Сэрца на далонi, частка 1
- Вельмi правiльна, Сямён Парфёнавiч! - узрадавана падтрымаў Гарусевiч. Гукан стомлена пазяхнуў. - Што там яшчэ? Сакратар падаў цэлы стос сашчэпленых аркушаў з надрукаваным на машынцы тэкстам. - Запiска старшынi камiсii па ахове здароўя аб стане бальнiц у горадзе i наогул аб усёй нашай медыцыне. I скажу вам, Сямён Парфёнавiч, па-мойму, неаб"ектыўна. Адно адмоўнае бачыць доктар... - Яраш? - Яраш. Калi ён пашле гэта вышэй - чакай камiсii. - Ну, камiсiй нам баяцца няма чаго. Добра. Я пачытаю. - Гукан ляпнуў па паперы далоняй. Але чытаць не стаў. Калi сакратар выйшаў, ён зноў падышоў да акна i загледзеўся на свой каштан. Знiзу, з вулiцы, далятаў гоман людзей, шыпенне шын на нагрэтым асфальце. Праз лiсце каштана прасвечвалася неба, яснае, спякотнае, як i многа дзён ужо. Гукану зноў успомнiлася ўчарашняя дача. Ён адчуў сябе стомленым i падумаў, што было б хораша хоць тыдзень адпачыць у такiм вось цiхiм, лясным, лугавым кутку, каб не ехаць нi на якiя курорты, дзе спёка i поўна народу. Могуць людзi арганiзаваць сабе адпачынак! А вось ён усё жыццё працуе, хвалюецца. Шыковiч цяпер ляжыць пад соснамi ў гамаку i фантазiруе. Нiхто да яго не просiцца на прыём, не патрабуе выканання плана будаўнiцтва. I Яраш... Не, Яраш на рабоце. У хiрурга, безумоўна, работы хапае, нiчога не скажаш, хворыя не могуць чакаць. Але навошта яму чарнiць тое, чаму аддалi столькi сiлы i здароўя i ён, Гукан, i сам Яраш? Старшыня не ведаў, што напiсана ў запiсцы, i чытаць яе цяпер не хацеў баяўся, што яшчэ больш сапсуе настрой. Падумаў, чаму Яраш учора нiводнага слова не сказаў пра гэтую запiску. З-за далiкатнасцi, каб не турбаваць госця службовымi справамi? Цi, можа, гэта хiтры план, разведка працiўнiка, на якога рыхтуецца наступ з усiх бакоў? Кнiжка, ацэнка падполля, бальнiцы... Але чаму гэты наступ яны вырашылi пачаць цяпер? Можа, прачулi што? Цi атрымалi моцную падтрымку? Ад каго? I раптам Сямён Парфёнавiч успомнiў. Сакратар гаркома Тарасаў неяк у гутарцы сказаў, што да вайны ён i Шыковiч працавалi ў адным раёне. Вунь яно што! Старыя сябры. Але не падобна, каб Тарасаў мог займацца такiмi iнтрыгамi. Ды i навошта яму? Працуюць яны мiрна i дружна, без канфлiктаў. А нарэшце, чаму яму здаецца, што запiска Яраша - нейкi падкоп пад яго, старшыню гарсавета? Яраш з суровай крытыкай выступаў на сесii яшчэ гады два назад. I крытыка гэтая была на карысць: мiнiстэрства праявiла большую ўвагу. Адкрыты новыя палiклiнiкi. Будуецца бальнiца. Усё-такi каштан супакоiў. Гукан пасмяяўся са сваёй трывогi i вярнуўся да стала. Няма калi займацца аналiзам пачуццяў! Iшоў звычайны рабочы дзень старшынi гарсавета. Тэлефонныя званкi. Наведвальнiкi. Паперы. Лiвень папер. Недзе ўжо ў сярэдзiне дня пазванiў намеснiк старшынi аблвыканкома Мухля. Высвятляў дэталi пераносу гарадской мяжы. Горад рос. Пад канец доўгай тэлефоннай размовы Гукан спытаў мiж iншым: - Слухай, Пятро Макаравiч, хто ў нас назiрае за будаўнiцтвам прыватных дач? Я ведаю, што я займаюся там, дзе адведзены былi ўчасткi пад такое будаўнiцтва. У Загайным. I там парушэнняў колькi хочаш. Але там усё-такi ёсць нейкi нагляд... А я маю на ўвазе дачы дзiкiя, што растуць у другiх месцах як грыбы. Дзе? Ты сам добра ведаеш дзе. Не ведаеш? Рэдка, значыцца, аб"язджаеш свае ўладаннi. Што б рабiлася ў горадзе, каб я гэтак не ведаў, дзе што будуецца. Анархiя! Не хвалюся. У Дзятлаўскiм ляснiцтве бачыў, якая харомiна вырасла? Але, Яраша i Шыковiча. Я ж не кажу, што iм не трэба дача. Няхай адпачываюць на здароўе. Хлопцы сапраўды добрыя. Здольныя. Але хто iм адводзiў участак? Лясгас? Райвыканком? А маюць яны права? Глядзi, брат. Ведаеш, як цяпер прэса выступае супраць прыватнай уласнасцi? Каб нас з табой не пагладзiлi... Людзi яны разумныя. Але я не сказаў бы, што вельмi разумна з iх боку будаваць такiя харомы сярод лесу. Не адзiн дзесятак кубаметраў. Мая сяброўская парада табе - пацiкаўся. Пацiкавiшся? Вось-вось... Каб не было нечаканасцей... Ну, прывет!