Сэрца на далонi, частка 1
Павел! Паша! Друг ты мой дарагi! Нi да каго, здаецца, я не меў такой любовi, як да цябе, вясёлы, ясны, сардэчны чалавек. Жудасна захаладала ў мяне ўсярэдзiне. Быццам спынiлася кроў. I астылi думкi. Яны сталi цвярозыя, халодныя, жорсткiя. I адразу прыйшло непахiснае рашэнне. Цяпер я ведаў, што мне рабiць. Я не выратую вас цяпер, сябры мае, бо адзiн, без зброi, перад такой зграяй ашалелых ад крывi сабак. Але я буду помсцiць. Помсцiць! I першая кара будзе таму, каму вы калектыўна вынеслi прысуд. Лучынскi памрэ сёння!" "Сёння!" Вiдаць, я падумаў уголас, бо Хiндэль спытаў: "Што "сёння"?" Я не адказаў. Яму зрабiлася блага. Ён пачаў ванiтаваць, узвалiўшыся на пiсьмовы стол. Я застаўся каля акна адзiн. Вось ужо павесiлi другога чалавека. Трэцяй была дзяўчына. Партызанская сувязная Надзя Кузьменка. Пасля я даведаўся: яе арыштавалi на дарозе, знайшоўшы ў кошыку пад грыбамi мiну. Яна крычала пракляццi катам. Натоўп маўчаў. Натоўп, напэўна, застыў, як i я. Кожны чалавек у гэты мiг да нечага рыхтаваў сябе. Прымаў рашэнне. Здавалася, што жудасная машына карнiкаў запрацавала без перашкод, па дэталёва прадуманаму д"ябальскаму плану. Чарговую ахвяру дужыя гестапаўцы хапалi пад рукi, падымалi ў кузаў. Грузавiк падыходзiў пад шыбенiцу. Кат ускiдваў пятлю на шыю. Машына адыходзiла, паварочвалася. Хутка. Спрытна. Механiзавана. Начальства i варта заспакоiлiся. Адзiн з афiцэраў пачаў рабiць фотаздымкi. I раптам адбылося нечаканае. I для нас i для фашыстаў. На царкве зазванiлi званы. Вось на гэтай царкве, што на плошчы. Я не адразу зразумеў. Падумаў, што арганiзавалi яны. Ды не! Гэта не быў пахавальны бом. Не фарс. Не! На ўсё наваколле загучаў грозны заклiк. Званы зазванiлi так, як званiлi яны адвечна, калi iшла бяда - нашэсце ворага, навадненне, пажар. Званы клiкалi: "Падымайся, народ! Падымайся, народ!" I людзi паднялi галовы. Натоўп як бы вырас. А каты спалохана замiтусiлiся. Нешта крычалi Бругер i Шмiт. Лучынскi кiнуўся да царквы. За iм гестапаўцы. З бронетранспарцёра пачалi бiць з кулямёта па званiцы. А званы ўсё клiкалi: "Падымайся, народ! Падымайся, народ!" Не ведаю... I цяпер не ведаю, праз гэта цi так было задумана... Але пакаранне спынiлi. Павесiлi адзiнаццаць. Тры шыбенiцы засталiся пустыя. Астатнiх арыштаваных адвезлi назад у турму. Большасць з iх у хуткiм часе расстралялi. Калi чалавека, якi званiў, забiлi, званы доўга яшчэ грозна гудзелi, так моцна ён расхiстаў iх. Чалавеку было семдзесят шэсць год. Стары, глухi, адзiнокi званар. Кузьма Ягоравiч Сарока. Як ён трапiў на званiцу? Знарок? Выпадкова? Але безумоўна адно: убачыў ён адтуль, як караюць прышэльцы нашых людзей, i не вытрываў. Ведаў, што iдзе на смерць. Пайшоў. Без страху. Па тым, як яны стралялi там, на званiцы, i як пачалi сцiхаць бомы, я зразумеў, што чалавека забiлi. Але зразумеў другое, галоўнае - што ён свядома iшоў на гэта. Помню, я пашкадаваў, што гэты невядомы змагар не зацягнуў туды кулямёт. Адных званоў мала. У мяне, па крайняй меры, будзе пiсталет i граната. Але яны былi схаваны на кватэры. Калi плошча апусцела, я пайшоў на кватэру. Па горадзе ўсюды патрулi палiцыi i гестапа. Яны тройчы спынялi мяне i правяралi дакументы. Лiза кiнулася насустрач, устрывожаная i радасная: "Я ўсе вочы праглядзела. Чаму так позна? Кажуць, людзей вешалi?" У гэты момант, упершыню за той дзень, апанавала слабасць. Самлелi ногi. Я знясiлена апусцiўся на канапу, вiдаць, збялеў. "Што з табой?" "Павесiлi Паўла", - сказаў я i... заплакаў.