Сэрца на далонi, частка 1
Антон не вытрываў i вылаяўся груба i злосна. Гаецкая спалохалася, адразу аформiла перавод. Калi Яраш пазванiў у рэдакцыю Шыковiчу, што мусiць затрымацца, той сказаў: - Хрэн з табой. Сядзi каля сваiх хворых хоць тыдзень. А я млею ад духаты. Ён доўга сядзеў каля сваёй хворай. Зося глядзела на яго i хораша ўсмiхалася, шчаслiва i збянтэжана. - Дзе вы былi ўвесь гэты час? - Апошнiя тры гады тут, у нашым горадзе. - I не ведалi пра мяне? - Ведала. Бачыла колькi разоў. - Бачылi? I не маглi прыйсцi? - Я маленькi чалавек, Антон Кузьмiч. Прыёмшчыца арцелi кравецкай на Выселках. - Ды якое мае значэнне, кiм вы працавалi! Глупства! Сорамна падпольшчыцы дзялiць людзей на маленькiх i вялiкiх. - Якая я падпольшчыца! Я дачка доктара Савiча. - Вочы Зосi напоўнiлiся слязамi. - Ну, не трэба! Калi ласка! Нiякiх хваляванняў i нiякiх расказаў! Аб усiм пагаворым пасля. - Ён падняўся, каб пайсцi. Яна папрасiла нясмела, сарамлiва: - Пасядзiце яшчэ трошкi, Антон Кузьмiч. Хлопчык гэты, Тарас, жывы? - Хлопчык! Хлопчык гэты ў армii адслужыў. На заводзе робiць... - Я шукала яго. - Яна як бы вiнавата прасiла прабачэння за тое, што не здолела знайсцi дзiця. - Пасля, пасля. Не хвалюйце сябе нiякiмi ўспамiнамi. Сёстры i санiтаркi хадзiлi на пальчыках i гаварылi шэптам. У iх былi спалоханыя твары. Яраша абурыла гэта, але ён змаўчаў. Прымусiў сябе маўчаць. Што б яны падумалi, каб ён, звычайна ветлiвы i далiкатны з малодшым персаналам, раптам накрычаў на iх? Цяпер, у машыне, ён падумаў, што трэба заўтра ж пра ўсё расказаць Машы i папрасiць, каб яна ўзяла шэфства над Зосяй. Не медыцынскае. Чалавечае. Таксi звярнула з шашы ў лес. У святле фар дрэвы здаюцца дэкаратыўна нежывымi i ў той жа час фантастычна прыгожымi. Праплываюць застылыя ствалы з нерухомым белым лiсцем. Быццам на мiг з"яўляюцца на свет з дагiстарычнай цемры i зноў знiкаюць назаўсёды. Ценi бягуць наперадзе, пераганяючы святло, доўгiя i вузкiя - блiзка i шырокiя - удалi. А з бакоў - чарната. А ўгары - цемра: зноў не вiдаць зорак. Яраш надзвычай любiў начную язду па лесе. Часта прасiў Шыковiча паездзiць. Той не разумеў яго захаплення. Яраш злаваўся: "Якi ты, да д"ябла, пiсьменнiк, калi не адчуваеш такой прыгажосцi? Ты паглядзi на гэтыя сосны! Якi ў iх колер? А ценi? З чым ты параўнаеш iх? Паспрабуй напiсаць гэта рэалiстычным пэндзлем. Памрэш - не напiшаш. Тут, брат, трэба нейкi асобы, умоўны прыём". "Хiрург-абстракцыянiст! - хмыкаў Шыковiч. - Навiна! Дзiва дзiўнае!" Шафёр таксi, напэўна, хацеў у знак удзячнасцi давезцi свайго пасажыра як мага хутчэй i iмчаў па карэннях i ямах, не шкадуючы машыны. Яраш папрасiў: - Цiшэй, калi ласка. Можна? - Можна! - Шафёр адразу збавiў хуткасць. - Я думаў, вы спяшаецеся. - Не. Я люблю паглядзець на лес. - О, лясок тут добры! Каб такiх сосен на дом. - Што было ў вашага сына? - Пералом пазваночнiка. На будаўнiцтве, ведаеце. Няшчасны выпадак. - А-а, помню. Шафёра ўзрадавала, што доктар помнiў яго сына. Як бы пакрыўджаны за хабар, ён праз усю дарогу маўчаў. Гзта яму, вiдаць, нялёгка давалася, бо калi прарваўся, то пачаў паспешлiва i мнагаслоўна расказваць пра сына, пра сябе, пра ўсю сваю сям"ю. Яраш слухаў i не чуў. Глядзеў на лес i думаў. Як у святле фар выплывалi з цемры дрэвы, так i з ночы памяцi выплывалi эпiзоды жыцця, далёкiя i блiзкiя, з падполля i з сённяшняга дня. Да дачы ён не даехаў. Спынiўся каля канторы ляснiцтва, сiлком усунуў таксiсту грошы i пайшоў пехатой. Свяцiлася толькi адно акно - на паддашку ў Шыковiча. "Трэба адвучыць яго ад начной працы, - падумаў Антон Кузьмiч пра сябра i тут жа пра жонку з пяшчотай: - Спiць Галка. Тут добра спiцца".