Сэрца на далонi, частка 1
Сумна. Трэба неяк адкруцiцца ад гэтых вясталак. I раптам Славiк убачыў Тараса. Пазнаў цераз плошчу. Той стаяў на супынцы загарадных аўтобусаў збоку вялiкай чаргi. - Ша, лэдзi! Бачу аднаго прадстаўнiка будучага грамадства. Пайду раздабуду на сённяшнi дзень. Чакайце. Ён пашыбаваў цераз плошчу, не звяртаючы ўвагi на машыны. - Хэло, мiстэр Ганчароў, - шумна прывiтаўся Славiк. - Здароў, таварыш Шыковiч. - Тарас усмiхнуўся, як усмiхаюцца дарослыя, назiраючы забаўкi дзяцей. Калгаснiцы з чаргi зацiкаўлена i зняважлiва глядзелi на хлопца ў вузенькiх штонiках, стракатай кашулi, з матузкамi на шыi, сцягнутымi бляшкай. Славiк трохi сумеўся ад гэтых позiркаў. Недурны хлопец, ён адразу адчуў, што тут не месца для крыўляння i галёкання. Загаварыў проста, грубавата. Паказаў на турысцкi мяшок, што стаяў каля ног у Тараса. - Куды з такiм "гумном"? - Да сваiх. - Клапатлiвы сын паважаных бацькоў. Старая жанчына не вытрымала: - Па табе хлопчык, вiдаць, што ты такога "гумна" не павязеш сваiм бацькам. - Твайго Яраша возiць мой бохан на машыне. I яны не прыязджаюць пустымi. Па чарзе пракацiўся шэпт: "Яраша? Якога Яраша? Таго? Доктара? Сын? Каторы?" Славiк узяў Тараса пад руку, кiўком галавы запрашаючы адысцi. Тарас папрасiў жанчын папiльнаваць мяшок i чаргу. Не надта блiзка знаёмы яны. Калi пасябравалi сем"i, Тарас быў у армii. Вярнуўся - пайшоў на завод. Славiк у гэты час канчаў дзесяты клас. Толькi вось на дачы пазнаёмiлiся больш-менш. А таму Славiку пры ўсёй яго бесцырымоннасцi нялёгка было папрасiць грошай у гэтага спакойнага, старэйшага па ўзросту хлопца. Тарас дастаў пачак "Беламора", прапанаваў запалiць. - О, ты глядзi! Не ведаў, што сябры камбрыгад паляць. Ведаў. Усё ведаў. Але за жарцiкi лягчэй схаваць сваю збянтэжанасць. - А што мы, незямныя? - Тарас пстрыкнуў перад Славiкавым тварам запальнiчкай, даючы прыпалiць. - А скажы шчыра, сумна ў такой брыгадзе? - Дзiўныя ў цябе ўяўленнi, работнiк тэлестудыi. Чаму сумна? Сумна хораша працаваць? - Не жыве ж чалавек адной працай! А гэты рэгламент... Не выпi, не запалi, не вылайся, не прыцiснi дзяўчыну... Мы здымалi для хронiкi брыгаду на швейнай. Манахiнi. Далiбог. У кожным пакоi абавязацельствы вiсяць. Наведваць тэхвучобу, хадзiць у кiно, у музеi. У якiя музеi, калi ў нас адзiн, краязнаўчы? Чытаць газеты... Узорна прыбiраць у пакоi... Не хапала толькi - чысцiць зубы... Нудна! - Не ведаю, што там, на швейнай. А ў нас брыгада - што трэба. I адпачываем мы весялей за другiх. - Але ж выпiць - нi-нi? - Калi ёсць прычына... - Ну-у? Можна, значыцца? Прыма. А ў рэстаран можаш пайсцi? - А хiба ў рэстаране толькi п"юць? Можна паабедаць. - Генiяльная мысля! Культурна паабедаць! Ты ведаеш, я галодны, як дыназаўр. Ранiцай як напiўся чаю... Тарас сумеўся. Хацелася хутчэй да сваiх. За тыдзень ён засумаваў па Вiцю, Наташы, па бацьку, па Галiне Адамаўне. Яраша i цяпер, дарослы, Тарас клiкаў бацькам. Жонку яго як адмовiўся назваць мамай у першы дзень яе з"яўлення шаснаццаць год назад, так нiколi i не называў. Але любiў, як мацi. З гадамi мацней адчуваў удзячнасць, што яны выхавалi яго вось такiм... Вось такiм таварыскiм хлопцам, калектывiстам. Калi Слава сапраўды галодны, не можа ён, Тарас, маючы грошы, не накармiць яго. Праўда, чамусьцi той пачаў не з абеду, а з выпiўкi... Тарас ненавiдзеў гэтых васемнаццацiгадовых наведвальнiкаў рэстаранаў, што п"юць за бацькавы грошы. Але нiхто не казаў, што Слава такi. Ды i Шыковiч не такi, каб даваць волю i лiшнiя грошы. Можа, наадварот, празмерная строгасць бацькоў давяла, што ў сына няма на абед.