Сэрца на далонi, частка 1
Шкада было будзiць яе. Калi пад нагамi пiснулi ўсходцы ганка, ён пагразiў iм пальцам: "Цыц!" Потым доўга стаяў нерухома, слухаючы начную цiшыню. Не паднiмалася рука, каб цiхенька, адным пальцам, пастукаць у шыбiну веранды. Ён быў упэўнены, што дзверы зачынены. Але паспрабаваў асцярожна нацiснуць на ручку - i дзверы лёгка адчынiлiся. Белая, як прывiд, постаць стаяла ў адным кроку ад парога. Навучаны шматгадовым вопытам, Яраш усё зразумеў i ўмiг мабiлiзаваў свой спакой i вытрымку. - Што, баiшся заходзiць? Сорамна? - не сказала, а прашыпела Галiна i тут жа сарвалася: - Не заходзь у дом, дзе спяць дзецi! Бессаромныя твае вочы! - Галка! - Ён зрабiў крок, ён прасiў, малiў яе ласкавым iменем, каб яна не рабiла шуму: побач людзi, дзецi. - Не падыходзь! Не датыкайся да мяне! Брудны тып! - Галя! Выслухай! - не папрасiў, патрабаваў Антон. - Што мне слухаць? Мне ўсё сказаў чалавек. "Ён заняты на кансультацыi..." Да дванаццацi ночы! Не першы раз ты "кансультуеш" яе... да позняй ночы! Крывасмок! Колькi ты выпiў маёй крывi! Не падыходзь! Але сама кiнулася да яго i пачала ярасна калацiць маленькiмi кулачкамi ў магутныя грудзi. - Паразiт! Я ненавiджу цябе! Не дакранайся да мяне! Усё! Усё, усё!.. Заўтра, заўтра!.. Зараз жа, зараз!.. Забiраю дзяцей... I ўсё. Жывi са сваёй шлюхай! Але я не дам вам жыцця. Не дам! Не чакай. Не! - Галя! - Ён адступiў на крок i паспрабаваў засланiцца ад яе ўдараў партфелем, якi ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Але яна выхапiла партфель i моцна стукнула iм па галаве, па твары. Гэта яго ўзарвала. Так жонка не паводзiла сябе ўжо колькi год. Узмахам рукi Антон выбiў у яе партфель, а самую схапiў у абдымкi, лёгка падняў, зацiснуўшы рукi, каб не драпалася. А каб не крычала, моцна, да болю, прыпаў вуснамi да яе вуснаў. Яна бiлася, трапяталася, як рыба, дрыгала ў паветры нагамi, намагаючыся вырвацца. Але дарэмна. Ён насiў яе па прасторнай верандзе, быццам закалыхваў, як малую, i праз сцiснутыя вусны шаптаў: - Дурная. Дурная. Дурная... I яна сцiхла. Быццам самлела. Нерухомая, зрабiлася цяжкай. Ён адняў вусны - яна не закрычала, нават не папрасiла: "Пусцi". Ён ведаў з мiнулага, што найпрасцейшы i хутчэйшы сродак памiрыцца - гэта паказаць ёй, што нiдзе ён не растрацiў сваю сiлу. Магчыма, Галiна чакала гэтага. Яму стала агiдна, балюча i крыўдна. Прыгадалася, з якой прычыны ён затрымаўся, з якiмi пачуццямi ехаў дадому. I раптам - такая сустрэча. Антон груба, як мяшок, кiнуў жонку на шырокую тахту (яны спалi тут жа, на верандзе). Душыў гальштук. Ён сарваў гальштук i шыбануў цераз стол, у кут. Туды ж паляцеў пiнжак i капялюш. У змроку яснай ночы Галiна бачыла гэтыя рэзкiя рухi i, адчуўшы навальнiцу, маўчала. Яна тонка ўмела адчуваць настрой мужа. Агонь рэўнасцi, якi яна распалiла, уяўляючы, як мужа, яе мужа, абдымае, цалуе гэтая распуслiвая Тамара, - гэты агонь патухаў. Яна амаль гатова была папрасiць прабачэння. Але Антонавы мяккасць i адыходлiвасць прывучылi яе да таго, што яна нiколi не рабiла першага кроку да прымiрэння. Акрамя таго, вельмi свежымi яшчэ былi пакуты, якiя яна перажыла за тры гадзiны - з таго часу, калi Кiрыла прыехаў адзiн i сказаў, што Антон затрымаўся на нейкай неадкладнай кансультацыi ў трэцяй клiнiцы. Колькi яна патрацiла сiлы, каб нi словам, нi рухам не выдаць сябе перад Шыковiчамi. Як на злосць, Валянцiна Андрэеўна не адступала ад яе ўвесь вечар, расказвала розныя вясёлыя здарэннi. Можа, знарок. Думка, што нехта чужы, збоку, бачыў i здагадваўся, што рабiлася ў яе сэрцы, была самай цяжкай. Ужо за адно гэта сваё ўнiжэнне яна мае права не дараваць Антону цi, ва ўсякiм разе, не iсцi першай на прымiрэнне. Ён гучна пракаўтнуў горкi i салёны камяк i амаль застагнаў: