Сэрца на далонi, частка 1
- Чым, iнжынер чалавечых душ, думаеш парадаваць у блiжэйшы час? Кiрыла не любiў нi гэтага звароту, якi замусолiлi да агiднасцi, нi гэтага шаблоннага пытання. Але адчуў, што Гукан мiмаволi зрабiў добрую зачэпку для размовы, дзеля якой i запрашаў яго. - Хачу вярнуцца да падполля. - Ён знарок не паварочваўся, але ўсё адно адчуваў на сабе доўгi пiльны позiрк старшынi гарсавета. - Зноў вайна. Шаснаццаць год будуем. Гарады вунь якiя збудавалi. Дзецi выраслi, што нарадзiлiся пасля вайны. Глянеш навокал - дух займае. Вось-вось савецкi чалавек на Месяц ступiць. А ваш брат усё ваюе. Назад, браткi, глядзiце. Не ўмееце глядзець наперад! - Справядлiвы папрок, Сямён Парфёнавiч! - бадзёра падтрымаў Шыковiч. - Але кожны пiша пра тое, што яго хвалюе. - Раман? - спытаў Гукан пасля доўгага маўчання. - Дакументальная аповесць. - Дакументальная? Пiсана-перапiсана... - Не так ужо многа, Сямён Парфёнавiч. Пра наш горад адна ваша кнiга. Ды i колькi там пра падполле! Мiмаходзь. Я хачу заглянуць глыбей... Разабрацца... - Разбiраўся гарком. - Правiльна. Але мне, напрыклад, шмат што няясна. Асаблiва ў першым перыядзе. Да таго ж згадзiцеся, што цяпер мы на многiя рэчы глядзiм другiмi вачамi. - Хочаш, значыцца, прарэвiзаваць рашэнне гаркома. - Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з iронiяй у голасе, у якой бадай што прагучала пагроза. Шыковiч каўзануўся па траве i моцна ляснуў вудзiльнам па вадзе. Ён зразумеў, што Гукан не адступiць нi ад аднаго сказа, палажэння сваёй кнiгi, напiсанай яго, Кiрылавай, рукой. Апанавала злосць. "Чаму ты так упарта трымаешся за тое, супраць чаго выступаюць многiя? Чаму ты лiчыш, што адзiн ты сказаў iсцiну ў апошняй iнстанцыi? Рашэнне гаркома!.. Ты быў сакратаром i рыхтаваў гэтае рашэнне, паўтарыўшы тое, што раней напiсаў у кнiзе. А людзi - удзельнiкi - пратэстуюць!.." Кiрыла аберуч сцiснуў вудзiльна, быццам яно магло зацягнуць яго немаведама куды. Ён баяўся, як бы не выбухнула гэтая злосць. Разумеў, што сварыцца цяпер з Гуканам неразумна i недарэчна. Памог яму саўладаць са сваiмi пачуццямi сам Гукан. Той падняўся на ногi, зноў нахiлiўся над ракой, i збоку здавалася, што, акрамя паплаўкоў i рыбы, нiчога больш не хвалюе i не цiкавiць яго. Кiрыла агледзеў доўгую постаць, спакойны аскетычны твар i, адчуваючы, што патухае агонь, нязлосна вылаяўся ў думках: "Актор, чортава жардзiна! Я дорага заплацiў бы, каб даведацца, пра што ты думаеш". Яны доўга маўчалi. Нарэшце, чапляючы новага чарвяка, Гукан сказаў: - Гэта цябе Яраш падбiвае на падполле? Раю не вельмi давяраць яму. Анархiст. - Яраш - анархiст? - Кiрылу стала чамусьцi весела. - Больш дысцыплiнаванага чалавека я не ведаю. - Розная бывае дысцыплiна. Безумоўна, ён выконваў адказныя заданнi. Але гэта была, так сказаць, не галоўная лiнiя нашай барацьбы. I яго трымалi ўбаку. Таму ў яго склалася дзiўнае ўяўленне аб падполлi. У нашай кнiзе, канешне, не ўсе факты i людзi названы... Але я i не ставiў такой мэты... "Кнiга наша, а мэта твая", - засек у думках Кiрыла. - Мы далi агульную ацэнку... А Яраш хацеў перакрэслiць усё, бо не назвалi яго... Помнiш яго пiсьмо?.. Шыковiч успомнiў сваё першае знаёмства з Ярашам, як, атрымаўшы пiсьмо, знайшоў маладога лекара. I той расказваў пра сваiх сяброў-падпольшчыкаў з болем, з крыўдай. Не, Яраш пiсаў тады не з-за сябе! У гэтым Кiрыла цвёрда пераканаўся. Але мае рацыю i Гукан: у Яраша ў той час сапраўды было блытанае ўяўленне аб агульнай карцiне падпольнай барацьбы ў горадзе.