Сэрца на далонi, частка 1
"Узяў?" "Але". "З цябе - куш. Пакуль што цыгарэту". Я памацаў пiсталет i гранату. Цыгарэт не было. "Аддаў Муры", - прыгадалася, што яна палiла, калi я выходзiў. "Ого, хутка ты знаёмiшся, - зарагатаў вартавы. - Але заўтра з пустымi кiшэнямi не прыходзiць, у нас свае законы". "Ведаю". А сам лавiў кожны гук - цi няма трывогi? Па вулiцы я пайшоў шпарка. Накiраваўся на Савецкую. Спадзяваўся, што на цэнтральнай будуць людзi i я схаваюся сярод iх i здолею перабрацца ў Залiнейны раён. А там - некалькi явак. Я паспеў выйсцi на Савецкую. Але ў той дзень яна была бязлюдная. Рэдкiя прахожыя, i то, вiдаць, большасць - агенты ў цывiльным. I тут мяне дагнала трывога. Гукi яе даляцелi не з палiцыi - з гестапа, ажно з Паркавай. Зараўлi сiрэны i маторы, загаўкалi аўчаркi. Вулiца ўмiг яшчэ больш апусцела. Нават агенты, вiдаць, кiнулiся да тэлефонаў, каб даведацца, што здарылася, атрымаць указаннi. Я не паскорыў хаду, каб не выдаць сябе. Але iмкнуўся хутчэй дасягнуць разбуранага бамбардзiроўкай квартала, каб схавацца ў руiнах. I раптам - бываюць жа стрэчы! - насустрач Лотке. У вопратцы рабочага. Я зрабiў выгляд, што не пазнаў яго, i прайшоў мiма. Але iнстынкт вопытнага агента i, безумоўна, падазронасць, якую ён меў да мяне ўвесь час, прымусiлi яго дзейнiчаць. "Стой! Руки вверх!" - У гэты раз ён крыкнуў на чысцейшай расейскай мове. Я павярнуўся... Падняў рукi. Але з правай вылецела лiмонка. Я паспеў убачыць, як Лотке кiнуўся ў акно майстэрнi па рамонту гадзiннiкаў. Раней чым грымнуў выбух, дзынкнула вiтрыннае шкло. Я схаваўся ад узрыву ў нiшы замураваных дзвярэй. А потым кiнуўся ўнiз, звярнуў у першы праезд i пайшоў па задворках. Я iшоў назад, паўз двор управы, амаль паўз самую палiцыю, дзе стаяў гоман галасоў. Па шуму матораў, брэху сабак лёгка было здагадацца, што гестапаўцы абкружаюць кварталы па той бок Савецкай, кварталы руiн. I, аднак, я шкадаваў, што не перасек галоўную магiстраль. Там быў увесь горад, разбураны i цэлы. Там жылi нашы людзi, адтуль быў выхад у поле, у лес. А тут я быў зацiснуты ў невялiкiм раёне памiж цэнтральнай вулiцай, якую цяпер ужо не перайсцi, i ракой, за якую таксама не перабрацца. Уздоўж вулiцы - управа, палiцыя, правей - казармы зондэркаманды, над ракой - элеватар, прыстань са складамi, на беразе - вартавыя вышкi, агнявыя кропкi. I памiж гэтым - некалькi цiхiх вулiц, да якiх не дайшоў пажар i дзе заставалiся жыць нашы людзi. Нашы... А цi ўсе нашы? Гэта своеасаблiвы раён. Дарэвалюцыйнай забудовы. Сялiлiся тут пры цару галоўным чынам чыноўнiкi. Пасля рэвалюцыi шмат якiя дамы былi нацыяналiзаваны, сталi камунальнымi. Але больш за ўсё эвакуiравалася ў пачатку вайны менавiта з гэтых камунальных кватэр. Рабочыя, савецкiя служачыя. А хто застаўся... Не ўсе яны, вiдаць, нашы. Акрамя таго, я ведаў, што тут кватаруе многа немцаў - афiцэры, камерсанты. Праўда, была ў мяне перавага: я выдатна ведаў гэты раён, не толькi кожны завулак, але кожны дом i сад. Я жыў тут, калi вучыўся ў медвучылiшчы. У адзiн мiг я ўзважыў усе мiнусы i плюсы. Тут жа выявiў яшчэ адзiн мiнус: я быў ранены. Асколкам уласнай гранаты. Нiша не схавала мяне ўсяго, i асколак пацэлiў у нагу, вось сюды... Я нават намацаў яго. Штанiна набрыняла крывёю. Рана няцяжкая. Але па крывавым следзе лёгка iдуць аўчаркi. Таму я мусiў спусцiцца ў склеп разбуранай крамы, падраць споднюю кашулю i перавязаць нагу. Патрацiў некалькi хвiлiн. За гэты час пачалi абкружаць раён узрыву. Цяпер ужо не толькi шум матацыклаў, але i нямецкiя каманды даляталi да мяне. Мабыць, упэўненыя, што я нiкуды не дзенуся, немцы, здавалася, не вельмi ўжо спяшалiся.