Сэрца на далонi, частка 1
Яна iграла наiўную дурную дзяўчынку. Але гестапаўцам не было калi слухаць яе балбатню. Старэйшы закамандаваў: "Пашукаць!" Яны зайшлi ў дом. Сабакi не пайшлi, бо iх цiкавiлi больш трусы, а не мой след. Ды i ад следу, як я пасля даведаўся, нiчога не засталося. Гэтая дзяўчынка зрабiла яшчэ адзiн надзiва хiтры ход: яна паспела працерцi ганак i падлогу ў калiдоры растворам фармалiну. З пакояў першага паверха далятаў да мяне гул галасоў, але слоў нельга было разабраць. Потым я пачуў iх крокi на лесвiцы. I яе голас: "Там жыве пан Грот. Але ён не пакiдае ключа. Ён не верыць, што я магу ўпiльнаваць дом. Вы можаце, безумоўна, паламаць дзверы. Вы падушылi яго трусiкаў. Але што скажа пан Грот? Ведаеце, давайце лепш я пазваню яму, няхай ён прывязе ключы. Ён хутка, у яго свая машына. Тады вы самi растлумачыце яму, што гэта вашы сабакi падушылi яго трусоў. Каб ён не думаў, што я не ўпiльнавала". "Ну i знайшоў сабе трашчотку гэты Грот", - сказаў адзiн гестапавец, нацiскаючы на ручку дзвярэй. Другi, недзе ўнiзе, засмяяўся: "А так яна нiчога. Маладзенькая. Ножкi стройныя". Вiдаць, глядзеў, нахабнiк, на яе ногi знiзу. Крокi пачалi спускацца, аддаляцца. I ўсё звiнеў яе галасок. Яна ўсё яшчэ нешта гаварыла пра свайго тату, пра пана Грота i пра трусоў. Я пачуў шум машыны. Потым падрабязны даклад аб пошуках нейкаму начальнiку. Магчыма, што гэта быў сам Бругер. Выслухаўшы, ён рэзюмаваў: "Iдыёты! Перавярнуць дагары ўвесь раён, але знайсцi гэтую сволач! Вось яго фатаграфiя". Працавалi яны аператыўна, нiчога не скажаш: менш як за гадзiну пасля здарэння была размножана мая фатаграфiя. Я чакаў: будуць яны "пераварочваць" дом Савiча цi не? Прызнаюся, у той мiг мне не хацелася страляць у iх нi з пiсталета, нi з аўтамата. Я разумеў, якую небяспеку наклiкаў бы ўзброеным супрацiўленнем на гэтую мiлую "трашчотку". Пры ўсёй суровасцi i бязлiтаснасцi таго дня мне да болю стала шкада яе. Ёй трэба жыць! Трэба жыць... каб прынесцi камусьцi многа радасцi. Нам пашанцавала: у дом яны больш не вярнулiся. Бругер верыў доктару Савiчу. "Пераварочвалi" суседнiя дамы. Праз некаторы час яна зайшла да мяне. Цiхенька адчынiла дзверы, моўчкi прайшла да канапы, зморана села, выцерла далоняй лоб. Але вочы яе блiшчалi радасна i ўзбуджана. "Ух, здаецца, мiнула. Як я баялася! Ох, каб вы ведалi, як я баялася. Цяпер я ведаю, што такое "душа ў пятках". Яна скiнула басаножку i памацала сваю пятку; гэта было наiўна i смешна, i яна сама засмяялася: "А хораша я вадзiла iх за нос. Вы чулi? З мяне магла б выйсцi актрыса. Да вайны я хадзiла ў драмстудыю пры клубе чыгуначнiкаў". I яна ўздыхнула, успомнiўшы той дарагi даваенны час. Я спытаў, як яе iмя. "Софа... Мама звала - Соня, а тата i цётка - Зося. Мама мая на дваццаць гадоў маладзей за тату, i яе забралi ў армiю, мама - хiрург. У нашу армiю, - з гонарам падкрэслiла дзяўчына i тут жа ўздыхнула. - А тата працуе ў немцаў. Парадокс. Праўда? Цёця Марына памерла два месяцы назад. Пасварылася з татам, а ў яе хворае сэрца. Тата вельмi перажывае цяпер. А што гэта я, тата, тата... А вы, можа, не ведаеце, хто мой тата... Гэта - доктар Савiч. Вы гараджанiн? У горадзе яго многiя ведаюць". Я адказаў, што ведаю Сцяпана Андрэевiча, ён вучыў мяне. Гэта яе проста ашаламiла. Яна падскочыла, наблiзiлася i пiльна ўгледзелася ў мой твар. "Божа мой! Цяпер я, здаецца, успамiнаю. Вы прыходзiлi да таты здаваць экзамены, калi яго аперыравалi з прычыны тромбафлебiту". I раптам стала задумлiва-сур"ёзнай. Спытала: