Сэрца на далонi, частка 1
- Вось наша хворая, - сказала лекарка, спынiўшыся каля ложка ў кутку, i, спахапiўшыся, падала Ярашу табурэт. Хворая як хворая. Такiх ён бачыў сотнi. Маленькая жанчына, такая худая, што здавалася, пад коўдрай - пустата. А на падушцы спакутаваны твар з яркiмi прыкметамi яе хваробы: крыху збляклая ўжо сiнюшнасць губ, крылляў носа. А шчокi заружавелi. Хвалюецца. I вочы... Якiя вочы! I як яны глядзяць! Чаго толькi не бачыў за сваё жыццё i лекарскую практыку Яраш, але такiя вось вочы яго заўсёды выводзiлi з раўнавагi. Яны прасiлi, малiлi, выказвалi надзею, страх - усю бясконцую гаму пачуццяў чалавека, якi прагне жыць. Сядаючы на табурэт, ён падумаў, што ў большасцi такiх цяжкахворых жанчын прыгожыя валасы. Ад кантрастнасцi, вiдаць. У гэтай вунь таксама якiя цудоўныя - светла-залацiстая пышная карона. Каб не сустракацца позiркам з хворай, Яраш разглядаў свае вялiкiя, адбеленыя спiртамi i эфiрамi пальцы i слухаў даклад лекара. У яго ўжо выпрацавалася прафесiйная звычка: чуць i фiксаваць у памяцi толькi тое, што патрэбна яму як кансультанту. Усё iншае, у тым лiку прозвiшча i iмя, ён выясняў пасля, калi сам пачынаў аглядаць хворага. Але паведамленне лекара аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкiм лагеры, узварухнула яго. Ён глянуў на гэтую маленькую жанчыну з цiкавасцю i жалем, сустрэў яе вочы, поўныя дзiвоснага агню i малення, падумаў: "Вось яна, вайна. Збудаваны гарады. А сэрцы людзей... Сэрцы ранены". Ён падумаў пра сэрцы не наогул. Не. Як лекар, уявiў канкрэтнае маленькае сэрца, у якiм развiўся парок. Лекар расказвала, у якiм стане хворая паступiла ў бальнiцу: - Ацёчнасць нiжнiх канечнасцей... Рэзка павялiчана пячонка... - Калi паступiла? - спытаў Яраш. - Два тыднi назад. - Лекар збянтэжылася, забылася, на чым яе перапынiлi. - Гаварыце, гаварыце. - I зноў збоку здавалася, што кансультанта цiкавяць толькi ўласныя рукi. - Быў праведзены курс лячэння... I раптам у аднатонны даклад, перасыпаны лацiнскiмi словамi, уварваўся шэпт: - Кузьма... Яраш нават спачатку не звярнуў увагi. - Антон Кузьмiч, - гучна паправiў Майзiс, якi стаяў за спiной у Яраша. Тады Яраш рэзка падняў галаву, паглядзеў на хворую. Яна ўсмiхнулася вiнавата i зноў нясмела прашаптала ўжо другое iмя: - Вiктар... Яраш адчуў, што праз рукi яго быццам прапусцiлi электрычны ток, закалола ў кончыкi пальцаў: ён пачуў свае падпольныя клiчкi. У яго былi надзвычай чуткiя пальцы, паталагiчна чуткiя, нават уласныя эмоцыi ён перш за ўсё адчуваў пальцамi. Вось так заколе - значыцца, злосць, радасць, здзiўленне. Ён пазнаў гэтую жанчыну. Але не верыў вачам. Хiба ўваскрасаюць мёртвыя? Колькi прайшло год! Дзе яна была дагэтуль? Ён павольна падняўся з табурэта. Лекар са страхам глядзела на сваю пацыентку: што тая трызнiць? Майзiс лёгка свiснуў: ён быў рамантык, любiў прыгоднiцкiя кнiгi, фiльмы, нечаканыя сустрэчы людзей. Хворая супакоiла свайго лекара простым i ясным запытаннем: - Не пазнаяце, Антон Кузьмiч? Яраш умеў стрымлiваць свае пачуццi ў любых абставiнах. Але тут не стрымаўся. - Зося? - прашаптаў ён так, што ўздрыгнула лекар, прыўзнялiся на локцях хворыя, а Майзiс у захапленнi пацёр рукi. - Зося! - паўтарыў ён гучней i, высокi, мажны, схiлiўся над ложкам, як бы хочучы загарадзiць яе ад чужых вачэй, ад хвароб, ад усiх навал. Узяў тонкiя, схудалыя рукi ў свае мяккiя шырокiя далонi, асцярожна сцiснуў. - Адкуль вы з"явiлiся, Зося? А ў дзверы ўжо заглядвалi сёстры, хворыя, i ўсё аддзяленне загудзела, як разварушаны вулей.