Сэрца на далонi, частка 1
Скончыўшы размову, Гукан задаволена пацёр рукi, падышоў да акна, зноў палюбаваўся на свой каштан. Ужо i праз густое лiсце ў кабiнет дыхаў спякотны летнi дзень. Яраш сядзеў у ардынатарскай i палiў. Ён стамiўся. Тры гадзiны каля аперацыйнага стала. Дзве цяжкiя аперацыi. Асаблiва стамiла апошняя - на дзiцяцi. Аперацыi на дзецях заўсёды стамлялi яго. Колькi год практыкi, слава лепшага хiрурга вобласцi, а хваляваўся ён сёння, як студэнт. Попел ад папяросы ўпаў на халат. I адразу ж спрытная рука нячутна падставiла попельнiцу. Яраш падняў галаву i з удзячнасцю зiрнуў на аперацыйную сястру. Ён ведаў, што гэтая дзяўчына ўлюбёна ў яго. I ён таксама любiў яе: Маша, нягледзячы на сваю маладосць, была лепшай аперацыйнай сястрой з усiх, з якiмi яму даводзiлася калi-небудзь працаваць. Яна разумела не толькi кожнае яго слова, але кожны рух, жэст. Варухнулася яго левае брыво - i яна ведала, якi iнструмент трэба падаць. Збеглiся зморшчынкi на пераносiцы - i Маша папраўляла асiстэнта. Яна ўмела так прамакнуць пот на яго лбе i вiсках, што нi на секунду, нi на мiг не адрывала ад хворага, не перашкаджала аперацыi. Яна ўсё ўмела i ўсё ведала. "Залатая сястра", - сказаў неяк Яраш. Лекары прынялi гэта як жарт: Маша была рыжая, i не проста рыжая, а ўся агнiста-чырвоная. Чырвоныя косы, бровы, нейкiя залацiстыя рудзiнкi абсыпалi нос, шчокi, рукi. Тады Ярашу стала шкада яе. Яму заўсёды было шкада непрыгожых жанчын. I ён больш нiколi не казаў "залатая сястра", нават завочна. У добрым настроi ён казаў пра яе: "Мой хiрургiчны генiй". Маша скiнула касынку i гэтак жа спрытна, умела, як i працавала, папраўляла валасы. I раптам Яраш убачыў, упершыню за два гады, што яна прыгожая. Стройная, высокая; капа яе валасоў на фоне акна гарэла, як жар. З узнятымi рукамi яна як бы цягнулася ўгору, i здавалася, вось-вось узнiмецца i паляцiць на нейкую iншую планету, з якой яна i з"явiлася, гэтая дзiвосная жанчына. У доктара ў апошнiя гады частая з"ява - такiя вось нечаканыя адкрыццi прыгожага. Так, напрыклад, зусiм нядаўна ён адкрыў хараство васiльеўскага "Мокрага лугу", якi раней бачыў многа разоў i нiяк не мог зразумець, чым карцiна адрознiваецца ад звычайных падобных пейзажаў, якiя пiшуць iх абласныя мастакi. Яшчэ раней ён гэтак жа адкрыў "Вiшнёвы сад". У маладосцi некалi не даседзеў на спектаклi да канца. Маша ўбачыла, адчула, што ён глядзiць на яе, як на жанчыну, i ўся ўстрапянулася, спалоханая i ўзрадаваная. Так i застыла з паднятымi рукамi. Не, яна не проста была ўлюбёна ў гэтага дужага, разумнага, таленавiтага чалавека. Яна кахала яго, глыбока, тайна, безнадзейна. I вось наступiў момант, можа, адзiны i непаўторны, калi i ён пачуў токi гэтага кахання. Позiркi iх сустрэлiся. У Машы спынiлася сэрца. Яраш адчуў адказнасць за кожны свой рух у гэты мiг. Ён умеў валодаць сваiмi пачуццямi. Патушыў недакураную папяросу (палiў ён цяпер толькi пасля цяжкiх аперацый), адкiнуўся на спiнку канапы i сказаў проста, даверлiва: - Стамiўся я, Маша... Яна выдыхнула паветра, апусцiла рукi i... зрабiлася зямной. Але што гэта? Вочы... Яе залатыя вочы раптам адплылi некуды, на iх месцы закалыхалiся зялёныя хвалi мора. Ён нiколi не бачыў у яе праяў сентыментальнасцi, яна заўсёды была строгая i маласлоўная. Што ж яе кранула так? Радасць душэўнай блiзасцi? Цi крушэнне апошняй надзеi? Ён падняўся, падышоў, лёгка абняў за плечы - так ён рабiў часта, гэткi амаль несвядомы сяброўска-паблажлiвы жэст старэйшага - i пачуў, як дробна дрыжаць яе плечы. Ён сказаў: