Сэрца на далонi, частка 1
У прыёмнай ужо чакалi людзi. Чалавек дзесяць. Гукан прывiтаўся. Яго адразу абкружылi. - Таварыш старшыня! - Сямён Парфёнавiч! - Таварыш Гукан! Ён спынiўся сярод пакоя, узвышаючыся над самым рослым з наведвальнiкаў. Зняў габардзiнавую кепку, выцер складзенай у чатыры столкi хусцiнкай лоб i шыю. Агледзеў прысутных, жадаючы адгадаць, хто з чым. - Чакайце. Можаце лiчыць мяне бюракратам, кiм хочаце, але давайце адразу высветлiм нашы ўзаемаадносiны. Заяўляю рашуча: па кватэрных пытаннях не прымаю. У пятнiцу прыёмны дзень, калi ласка, прашу. - Я два месяцы не магу трапiць да вас! - злосна крыкнула маладая жанчына ў простай сукенцы з бледным стомленым тварам. - Магло быць, - спакойна згадзiўся Гукан. - Справы i выезды двойчы сарвалi мне прыёмны дзень. Прымалi мае намеснiкi. - А я хачу да вас! - Нэла, - звярнуўся Гукан да сакратаркi, - была гэтая грамадзянка на прыёмах? Маленькая чорненькая Нэла заружавелася, нясмела i няўпэўнена адказала: - Была. - Запiшыце яе на пятнiцу першай на чаргу. - I ласкава звярнуўся да жанчыны: - Чакаю вас роўна ў дзевяць. Жанчына збянтэжылася. Старшыня добра ведаў вось такiх, раззлаваных, якiя iшлi з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, i ўмеў улагодзiць iх цi хаця б збiць ваяўнiчы запал. Жанчына пераключылася на Нэлу, каб тая не забылася запiсаць яе першай. - Вы, таварыш маёр, наконт дарогi? - Твар Гукана ўмiг пасуравеў, вочы зрабiлiся калючымi i глядзелi не на маёра, а мiма, як бы шукалi кагосьцi другога. - Дарогу мiма школы-iнтэрната закрываем. Вы хочаце, каб дзецi глыталi пыл i газы ад вашых машын? Не будзе! Вам далi праезд, прывядзiце яго ў парадак. - Мост. Гукан раздражнёна звярнуўся да ўсiх: - Мост цераз канаву - казе пераскочыць. Праблема, бачыце! Што ж мне дзяцей паслаць, каб збудавалi вам гэты мост? Пасаромелiся б гаварыць. Такая часць!.. Чалавекi два з наведвальнiкаў засмяялiся. - Таварыш Гукан! - Не рабiце сакрэтаў там, дзе iх няма. Увесь горад ведае вашу часць, дзе вы стаiце i кудой вы ездзiце. Усё! Ёсць рашэнне выканкома! Гукан крута павярнуўся да трэцяга наведвальнiка, iнтэлiгентнага чалавека ў акулярах. - Вы? - Я, уласна кажучы, таксама... - Дамовiлiся. У пятнiцу. - У вас што? - Я наконт iнтэрната... - Да Кушнера. Няхай дае прапановы. Гукан шукаў вачамi наведвальнiка, у якога магла б быць такая справа, каб усе зразумелi: так, гэта першачаргова i важна, мы можам i пачакаць. Яго позiрк спынiўся на зусiм маладым чалавеку, амаль юнаку, модна апранутым: светлы касцюм, карычневая сарочка, вузенькi гальштук. Ён стаяў збоку, слухаў размову старшынi гарсавета з наведвальнiкамi, i ў вачах яго, крыху блiзарукiх, прыжмураных, свяцiлася iранiчная ўсмешка. У такiх, што не лезуць назойлiва наперад, не заглядваюць лiслiва ў вочы i не вельмi нават дамагаюцца прыёму, - у iх бываюць самыя цiкавыя справы. - А вы, таварыш? - цераз галовы другiх звярнуўся да яго Гукан. - Я? - паказаў на сябе пальцам юнак i як бы здзiвiўся. - Я хачу прапанаваць новую планiроўку мiкрараёна на Выселках. - I ён падняў скрутак ватманскай паперы. - О! - узрадаваўся Гукан, у сваю чаргу паказаўшы пальцам на хлопца. - З гэтага мы i пачнем! Бо гэта на сённяшнi дзень самае галоўнае. Прашу вас. I наведвальнiкi моўчкi i пачцiва расступiлiся, вызвалiўшы старшыню са свайго кола i даючы дарогу да дзвярэй кабiнета маладому архiтэктару. У прыёмнай было ўжо душна. А ў кабiнеце - цудоўны вiльготны халадок; зачынiш за сабой дзверы i быццам трапляеш у другi свет. Вокны выходзiлi на паўночны бок, на цiхую вулiцу. Гукан кiўнуў на доўгi стол.