Сэрца на далонi, частка 1
Яраш адышоў на колькi крокаў ад дома i ўбачыў у акне схiленую галаву Шыковiча. Кiрыла пiсаў. Яраш падняў гнiлушку, што свяцiлася пад нагамi, i кiнуў у акно. Шыковiч высунуўся i пагразiў кулаком, прашыпеў: - Вар"ят. Спалохаў. - Хадзем пагуляем. - Доктар! Ты гуляеш у дзве гадзiны? Прагрэс! Iду. Да д"ябла фельетон! умiг спусцiўшыся з "куратнiка", як ён называў мансарду, на зямлю, Кiрыла гаварыў пра сваю працу: - Якi я фельетанiст! Я лiрык. Мне заўсёды не па сабе, калi я раблю чалавеку непрыемнасць, калi нават я i ўпэўнены, што чалавек гэты дрэнь. Адзiн стары дурань кiнуў старую жонку i сышоўся з маладой. Я гаварыў са старой. Крыклiвая, грубая баба. Але i маладая - дрэнь... Чакай. А ты не будзеш чытаць мне мараль, што карысна рана лажыцца i рана ўставаць? Не есцi мяса i не пiць гарэлкi? - Не бойся. Ты прасiў мяне падрабязна расказаць табе пра падполле. Маю жаданне расказаць сёе-тое. - Во-о! Гэта размова! Але што гэта цябе прарвала? То двух слоў не выцягнеш, то раптам сярод ночы... - Толькi не перапыняй сваiмi дурацкiмi рэплiкамi. - Усё. Маўчу як рыба. РАСКАЗ АНТОНА ЯРАША Павел пазванiў па тэлефоне. Гэта было ў суботу, у канцы жнiўня. Цi, можа, у пачатку верасня. Добра помню адно: мы толькi што прачыталi ў газеце, што нямецкiя войскi ўварвалiся ў Сталiнград. Праўда, нават хлуслiвы нацыяналiстычны лiсток не паведамляў наперад, як рабiў часта, што горад заняты "непераможнай армiяй фюрэра". Пiсалi, што iдуць жорсткiя баi. Але колькi гарадоў было занята перад гэтым! Помню, добра помню, што боль... той невыказны i неапiсаны боль, якi адчувалi мы, калi здаваўся наш горад, быў самы моцны. Як нi за адзiн горад. Цi таму, што гэта горад з такой гiсторыяй. Цi таму, што вораг на Волзе!.. Волга! Маленькiя стратэгi, мы ўсе ўскладвалi тады вялiкiя надзеi на шырокiя водныя рубяжы. Боль гэты вылiўся ў злосць. Не ведаю, што адчувалi другiя. У пажарную падбiралiся людзi надзейныя ў адносiнах да "новага парадку", амаль гэтак жа, як у палiцыю: усялякi зброд, крымiнальнiкi. Але помню, што "калегi мае" таксама ў той дзень былi чамусьцi злосныя. Мы сварылiся. Мацюкалiся так, што чырванелi сцены. Нi раней, нi пазней за ўсё сваё жыццё я нiдзе не чуў, каб людзi так мацюкалiся. Я не адставаў ад iншых. I мне нават цяпер агiдна ўспамiнаць тую сваю фальклорную красамоўнасць. З-за частых пажараў паламаўся графiк дзяжурства, i мы добрых гадзiны дзве высвятлялi, чыя ж чарга: хто недапрацаваў, а хто перапрацаваў у мiнулы тыдзень. Чамусьцi ў тую ноч нiхто не хацеў дзяжурыць. Начальнiк наш брандмайстар Хiндэль, "свой немец" (ён i да вайны працаваў у нашай пажарнай) затыкаў далонямi вушы i прасiў стомлена, жаласлiва: "Маен гот! Маен го-от! Няма на вас Бога. Пасаромелiся б маiх сiвых валасоў". I раптам зрываўся i сам пачынаў крычаць i мацюкацца: "Сцiхнiце вы, дзiравыя шлангi! Мяшкi з пяском! Абгарэлыя панчохi! Каб на вас..." Ён быў мяккi, слабахарактарны чалавек, i яго нiхто не баяўся. Баялiся "сапраўднага немца" Лотке, якi займаў пасаду механiка, але ўсюды сунуў свой нос, як i належала агенту гестапа. Каб ён з"явiўся, сварка адразу сцiхла б i дзяжурыў бы той, каму Хiндэль сказаў. Ён сказаў Гвоздзiку, быў у нас такi п"янчужка. Той кiваў на мяне, да яго далучылiся яшчэ двое-трое. Я паслаў iх... Другая частка маiх калег падтрымлiвала мяне. Хлопцы паважалi мяне за сiлу. На пажарах я часам працаваў за трох. Дзе сапраўды трэба было тушыць агонь. Помню - такiя дробязi запамiнаюцца - тэлефон не званiў, а слаба брынчаў, як бляшанка. Але Хiндэль уздрыгнуў. Ён баяўся гарадскога тэлефона. Смела, адразу ён браў слухаўку толькi аднаго апарата, якi званiў гучна i рэзка, - дзяжурны з вышкi паведамляў аб пажары. Хiндэль працягнуў руку i застыў, чакаючы, што званок сцiхне i яшчэ адна непрыемнасць мiне яго. Але тэлефон не сцiхаў. I брандмайстар мусiў падняць слухаўку.