Сэрца на далонi, частка 1
Тарас перавёў позiрк з правага крыла вакзала, дзе размяшчаўся рэстаран, на чаргу. Славiк хмыкнуў. - Баiшся? - Чаго? - Убачыць хто з завода - распiшуць заўтра на ўсiх сценах... Закрычаць з трыбун. Брыгадзiр Тарас Ганчароў... - Глупства. - То чаму ты азiраешся? Баiшся зайсцi ў рэстаран, каб паабедаць за сумленна запрацаваныя грошы? Ох, жыццё! Тарас добра разумеў, што Славiк знарок падбiвае яго, цешыўся з такой наiўнасцi i дараваў: на якiя хiтрыкi не iдзе галодны чалавек! - Прапушчу чаргу, калi я потым дабяруся да сваiх? - У гэты аўтобус ты ўсё адно не ўваб"ешся. А ўлезеш - патрушчаць рэбры. - Ну добра. Пайшлi. Тарас вярнуўся да чаргi, узяў свой рукзак. Але ўжо праз хвiлiну пашкадаваў, што згадзiўся. Слава не пайшоў проста да рэстарана, а павярнуў да клуба. Наблiзiўшыся, спытаў: - Бачыш, стаяць? Шык! Мае знаёмыя. Возьмем? Крыклiва апранутыя дзяўчаты не спадабалiся Тарасу, хоць да любога адзення ён ставiўся даволi прымiрэнча. Слова вырвалася само, можа, не зусiм нават тое, якое патрэбна было сказаць: - Вульгарныя. Славiк засмяяўся i, не дайшоўшы да дзяўчат, крыкнуў iм: - Лэдзi! Тарас кажа, што вы вульгарныя. Гуд бай! - i павярнуў у бок вакзала. - Хамло твой Тарас! I ты разам з iм! - крыкнула адна з дзяўчат. Кроў ударыла ў галаву так, што зазвiнела ў вушах. Тарас пачырванеў, потым пабялеў. Нiколi ён не паводзiў сябе так з дзяўчатамi. I нiколi не трапляў у такое скандальнае становiшча. Здавалася, уся плошча глядзiць на iх. Мiлiцыянер падыдзе зараз... Спытае... Варта паслаць да д"ябла гэтага бессаромнага шчанюка з яго рэстаранам!.. Але яшчэ i гэты крыкне што ўслед. А як вярнуцца цяпер у чаргу? Акрамя ўсяго, нечым ён прыцягвае да сябе, гэты Славiк. Хочацца пазнаць яго лепш. Вось як ён спакойна нейтралiзаваў выкрык дзяўчыны: - Мяшчанкi. Адкуль выплывае столькi дрэнi? "Але навошта ты водзiшся з гэтай дрэнню?" Тарас iшоў злосны i зацiкаўлены. Селi за столiк каля акна. На першым пуцi стаяў дальнi цягнiк. На пероне бегатня, крыкi. Каля буфетаў тоўпiлiся пасажыры. А сталы пустыя. Славiк грэблiва змахнуў крошкi, завярнуў рог запэцканага абруса. - Думаеш, тут можна культурна паабедаць? Шыш. Тут, у рэстаране, ён пераўтварыўся: стаў сур"ёзны i паважны. Кiўком пальца паклiкаў афiцыянтку i, пакуль тая без спеху падыходзiла, разгарнуў цяжкую, зашмальцаваную, з пабляклым золатам лiтар дэрмацiнавую вокладку, у якой быў укладзены адзiн лiсток меню. - Пачнём, Валя... Дзяўчына, выцягнуўшы кнiжачку i агрызак карандаша, перасмыкнулася:. - Усiм вам снiцца Валя. - Ах, Марынка? Прабач, Марына. - Усмешка i тут жа суровасць. - Пачнём, Марына, з таго, што... заменiм абрус! Што гэта за ануча? Сорам. Рэстаран называецца. Май на ўвазе, гэта - Тарас Ганчароў. Дзяўчына глянула на Тараса i паслухмяна пачала збiраць са стала келiхi i шклянкi. Тараса абурыў тон, якiм Славiк размаўляў з ёй. "Скажы, калi ласка, якi Сцiва Аблонскi! А пры чым тут маё iмя? Не, не таму, што галодны, цягнуў ты ў рэстаран. Парысавацца захацеў. Здзiвiць мяне. Хлапчук". Калi дзяўчына пабегла па чысты абрус, ён сказаў узлавана: - Слухай. Калi ты будзеш вось так, я пайду. Не люблю гэтых рэстаранных конiкаў. - А што? - здавалася, зусiм шчыра здзiвiўся Славiк. - Няхай думае, што ты чэмпiён. Яны любяць чэмпiёнаў. Лепш абслужыць. Ён вывучаў меню. Моршчыўся, круцiў галавой. - Адна свiнiна ды рыбныя кансервы. - А табе вустрыц захацелася? Славiк зразумеў iронiю, i яму не спадабалася яна. Блiснуў вачамi. - Хаця б чалавечага мяса. - I засмяяўся са свайго недарэчнага жарту. Вустрыцы! Гурка свежага няма. А на рынку iх поўна ўжо.