Сэрца на далонi, частка 1
- О-го-го! Хараство-о-о! - i сеў на спаленую жорсткую траву, звесiўшы з абрыву ногi. - Нiкуды далей не iду. Вось тут маё месца. - Кiнуў унiз вуду i сам з"ехаў на спiне па пясчаным адхоне; каля самай вады, на мокрым пяску, не сеў, а лёг, раскiнуўшы, як забiты, рукi i ногi. Яраш, пасмiхаючыся з яго дзiвацтваў, ледзь пераканаў, што тут рыба не бярэцца i сядзець на гэтым месцы - марна трацiць час. А вось ён ведае мясцiну, дзе акунi самi лезуць на кручок. Сцежка вяла праз густы лазняк, што парос на пясчаных наносах. Лазiны сцёбалi па твары, па руках. Кiрыла лаяўся: - Ты, эскулап, знарок мяне цягаеш па гэтым гушчары. Каб я больш нагiнаўся. Цябе Валя падкупiла? Прызнайся. Яраш смяяўся, iдучы наперадзе. Выйшлi з лазнякоў. Яраш спынiўся i расчаравана свiснуў. - Захапiў нейкi тып наша месца. Бераг тут панiжаўся. Наперадзе працякала лугавая крынiчка: яна жывiла сенажаць, даўжэй трымаючы разлiў, а таму i ўлетку, калi на сухадолах пабляклi ўжо фарбы, пойма яе вабiла вока веснавой свежасцю. Каля лазнякоў, дзе спынiлiся крыху расчараваны Яраш i абыякавы Шыковiч, над негустым разнатраўем ужо ўзвышалiся мяцёлкi цiмафееўкi i лiсахвосту, кастрыцы i шчаўя. I толькi зязюлiны слёзы ды смолка яшчэ рассыпалi свае дробныя яркiя кветкi. А там, нiжэй, усё яшчэ цвiло, кожная травiнка; жоўтыя, чырвоныя, лiловыя, васiлькова-сiнiя, блакiтныя кветкi, злiваючыся ў дзiвосны вясёлкавы колер, закрывалi яркую зелень травы. I там, на мысе, дзе ручай улiваўся ў раку, пад вярбой сядзеў той, што захапiў улюбёнае месца Яраша. Доктар хацеў было ўжо вярнуцца назад, у лазнякi, але Шыковiч угледзеўся i здзiўлена выгукнуў: - Фу, чорт! Калi ты не заўважаў у мяне галюцынацый, то гэта - сам Гукан. Далiбог, ён! Яны наблiзiлiся. Сапраўды, гэта быў ён - старшыня гарсавета Гукан. Шыковiч прывiтаўся. Гукан адказаў няўважлiва, як малазнаёмым, цалкам прыкаваны ўвагай да паплаўка. Вуд у яго было некалькi. Адно бамбукавае вудзiльна ён трымаў у руках, другiя былi ўтыркнуты ў глiнiсты бераг. Ён стаяў, шырока расставiўшы свае доўгiя ногi, нахiлiўшыся над самым абрывам. З худым аскетычным тварам, глыбокiмi вачамi i густымi сiвымi брывамi, ён нагадваў у профiль ястраба, якi выглядваў здабычу, здавалася, на самым дне ракi. Апрануты Гукан быў звычайна для летняга дня i рыбнай лоўлi - у белы палатняны касцюм. Але адразу кiдалася ў вочы некаторая старамоднасць у гэтым касцюме, нiбы ён быў пашыты гадоў трыццаць назад. Пiнжак зроблены ў форме фрэнча, з хлясцiкам, з вялiкiмi нагруднымi кiшэнямi, моцна адтапыранымi, i яшчэ большымi бакавымi, таксама нечым напакаванымi. (Можа, гэта i зручна для рыбалова - такое мноства кiшэняў.) Яшчэ больш старамодна выглядала шапка... Зашмальцаваная, скамечаная наперадзе над казырком, абвiслая ззаду, яна неяк смешна маладзiла гаспадара, робячы яго падобным на купецкага прыказчыка. Яраш заглянуў у гумавае вядзерца, што стаяла ззаду рыбалова, убачыў, што яно амаль поўнае рыбы, i адчуў павагу да чалавека, якi ўмее вудзiць; не тое што другiя - абы час загубiць. Доктар паважаў усялякае ўменне. Шыковiч разглядаў Гукана з iранiчнай усмешкай: ён упершыню бачыць яго ў такой форме i ролi. Толькi падсекшы i выкiнуўшы на траву трапяткога акунька, Гукан павярнуўся да iх i працягнуў руку. - Што гэта вы, Сямён Парфёнавiч! Мы вас чакаем, - выказаў крыўду Шыковiч, хоць цяпер яго чамусьцi мала кранула тое, што Гукан не прыехаў. - Прабач, Кiрыла... Не ўтрымаўся ад спакусы. Калi нашаму брату ўдаецца выбрацца на лона прыроды. Вось i думаю: палаўлю i з"яўлюся ў госцi са сваёй юшкай. Чакай.