Сэрца на далонi, частка 1
На гэты раз праскочыць непрыкметна не ўдалося: у прахадной затрымала калгаснiца з трохгадовым сынам. Хлопчыку пры нараджэннi няўмелая акушэрка вывiхнула ножкi. Яраш тут жа на лавачцы ў скверыку паглядзеў малога. - О, цераз паўгода будзе танцаваць! Маладая мацi залiлася слязамi ад шчасця. - Я напiшу вам запiску, каб Мiшу паклалi ў маё аддзяленне. Ах, шкада, што я адпусцiў машыну! - Ой, доктар, што вы! Я данясу. - Далёка. Горача. - Хiба нам прывыкаць! Абы выпрасталi яго ножкi. Сыночак, родненькi, скажы дзякуй. Хлопчык смела i вельмi сур"ёзна, як дарослы, сказаў: - Дзякуй, дзядзя. - О, ты, брат, герой! - Ён усё пытае: мама, цi буду i я бегаць, як Лёнька? Старэйшы наш. Будзеш, сыначка, будзеш бегаць! Яраш напiсаў запiску. I тут з"явiлася яна, Тамара Аляксандраўна. Падплыла па чорнай асфальтавай дарожцы, быццам статуя, уся асляпляльна белая: белыя басаножкi, белы халат, белыя валасы, твар нiбы вымыты малаком, толькi бровы ды вейкi крыху падчорнены ды нафарбаваны губы. Яна невысокая, сярэдне для сваiх год распаўнелая, пышнагрудая - па-свойму прыгожая. Многiм мужчынам яна падабалася. Гаецкая ведала гэта, i тым больш яе прыводзiла ў шаленства поўная няўвага таго, хто даўно падабаўся ёй. - Прафесар Яраш, што за прыватная кансультацыя? У маёй клiнiцы? Калгаснiца спалохалася белай доктаркi. - Сынок мой, доктарка. Ножкi ў яго... А тут сястра з нашай вёскi... Прыязджай, кажа, мы папросiм доктара... Яраш, нiчога не адказаўшы, пачаў тлумачыць жанчыне, як праехаць у iх бальнiцу. - Палажыце яго ў нас, - кiўнула на малога Тамара Аляксандраўна. - Дзякую, - адказаў Яраш. - Я хачу даць цiкавую аперацыю нашаму артапеду. Я сам буду асiсцiраваць яму... Гаецкая пры хворых заўсёды казала яму "прафесар" i рабiла гэта без iронii. Для простых людзей доктар - любы лекар, а Яраш - кандыдат навук, славуты хiрург, трэба ж неяк адрознiць яго ад звычайных лекараў. Ды i самой ёй было прыемна называць яго прафесарам, узвысiць над другiмi лекарамi. - А ты добрая сёння, - з iронiяй сказаў Яраш Тамары Аляксандраўне, калi калгаснiца, сто разоў падзякаваўшы, пайшла. - Я заўсёды добрая. - Яна расплылася ва ўсмешцы. Ярашу здалося, што гэтая цукровая жанчына вось-вось растане пад яркiмi праменнямi чэрвеньскага сонца. - Для сябе. Ты заўсёды добрая для сябе. А ведаеш, як называецца такая дабрыня? Яна перасмыкнула падфарбаванымi вуснамi, але змаўчала. Ведала: калi пачаць пiкiравацца, ён нагаворыць непрыемнасцей. Ласкава прапанавала: - Зайдзi да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькi што прынеслi сiфон. I сiроп ёсць. Ён пазбягаў заходзiць у яе кабiнет, але яму хацелася пiць, i ён ведаў, што для сябе гэтая жанчына ўмела стварыць камфорт. Яна пасадзiла яго ў мяккае крэсла каля пiсьмовага стала; крэсла было глыбокае, зручнае, а льняны чахол вiльготны i халаднаваты. Сама пайшла за цыратавую зялёную занавеску, што адгароджвала ўмывальнiк, i вярнулася з запацелым сiфонам, бутэлькай сiропу i шклянкамi. Яраш памацаў сiфон i свiснуў. Падняўся, заглянуў за занавеску, засмяяўся: - Быў я ў мiнiстра, у прэзiдэнта акадэмii. Усё бачыў, але халадзiльнiк у кабiнеце... Ты генiй, Тамара! - Ён часова ў мяне, у лабараторыi рамонт. Яна налiла ў шклянкi вады, пасля сiропу, памяшала лыжачкай, працягнула адну шклянку Ярашу. Блакiтныя вочы яе зрабiлiся вiшнёвымi, калi пачала пiць. Адпiвала маленькiмi глыткамi i не зводзiла позiрку з госця. Яраш не сеў, адышоў да акна i прагна выпiў халодную смачную ваду. Яна налiла яшчэ.