Сэрца на далонi, частка 1
Яна наступала на мяне i адцiскала ад дзвярэй. На маё шчасце, халуi хутка выйшлi. Яны шапталi нешта адзiн аднаму на вуха i задаволена ўсмiхалiся. Лысы намеснiк начальнiка палiцыi Левашоў ушчыпнуў сакратарку за мяккае месца, кiўнуў на мяне: "Цi не хахаля ты такога знайшла, Мура? У гэтага ёсць брандспойт". Яны цынiчна зарагаталi. "Нахабнiкi", - сказала яна ўслед iм, як бы апраўдваючыся перада мной. I пайшла ў кабiнет, каб далажыць пра мяне. Выйшла не хутка цi, можа, мне так здалося - цягнулiся хвiлiны. Помню, што я раптам захваляваўся, пачуў, як грукае сэрца. Яшчэ мiг, адзiн мiг - i я адпомшчу за Паўла, за таварышаў. Дзверы адчынiлiся. Яна, Мура, сказала: "Прахадзi" i прапусцiла мяне. Я зачынiў за сабой дзверы асцярожна, быццам яны былi з танюсенькага шкла. Ступаў па дывановай дарожцы на пальчыках, пачцiва i цiха, каб не спужаць звера. Круцiў у руках шапку. Лучынскi глянуў насцярожана, трымаючы руку пад сталом, можа, на кнопцы званка цi на пiсталеце. Але пазнаў мяне (ён iнспектаваў пажарную i разоў колькi з"яўляўся на пажары) i заспакоiўся. Паклаў абедзве рукi на палiраваны стол двухметровай даўжынi, як бы абняў гэты сiмвал сваёй улады. Выпрастаўся ў высокiм крэсле. Сядзеў, як на троне. Яны ўсе iгралi, гэтыя мiзэрныя пустыя людзi, здраднiкi, уяўлялi сябе фюрэрамi i былi такiмi ж бяздарнымi акторамi, як i Гiтлер. Я спынiўся крокi за тры ад стала ў пачцiвай паставе. Я загадваў сабе: "Не выдаць... Нiводным рухам не выдаць сябе!" Хоць i марудзiць нельга было: мог зайсцi хто-небудзь з палiцаяў. "Дык, кажаш, хочаш перайсцi ў палiцыю? Чаму? Пажарная - тая ж палiцыя. I нам патрэбны там адданыя людзi". "Хачу помсцiць за бацькоў, пан начальнiк", Кузьма Клешч - сын раскулачанага, у палiцыi былi мае анкеты. Лучынскi крыва ўсмiхнуўся: "Мы нiкому не помсцiм. Мы будуем новую Беларусь". Пры гэтых словах ён адсунуў нагайку, якая ляжала на стале, каля правай рукi. Я меўся застрэлiць яго ва ўпор, а таму глядзеў толькi на вузкi твар, на лоб у кароне прыгожых пасiвелых валасоў. Я цэлiўся, выбiраючы момант. I раптам нагайка... Тая, якой ён ударыў Паўла. Адной гэтай дэталi было даволi, каб маланкава змянiўся план. Я скочыў да стала. Я кiнуў цераз стол усю сiлу свайго цела. Каб ён не паспеў нацiснуць кнопку, ударыў кулаком у пераносiцу. Ударыў так, што пасля ў мяне было запаленне надкоснiцы ўказальнага пальца. Я схапiў нагайку, накiнуў скураную пляцёнку яму на шыю i што ёсць сiлы рвануў за канцы - за тоўсты, абглянцаваны, з раменьчыкам, i тонкi, з мяцёлкай калючых дроцiкаў. Хруснулi шыйныя храшчы. Спадар Лучынскi вывалiў ненатуральна доўгi язык. Вылезлi з арбiт вочы... Я падсунуў крэсла да сцяны, каб цела не ўпала i не нарабiла грукату. Было брыдка i пагана: нiколi яшчэ не выконваў прысуд такiм чынам. Звычайна страляў цi кiдаў гранату... Але ўсведамленне, што я выканаў справядлiвы прысуд, адплацiў за смерць таварышаў у дзень iх пакарання, дало новыя сiлы, новы iмпульс жыцця i барацьбы. Не, цяпер не хацелася памiраць! Я скочыў да дзвярэй: цi не iдзе хто? За шчыльнымi дзвярамi прыглушана стукала машынка. Цiха. Вярнуўся да стала i на нейкiм нямецкiм цыркуляры буйна напiсаў: "Гэта першы акт помсты за павешаных. Дрыжыце, каты! Смерць здраднiкам!" Выйшаўшы, зачынiў дзверы за сабой гэтак жа цiха i асцярожна, як i тады, калi заходзiў у кабiнет. Мура ўсмiхнулася мне: "Дамовiўся?" "Ага". "Да нас цi на ўчастак?" "Да вас. Да заўтра". "Да заўтра", - задаволена развiталася яна. Але ў доўгiм i пустым калiдоры з"явiлася жаданне пабегчы. Я ледзь стрымаў сябе. Дайшоў да лесвiцы, учапiўся рукой у поручнi i зноў-такi прымусiў сябе сысцi з другога паверха не спяшаючыся. Вартавы таксама спытаў: