Сэрца на далонi, частка 1
- А ты хацеў бы, каб табе адвальвалi па тысячы. - Чаго я хацеў бы? - Славiк далiў Тарасаву чарку, налiў сабе, адрэзаў кавалак адбiўной. - Вып"ю за цябе. Ты шчаслiвы чалавек. У цябе многа жаданняў. - Выпiў. - А я... я нiчога не хачу. Адзiнае хiба - у космас куды-небудзь паляцець. - Туды дурняў не пускаюць. - Дзякую за даведку. Мне нават у iнстытут расхацелася. Якi ў мяне талент! А рамеснiкаў хапае без мяне. З людзей, якiх лiчаць таленавiтымi, я паважаю толькi двух - твайго прыёмнага i нашага сталяра дзядзьку Атроха. Яраш можа вытрыбушыць чалавека, i той застанецца жывы. Гэта нешта значыць. А што вунь мой татулька... Напускае на сябе скромнасць: адзiн сядзiць на перыферыi. А лiчыць сябе, безумоўна, лепшым за сталiчных. А я пачаў чытаць яго апошнюю аповесць i заснуў на семнаццатай старонцы. Калгас. Даяркi. Па-мойму, калi ты ўжо ўзяўся пiсаць, дык пiшы, як Рэмарк... - Па-твойму, вышэй за Рэмарка няма пiсьменнiкаў? - Ведаю. Ведаю. Талстой. Чэхаў... Колас. - Славiк узлаваўся чамусьцi. Яны набiлi мне аскомiну ў школе. - Ты ж нiколi iх сур"ёзна не чытаў. - А навошта? - Што ж цябе ў Рэмарка захапiла? Кальвадос? - Што? Але гэты юны нiгiлiст добра засвоiў галоўны сакрэт абароны. Успомнiўшы, што такое кальвадос, тыркнуў у Тарасавы грудзi пальцам: - Вось дзе ваша ханжаства. Самi чытаеце пад коўдрай... Глытаеце... Смакуеце... А потым робiце посныя фiзiяномii. "Рэмаркiзм заражае моладзь". Ты сур"ёзна думаеш, што я магу нечым заразiцца? Гэта ўжо было падобна на п"яны выклiк, i Тарас, замест адказу, паклiкаў афiцыянтку, каб разлiчыцца. - Закажы нашага кальвадоса, - прымiрэнча сказаў Славiк. - Не. Мне трэба ехаць. - Ну чорт з табой. Тарасу спадабалася такая падзяка за пачастунак, i ён весела засмяяўся. Усё-такi ён цiкавы хлопец, гэты Славiк. Але ў галаве яго - куча смецця. Наташка радасна крыкнула: - Мама! Тарас прыехаў! - кiнулася насустрач брату, павiсла на шыi, пацалавала. I адскочыла, здзiўленая. Нахмурылася. I тут жа выдала: - Мама! Тарас п"яны. - Што ты выдумала. Якi я п"яны? - Але выпiў. - Выпiў, - з вiнаватай усмешкай прызнаўся Тарас, вiтаючыся з жанчынамi. Галiна Адамаўна ласкава i дакорлiва пакiвала галавой: - Тарас! Валянцiна Андрэеўна, любуючыся хлопцам, сказала: - Што вы апякаеце яго, як маленькага? Ах, якi страх, чарку ўзяў рабочы чалавек! Мала якая прычына магла быць. - Я Славiка сустрэў. I ён зацягнуў мяне ў рэстаран. Усмешка знiкла з твару жанчыны. - Славiк зацягнуў? - I ў голасе яе прагучала недаверлiвасць. - Як магло здарыцца, што мой сын зацягнуў цябе, старэйшага на пяць год? - Сказаў, што галодны, з ранiцы нiчога не еў. А па-мойму, схлусiў. У рэстаране ён часты госць. Усiх афiцыянтак ведае. - Афiцыянтак? - Валянцiна Андрэеўна адразу змянiлася з твару. Не, не пабялела i не пачырванела. А неяк стала непадобнай на самую сябе, заўсёды добрую, вясёлую. Нешта жорсткае, калючае з"явiлася ў яе твары. Можа, адчуўшы гэта, яна вiнавата ўсмiхнулася, прыгладзiла валасы на скронях. Нiчога не стала распытваць. Сказала: - Адбiваецца хлопец ад рук. Трэба прасачыць. Яна была аб"ектыўны i разумны педагог. Але ў першую чаргу - мацi. Як педагог паверыла Тарасу. Як мацi адчула непрыязь да яго. Яна заўсёды любавалася прыёмным сынам Яраша, ставiла ў прыклад сваiм дзецям. А цяпер падумала: "Грубаваты хлопец, недалiкатны. Таварыскай салiдарнасцi не мае. Калi ўжо разам былi, прамаўчы". Несвядомы парыў мацярынскай душы: пачула дрэннае пра сына - хочацца, каб i на другiх былi плямы. Хутка Валянцiна Андрэеўна выдумала нейкую прычыну i пайшла ў хату.