Сэрца на далонi, частка 1
На гарышчы быў паўзмрок. Але Савiч адразу пазнаў мяне. "Антон Яраш?" Цудоўная памяць! "Чакай. Чакай. Высокi. Бландзiн. Дык гэта ты - Лучынскага? - хваравiта гэтак зморшчыўся. - Непрыгожы акт". Мяне ўзарвала:. "А вешаць людзей на плошчы - прыгожы акт? А што варты нейкi халуй у параўнаннi з тымi людзьмi?!" "Цiшэй ты! Гром! - прашаптаў ён. - Не аднаго сябе ставiш пад удар. Не забывай". Я адразу прыкусiў язык. Ён сеў на матрац, памацаў сухой далоняй мой лоб. "Паранены? Зося бiнты цягае". "Паранены", - прызнаўся я. "Пакажы". Разбiнтаваў. Агледзеў рану. "Хто аперыраваў?" "Сам. З дапамогай Зосi". "Агiдная дзяўчынка! Труса забiць не можа. Крывi баiцца. Ну што ж... Гангрэны няма. Праз тыдзень будзеш танцаваць. Калi-небудзь станеш добрым хiрургам". У той мiг я адчуў да яго сiмпатыю. Не, чорт вазьмi, усё-такi гэта яшчэ той Савiч, якога я ведаў! I ў мяне мiмаволi вырвалася: "Дзякую, Сцяпан Андрэевiч!" "Няма завошта мне дзякаваць, - незадаволена прабурчаў ён. - Зосi дзякуй". I, памаўчаўшы, сказаў сурова, выцiснуўшы па адным слове: "Ты вось што... Ляжы... тут... Цiха ляжы... Але крый божа... кранеш... Зосю..." Я не адразу нават зразумеў, што значыцца "кранеш". А зразумеў - задыхнуўся ад абразы i абурэння: "Што ж, я, па-вашаму, фашыст?" Ён паляпаў мяне па шчацэ. "Ну, ну... Не крыўдуй. Я сам некалi малады быў". "Маладосць ад маладосцi рознiцца". Савiч стоена ўздыхнуў: "Але... Цяжкая ў вас маладосць. Ну, будзь здароў. I будзьце асцярожныя..." I пайшоў. Яшчэ больш, здавалася, згорбiўся. А праз колькi хвiлiн з"явiлася Зося. Шчаслiвая, але ў слязах. Кiнулася ў парыве да мяне, абняла, пацалавала. "Вiктар, даражэнькi, ты ведаеш... - Зноў на "ты", як у тую, першую, ноч. Ты ведаеш... Ён нiчога не сказаў. Прытулiў мяне да сябе... Пацалаваў. I заплакаў. Тата заплакаў. Божа мой! I толькi ўвесь час паўтараў: "Будзьце асцярожныя! Будзьце асцярожныя!" Яны не прыкмецiлi, як развiднела. Быў канец чэрвеня, самая кароткая ноч. Прачыналiся птушкi, напаўнялi гоманам лес. А два чалавекi жылi ў мiнулым, у iншай ночы, далёкай i страшнай. Толькi калi над дубамi са свiстам праляцелi дзве качкi, гучна шлёпнулiся ў старыцу i кракнулi, Яраш, перапынiўшы расказ, падняў галаву. Здзiвiўся: - Ранiца? Ну вось, па сутнасцi, усё, што мне хацелася расказаць табе. Пра ўсё iншае як-небудзь пасля. Шыковiч маўчаў - пераварваў тое, што пачуў. Гатовы сюжэт. Гатовыя вобразы. Але спачатку трэба выяснiць, хто ж такi Савiч. Стомлены Яраш сядзеў на лавачцы i слухаў ранiцу. Нарэшце Шыковiч адчуў, што яму холадна на зямлi. Самлелi нага i рука. Падняўся, пацягнуўся. - Ну, брат, даў ты харч майму склератычнаму мозгу. Але скажы шчыра, Антон, чаму ты расказаў усё гэта? Маўчаў, маўчаў i раптам - бух, адразу, у адну ноч... Сярод ночы... - Чаму я расказаў? - Яраш як бы задумаўся на хвiлiну. - Учора я спаткаў Зосю. - Савiч?! - Кiрыла пераскочыў вогнiшча. - Дзе? Чакай. Ты ж казаў, што дачка Савiча загiнула. - Так я думаў семнаццаць год. - Ну i ну! Дзе ты яе спаткаў? - У бальнiцы. - Хворая? Чакай. Калi хавалi Савiча? - У маi сорак трэцяга. - З верасня да мая яна павiнна была даведацца, хто ж яе бацька. Трэба распытаць яе. - Нiякiх роспытаў. Да аперацыi. Я буду аперыраваць яе. Набыты парок... - Сэрца? - Кiрыла свiснуў. - А раптам зарэжаш? Яраш уздрыгнуў i адказаў жорстка, злосна: - Дурань! Я нiкога не рэжу. Я лячу. - I, напэўна, адчуўшы, што сказаў груба, прапанаваў па-сяброўску цёпла: - Хадзем на луг. Сустрэнем сонца. Славiк Шыковiч стаяў на прывакзальнай плошчы з дзвюма дзяўчынамi, размаляванымi пад кiнаактрыс: стракатыя спаднiчкi-парасоны, адмыслова вымеражаваныя кофтачкi, прычоскi "я ў мамы дурачка". Абедзве рудзенькiя, вымытыя хной. Славiк круцiў у руках ланцужок з ключамi ад аўтамашыны i нешта расказваў, але не вельмi вясёлае. Хiхiкала i то, вiдаць, больш з ветлiвасцi адна дзяўчына. Другая пазяхала i зiркала ў бакi: шукала некага другога. Славiк адчуваў, што крынiца яго дасцiпнасцi высыхае, i злаваўся. Было душна i сумна. Хацелася пайсцi ў рэстаран. Але грошай - нi капейкi. Нават не было на аўтобус, каб паехаць на дачу да бацькоў. Ды i сумна там, на дачы. Усе захапляюцца: "Ах, якi лес! Якi луг! Рака!" А яму сумна. Ну, добра, у рацэ можна пакупацца. А далей што? Злосны ён на бацькоў. Сёння асаблiва. Збудавалi дачу, напiхалi панчоху грошай... А ён працуе i мусiць харчавацца ў рабочай сталоўцы. Крыўдна, што i мацi цяпер ва ўсiм згаджаецца з бацькам. Нiчым яе не разжаласцiш.