Сэрца на далонi, частка 1
Калi Галiна вярнулася i паставiла на стол талеркi са смажанымi лiсiчкамi i салату са свежых гуркоў, Кiрыла сказаў памяркоўна, прымiрэнча: - Я толькi адзiн магу зрабiць вывад: залiшне многа выгод даём мы дзецям. Вiдаць, трэба даваць менш. Як мой бацька нам... Тут не вытрымала Наташа: - Няпраўда, дзядзька Кiрыла! Дзецям трэба даваць усё! На тое яны дзецi. Усе засмяялiся з яе непасрэднасцi. - Давайце за стол, фiлосафы, - запрасiла Валянцiна Андрэеўна. Пасля абеду нахмарыла. Неяк непрыкметна i хутка зацягнула неба высокая лёгкая воблачнасць. Але па-ранейшаму было бязветрана; хмары не прынеслi свежасцi, яны апусцiлi на зямлю млявую парнасць. Замерлi дрэвы, нават трапяткая асiна над ручаём сцiшылася. Заснула на раскладушцы Наташа, упусцiўшы на траву кнiгу i звесiўшы руку. Кiрыла, стомлены абедам, драмаў у шэзлонгу, праз сон кiдаючы асобныя словы ў размову жанчын i Яраша, часам неўпапад. Гэта iх смяшыла. Смех будзiў знясiленага чалавека, ён расплюшчваў вочы, пагражаў пальцам, мармытаў: - Як Бог пакараў Хама, што смяяўся з соннага... ага? - I галава яго зноў падала на грудзi. - Парыць на дождж. Будзе брацца рыба, - сказаў Яраш i пайшоў з Вiктарам збiраць рыбацкiя прылады. Збiраў знарок доўга, каб даць сябру крыху падрамаць. А потым нарабiў грукату на верандзе, закрычаў: - Кiрыла! Даволi дрыхнуць! Хадзем вудзiць. Шыковiч у адказ уцягнуў у шэзлонг ногi i павярнуўся на бок. Але Валянцiна Андрэеўна са смехам перакулiла шэзлонг, выкiнуўшы мужа на зямлю. - Iдзi, iдзi. Няма чаго пуза гадаваць. Цягнi яго, Антон. Сухое сена (на ўзгорку ляжалi першыя пакосы) разлiвала далёка навокал не толькi густы водар, якi п"янiў, але i асаблiвую цяплынь, якая ўзнiмала настрой, будзiла фантазiю, уяўленнi i ўспамiны маленства. Млявасць была ад нечага iншага, можа, ад тонкага водару кветак у нiзiнах цi едкага паху выкiнутых на бераг водарасцяў, iлу i малюскаў. Нерухомае возера-старыца нiбы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбiвала такiя ж нерухомыя хмары i дубы. Толькi каля травянiстага берага нябачныя мошкi цi вадзяныя жукi чарцiлi на гэтай гладзi адмысловыя iероглiфы. Рыба лягла на дно - нiводнага ўсплёску. Пакуль Вiктар не разбудзiў цiшу i гладзь блешняй спiнiнга. I адразу возера ажыло: разышлiся кругi, быццам несучы сiгналы небяспекi; з травы вылецела качка, кракнула i ўпала ў лазняках; пад абрывам плёснула, нiбы кiнулi вялiкi камень. - Шчупак! Тата, бачыў, якi шчупак? - азартна крыкнуў Вiктар i пачаў кiдаць у тое месца блешню. Калi круцiў катушку, дзiўна пераламваў сваю доўгую нязграбную постаць, здавалася, што вудзiльна пратыкала яго худы жывот наскрозь. Мужчыны пастаялi, паглядзелi. Шыковiч прапанаваў тут жа i павудзiць ленаваўся iсцi далей, ён аблiваўся потам. - Гэтая лужына як заварожана... Браканьерамi... Колькi яны выцягваюць сеткамi рыбы! А я на вуду i спiнiнг не ўзяў нiводнай маляўкi, - сказаў Яраш. I яны рушылi далей. Адзiн Вiктар застаўся ганяцца з блешняй за няўлоўным шчупаком. Рака дыхнула вiльготнай свежасцю i прахалодай. Пахла дажджом. Наблiжэнне яго заўсёды выразней адчуваецца каля ракi. Недарма ў народзе кажуць: рэкi прыцягваюць дождж. Рэкi i лес. Але рыбаловам здалося, што сама рака цягнецца, узнiмаецца ўсёй сваёй вiльгаццю насустрач далёкаму дажджу. Яраш умеў не толькi любавацца прыродай, ён заўсёды стараўся ўспомнiць цi выявiць законы яе з"яў. Шыковiч, нягледзячы на сваю прафесiю, не любiў глыбока пранiкаць у сутнасць гэтых з"яў. У хвiлiны адпачынку ён як бы выключаў свой розум, даючы поўную волю пачуццям. Апынуўшыся на высокiм беразе над вiрыстай плынню, ён узмахнуў рукамi, быццам жадаючы паляцець, прагна ўдыхнуў рачную прахалоду i ад захаплення галёкнуў: