Сэрца на далонi, частка 1
Але пры ўсёй сяброўскай блiзкасцi ён не адважваўся што-небудзь сказаць, няхай i жартам, з гэтай прычыны, адчуваючы, што Антона па-сапраўднаму нешта ўсхвалявала. Каб перапынiць паўзу, Шыковiч сказаў: - Зямля дыша цеплынёй. Лажыся. Не шкадуй касцюма. Яраш абышоў вогнiшча i лёг з другога боку. Разам з дымам кастра патхнула добрай папяросай. I яму таксама захацелася запалiць. Ён кiнуў палiць год шэсць таму. Толькi пасля цяжкiх аперацый яго цягнула запалiць. А так - не. А тут раптам ажно засмактала ў грудзях, перасохла ў роце. Але ён напружыў волю i не папрасiў у Шыковiча папяросы. Каўтнуў горкую слiну. - Днi праз тры цётка Люба паведамiла мне, што Павел арыштаваны. Каб ты ведаў, што я перажыў. Якi боль! I страх. I разгубленасць. Не было Паўла. У каго спытаць парады, што рабiць? Гестапа лёгка можа дакапацца, што мы трымалi сувязь. Уцякаць? Але ўцячы - гэта, напэўна, выдаць сябе. I тады ўжо не будзе нiякай магчымасцi выканаць заданне гаркома. I Паўлаву просьбу. Дзе Тарасiк? Што з iм? Цётка Люба паведамiла мне пра арышт на рынку, калi я купляў у яе пiражкi. Аглушаны, спалоханы (мне не сорамна прызнацца - дрогнула сэрца, чаго там таiцца), я не паспеў спытаць пра Кацю, Тарасiка. Ды i нельга было гутарыць доўга. Якая можа быць гаворка памiж гандляркай i пакупнiком! Навокал шпiкi. Пасля дзяжурства я пайшоў да цёткi Любы на кватэру. Яна спалохалася: "У суседнiм доме засада. Арыштаваны стары рабочы друкарнi i яго жонка". Люба праслязiлася, гэтая "жанчына-камень", як мы называлi яе. Скардзiцца: "Я два гады з суседкай не размаўляла. Яна маiх курэй атруцiла. Жылi як ворагi. I не ведалi, што адну справу робiм. Божа мой. Можа, на смерць людзей павезлi. Што яны падумаюць пра мяне? I цяпер... Цяжкая мая доля... Жандара-фрыца i "бобiка", што сядзяць там, я самагонкай пачаставала, пiражкамi. Каб другiмi вачамi глядзелi на мой дом. Але як затое зiрнула на мяне суседка з таго боку! Чаго добрага, падумаюць людзi, што гэта я выдала Рамана Цiханавiча". Скажу табе, страшная рэч у такiх абставiнах - падазронасць. Мне i цяпер сорамна, што я падумаў у той мiг: "А можа, праўда гэтая гандлярка правакатарка?" Цётка Люба нiбы пачула мой душэўны шэпт, бо адразу высушыла вочы. Выставiла на стол пляшку. Я спытаў пра Паўлаву сям"ю. "Кацю арыштавалi разам з братам. Куды дзяваўся хлопчык, невядома. У кватэры наш чалавек быў - няма. Там усё разрабавана. Заўтра суседзяў абыдзем. Няўжо i дзiця забралi, iрады?" Жанчына сказала гэтыя словы так, што знiкла мая падазронасць. Не, такая жанчына нiколi не здрадзiць! Нi мужу, нi дому, нi справе. Нi тым больш Айчыне. Магчыма, з-за пошукаў дзiцяцi i новых сувязей я не спяшаўся з выкананнем задання. Бо ведаў: пасля такой акцыi, калi застануся жывым, мне прыйдзецца пакiнуць горад. Як жа я знайду Паўлавага сына? Безумоўна, былi i другiя прычыны. Не было з кiм параiцца. Не трапляў зручны выпадак. А пасля Лучынскi некуды паехаў. Казалi - у Варшаву. Вопыт пераймаць, цi што. Знiк i Лотке. Хiндэль сказаў, што ў механiка захварэла мацi i ён паехаў на пабыўку ў Нямеччыну. Але днi праз два адзiн з пажарнiкаў убачыў Лотке каля казармы зондэркаманды, што размяшчалася ў Бярозках, дзе цяпер туберкулёзная бальнiца. Ясна: агент выконваў iншае заданне. У горадзе iшлi арышты. Мне нiяк не ўдавалася звязацца з кiм-небудзь з кiраўнiкоў падполля, сябрамi гаркома. Настрой у мяне быў цяжкi, жахлiвы. Я зразумеў, што пры ўсёй незвычайнасцi заданняў, якiя мне давялося выконваць, падпольшчык я малавопытны i слаба загартаваны. Маладому, самаўпэўненаму, мне адзiн час здавалася, што я ўсё магу, што я ледзь не галоўная фiгура ў падполлi. Цяпер жа разумеў: усё, што я зрабiў, гэта заслуга тых, хто нябачна, асцярожна i мудра кiраваў дзейнасцю такiх, як я. I тое, што я на волi, таксама iх заслуга, хоць самi яны, магчыма, у кiпцюрах гестапа.