Сэрца на далонi, частка 1
Пачуўся глухi барытон Савiча. Недзе ўнiзе. Туды ж спусцiўся немец. Галасы сцiхлi. Напэўна, селi вячэраць. У светлай сталовай, за круглы стол, накрыты белым абрусам. Упершыню я ўспомнiў, што цэлыя суткi нiчога не еў. Але есцi не хацелася. Гудзела ў галаве. Хто такi Савiч? Зося горача падзякавала, калi я сказаў, што ўпэўнены, што доктар Савiч не прадасць мяне. Але яна не сказала: прыйдзе тата i зробiць вам аперацыю, не павяла ў бацькаў кабiнет. Чаму? Цi скажа яна яму пра мяне? Тысячы думак адразу. Яны палiлi мозг. Я адчуваў, што пачынаецца гарачка. Калi страчу прытомнасць, пачну трызнiць - выдам сябе, выдам яе... I я напружваў усе сiлы... Сцямнела. А вецер не сцiхаў. Асеннi. Халодны. Злы. I я такi правалiўся ў жудасную яму. Там, клубком сплёўшыся, качалiся ваўкадавы. Гледзячы на iх, iржалi эсэсаўцы, i морды ў iх таксама сабачыя. Раптам Лучынскi страшэннай доўгай рукой, як у Вiя, паказаў на мяне: "Вось ён!" Я ўцякаў. А яны гналiся за мной. З надзвычайнай лёгкасцю я скакаў цераз парканы, цераз дамы нават. А яны не адставалi. У мяне калацiлася сэрца. Вось-вось дагоняць. Апрытомнеў я ад дотыку да твару халоднай мяккай далонi i шэпту над вухам: "Родненькi мой! Што з табой? Гарачка? На, выпi вось гэта. I з"еш". У поўнай цемры дзяўчына сунула мне цёплую пляшку. Памагла падняць галаву. Я выпiў салодкую вадкасць, ад якой пахла парэчкамi i вермутам. Яна падбадзёрвала: "Пi, пi. Ты стагнаў. Не трэба стагнаць. Нельга. Каб я магла застацца тут з табой! Я пiльнавала б цябе. З"еш вось гэта". У руцэ маёй апынуўся кавалак мяса, вiдаць, трусяцiны. "Яны селi гуляць у шахматы, бацька i Грот. Абодва нечым усхваляваны, нешта хаваюць ад мяне. А я - ад iх. Каб мне застацца з табой, Вiктар. Я пiльнавала б цябе". Пiтво i ежа падмацавалi. Я зразумеў, чаго яна баiцца. Прыйшлося заспакоiць яе, што я не буду больш стагнаць i крычаць: "Гэта ў сне. Больш спаць не буду". Яна бясшумна знiкла. Але пакiнула мне сiлу i заспакоенасць. Цяпер я адчуваў яе прысутнасць, яе клопат. I мне не было страшна ў цемры, пад дахам, якi гудзеў i ляскатаў. Каб толькi не залiшнi быў яе клопат, а то якраз яна, а не я, можа правалiць нас. Цяпер ужо я думаў не пра сябе - пра нас. Мне сапраўды стала лепш. Ва ўсякiм разе, прытомнасць больш не трацiў. Недзе апоўначы пайшоў дождж. Тысячы малаткоў загрукалi па блясе. Потым па маёй галаве. Аглушылi. I я правалiўся ў пустую яму, дзе не было нi сабак, нi гестапаўцаў. Прачнуўся, калi развiднела. Адчуванне ранiшняе - здаровае. Нават нага не вельмi балела. Больш балеў палец на руцэ, i я доўга не мог успомнiць - ад чаго. У думках - цiшыня. I на двары цiха. Ляпнула фортка. Галасы. Нехта пайшоў. Хутка з"явiлася Зося. Прынесла сняданак - кашу, малако, яблыкi. Смачна i многа. Была яна засяроджаная, сур"ёзная, не такая гаварлiвая, як учора. Паведамiла з болем i смуткам: "Яны павесiлi адзiнаццаць чалавек. На плошчы. Якое зверства! А нашы задушылi начальнiка палiцыi", - i таксама з болем. "Сабаку - сабачая смерць", - не вытрымаў я. Яна глянула на мяне i... здагадалася: "Ах! Гэта - вы?!" Цяжка зразумець, чаго больш было ў яе воклiчы: здзiўлення, захаплення, iнтэлiгенцкай грэблiвасцi цi страху? Я спалохаўся, што цяпер гэтае аранжарэйнае дзiця будзе баяцца мяне. Страшна стане ёй заставацца адзiн на адзiн з чалавекам, якi можа вось так проста задушыць другога. "Я выканаў прыгавор народа. Гэтаму гаду даўно быў вынесены прысуд. У мяне не было другой зброi..." Гэта было як апраўданне, i самому мне стала непрыемна. Чаму я апраўдваюся? Не, яна зразумела. Уздыхнула цяжка i сказала: