i кiнула на сцежку каля таго месца, дзе я пералез паркан. Раз"юшаныя, галодныя сабакi, учуўшы пах крывi, ашалелi. Гестапаўцы не маглi iх стрымаць. Дзве аўчаркi пераскочылi паркан i, убачыўшы трусоў, пагналiся за iмi. А ў фортку грукалi гестапаўцы. Гаспадыня спалоханым голасам крычала з ганка: "Я баюся вашых сабак! Я баюся вашых сабак!" Вiдаць, нехта з гестапаўцаў пералез i адчынiў калiтку. Тады яна закрычала абурана: "Панове! Панове! Што вы робiце? Гэта трусы пана Грота! Хiрурга шпiталя пана Грота. Яго трусы. Божа мой! Што мне скажа пан Грот?" Сабак нарэшце ўгаманiлi. Цяпер яны толькi гырчалi, даядаючы трусяцiну. Яе спыталi ветлiва: "Скажыце, фрэйлейн, сюды нiхто не заходзiў?" Яна ўсхлiпнула: "Трусы пана Грота! Гэта дом доктара Савiча. I ў нас кватаруе пан Грот, хiрург шпiталя". Гестапавец цi, магчыма, палiцай паўтарыў пытанне па-расейску. "У нас заўсёды зачынена фортка. Тату пагражаюць, што яго заб"юць за тое, што ён служыць у немцаў. Я казала яму: навошта яму служыць? Ён мог прымаць хворых дома, як доктар Грайпiнер. У Грайпiнера хутка будзе свая клiнiка. А тату сапраўды могуць забiць. Няшчасныя трусiкi!.. Што скажа пан Грот?"