Сэрца на далонi, частка 1
З"яўленне ў архiве пiсьменнiка разварушыла маленькага сiвага дзядулю. Мiна Азаравiч быццам скiнуў са сваiх сямiдзесяцi год пару дзесяткаў. Шмат што з таго, што расказваў пра падполле iх горада Шыковiч, яму, безумоўна, было вядома. Але той добры дзесятак вялiкiх пытальнiкаў, якiя паставiў новы даследчык, запалiлi старога архiварыуса. Сапраўды, гэта цiкава - адказаць хоць на частку такiх пытанняў. Чаго варта, напрыклад, канчаткова вырашыць, хто ж такi Савiч, якога, мiж iншым, Сыраквашка добра ведаў - доктар некалi перадаў музею карцiну Айвазоўскага. I начальнiк архiва шчыра памагаў Шыковiчу ў пошуках. За першы тыдзень Кiрыла перачытаў гару папер, але высветлiў нямнога з таго, чаго не ведаў раней. Расшыфраваў толькi адно - склад першага падпольнага гаркома. Спiса нiдзе не было, але пры дэталёвым аналiзе дакументаў таго часу i ўспамiнаў удзельнiкаў, напiсаных неўзабаве пасля вайны, гэта ўдалося ўстанавiць. Гукан у сваёй кнiзе яўна наблытаў: назваў iмёны людзей, якiх у той час нават не было ў горадзе. Тут яму даказаць няцяжка. Хоць увогуле чалавек ён упарты. Але нiчога, разбярэцца гарком цi абком. Напярэдаднi, разбiраючы матэрыялы партызанскай брыгады "Смерць фашызму", з якой падпольшчыкi трымалi найбольш цесную сувязь, Шыковiч натрапiў на цiкавы дакумент. Дзiўны дакумент. Лiсток з вучнёўскага сшытка ў касую лiнейку. На iм размашыстым почыркам напiсана: "Учора пахавалi таварышаў, якiя загiнулi ў баi за станцыю. Няўдача за няўдачай. Настрой у атрадзе цяжкi. Звесткi з Вялiкай зямлi таксама не суцяшальныя. Чым падняць настрой людзей? Сёння з"явiўся таварыш з групы НКВД. Правал у горадзе. Накрылi рацыю, двух арыштавалi. Л. выратаваўся выпадкова. Баюся за Доктара, яны трымалi з iм сувязь. Папрасi Марусю, каб схадзiла ў горад". I ўсё. Нi даты, нi подпiсу. Што гэта? Пiсьмо некаму цi ўрывак з дзённiка? Калi слова "папрасi" напiсана правiльна, - пiсьмо. Але ўвогуле больш падобна на дзённiкавы запiс. Магчыма, чалавек у спешцы не дапiсаў "ць" - "папрасiць". Але гэта не галоўнае. Не гэта надзвычай зацiкавiла i ўсхвалявала Шыковiча. Пiсьмаў падобных i дзённiкаў партызанскiх ён перачытаў мноства. Адзiн сказ прымусiў яго выдзелiць гэты дакумент з усiх iншых: "Баюся за Доктара, яны трымалi з iм сувязь". Доктар - з вялiкай лiтары. Хто ён, гэты Доктар? Сапраўдны доктар цi гэта падпольная клiчка? Каб устанавiць iсцiну, трэба ведаць, хто i калi пiсаў пiсьмо цi дзённiк. Шыковiч працаваў у сховiшчы, якое змяшчалася ў склепах былога аддзялення банка. Прасторныя сухiя склепы. У першы пасляваенны год камсамольцы разабралi банкаўскiя руiны i са старой цэглы на месцы трохпавярховага будынка змуравалi невялiкi аднапавярховы асабняк. Рэканструкцыя горада не кранула яго, бо стаяў ён у глыбiнi двара, пасярод квартала. Наперадзе вырас чатырохпавярховы дом. А гэты белы домiк стаяў у абкружэннi таполяў. Пасаджаныя ў сорак пятым годзе, яны разраслiся ў густы цянiсты сквер i ўсё навокал засыпалi пухам квеценi. Шыковiч пайшоў да Сыраквашкi. Праз акно ўбачыў: стары ў белай кашулi сядзеў за сталом i, паглыблены ў працэс творчасцi, пiсаў, па-дзiцячы высалапiўшы кончык языка. Зрэдку нешта шаптаў. Кiрыла любiў назiраць людзей, калi яны заставалiся самi з сабой. Чалавек у такiм стане часта ператвараецца ў дзiця, нават тады, калi заняты сур"ёзнай працай. Шкада было турбаваць гэтага добрага дзядулю. Тым больш што Шыковiч за тыдзень ужо вывучыў: раней чым дазволiць зайсцi, Сыраквашка схавае ў шуфляду свой рукапiс, быццам ёсць нешта злачыннае ў тым, што ён пiша. Сустрэне нахмураны, незадаволены.