Сэрца на далонi, частка 1
Яна ведала Паўла, ён заходзiў раней, i ёй падабалася, што я сябрую з такiм чалавекам, iнтэлiгентным, разумным, служачым управы. Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухi, якiя немагчыма растлумачыць. Жанчына ў той мiг, вiдаць, шмат што зразумела, бо зацiснула рот далонямi. Потым глянула ў вокны, зачынiла на кручок дзверы. I нi пра што больш не запытала. Знiкла, напэўна, яе надзея зрабiць мяне мужам. I яна адразу пастарэла, асунулася, шчыра засмуцiлася, калi я адмовiўся ад снедання. Я таксама больш нiчога не тлумачыў ёй. Надзеў лепшы касцюм, дастаў з тайнiка пiсталет i гранату. Яна спытала: "Ты больш не вернешся?" "Не ведаю". Я адказаў шчыра. Хiба я мог ведаць, што са мной будзе? Яна пацалавала мяне. "Будзь асцярожны, Кузя. Ведай, табе ёсць куды вярнуцца". План быў просты. Усё робiцца простым, калi чалавек перастае думаць пра сябе, пра жыццё... Калi галоўнае - дасягненне мэты. Палiцыя размяшчалася ў асобным двухпавярховым будынку насупраць управы. Я мог пайсцi проста туды. Але я пайшоў на плошчу, пустую i жудасную ў той дзень. Вецер, халодны асеннi вецер пагойдваў целы павешаных i вяроўкi на трох шыбенiцах. Для каго яны пакiнуты? Не, мяне жывым фашысты не возьмуць! Я развiтаўся з таварышамi. Стаў насупраць Паўла, крокаў за дваццаць, блiжэй вартавы не падпусцiў. На Паўлаву шыю была накiнута яшчэ адна пятля - павешана дошчачка з надпiсам: "Я кiраваў бандай, якая забiвала нямецкiх салдат". Надзi Кузьменка яны напiсалi: "Я ўзрывала нямецкiя эшалоны". Увогуле, яны пускалi паглядзець на вiсельнiкаў, для гэтага пакараных пакiнулi на шыбенiцах - каб устрашыць гараджан. Але я стаяў, мабыць, занадта доўга. Бо вартавы раптам пагразiў мне аўтаматам i закрычаў, каб я праходзiў. Чаго добрага, яшчэ стрэлiць. Што iм значыла забiць аднаго чалавека! А мне памiраць так недарэчна нельга! Таму я паслухмяна пайшоў, развiтаўшыся з Паўлам, з таварышамi, якiх я не ведаў пры жыццi, але смерць iх зраднiла нас. Вартавы палiцай ведаў мяне. Я сказаў яму, што хачу паступiць да iх на службу. Ён узрадаваўся: "Давай. Такiя хлопцы нам цяпер во як патрэбны!" "Начальнiк у сябе?" "Толькi што прайшоў". Але сакратарка-перакладчыца затрымала мяне. Гэтую асобу я таксама ведаў: Павел хадзiў з ёй нават разы два ў кiно, каб выведаць, чым яна дыхае. I заключыў: "Дрэнь поўная". Яна сказала, што ў спадара Лучынскага важная нарада i наўрад цi прыме ён мяне. Я адказаў, што ў мяне пiльная справа. "Якая?" "Хачу паступiць у палiцыю". Яна паглядзела на мяне зацiкаўлена i больш прыветлiва. "О,тады пачакайце". Здраднiкам падабалася, калi iх большала. Магчыма, кожнага з iх цешыла думка: "Не я адзiн". Сакратарка была стройная брунетка, гадоў дваццацi пяцi, але са стомленым ад бяссонных начэй тварам распуснiцы. Ды, мабыць, траплялi ёй у апошнi час мужчыны падношаныя, тыпу Лучынскага. Бо калi яна блiжэй агледзела мяне i падумала, што я буду служыць побач, у яе юрлiва заблiшчалi вочы. Яна пачала заляцацца. Мне зрабiлася агiдна. Я думаў пра помсту, iшоў на смерць, а тут трэба было "сушыць зубы", гаварыць чорт ведае пра што. Хацелася стукнуць яе з пiсталета, а потым тых, усiх, што за дзвярамi, абабiтымi жоўтым дэрмацiнам. Сакратарка сказала мне, хто там: "Заступца i следчы". Не, раней трэба iх. У мяне не хапала сiлы чакаць. Я падняўся i наблiзiўся да дзвярэй. Але яна загарадзiла дарогу. Аўчарка пiльна сцерагла свайго гаспадара. "О, ты нецярплiвы. Але начальнiк не любiць. Май на ўвазе".