Сэрца на далонi, частка 1
Карацей кажучы, калi месяцы праз тры Павел прапанаваў мне работу чыстую у пажарнай, я не вельмi каб узрадаваўся. Але гарком вырашыў (так перадаў Павел) "наблiзiць мяне да палiцыi", i я пайшоў на гэтае "зблiжэнне". Я салдат. Новая работа не спадабалася з першых дзён. Не сама работа. А гэты Лотке, наш маўклiвы механiк. Я раскусiў яго адразу, адчуў хiтрага ворага i ўпачатку занерваваўся. За цэлы год мне нiдзе яшчэ не прыйшлося працаваць пад штодзённым наглядам агента гестапа. Я выказаў сваю трывогу Паўлу. Ён усмiхнуўся i адказаў: "Я думаў, у цябе больш вопыту. Усе мы так працуем. Думаеш, мне ва ўправе лягчэй? Дакажы яму сваю лаяльнасць". I я па сваёй маладосцi, не вельмi разумнай смеласцi пачаў азартную гульню: давесцi, каб Лотке самавыкрыўся. Я адзiн з усяе каманды не баяўся Лотке. Лаяў у яго прысутнасцi, называў "нямецкiм казлом", казаў, што механiк з яго, як з г... куля. Ён рабiў выгляд, што нiчога не разумее. Але калi гэты ж паскудны Гвоздзiк, дробны шпiёнчык, перадаў яму праз Хiндэля, як я лаюся, Лотке зрэагаваў. Неяк пастукаў пальцам па лбе i сказаў лагодна: "Вялiкая i дурная галава. Ты можаш лаяць мяне, але калi ты будзеш абражаць нямецкую нацыю, - вочы яго пры гэтым нядобра блiснулi, - ты пазнаеш яе сiлу". Хiндэль пераклаў i ад сябе злосна папярэдзiў: "Калi ты не заткнеш свой дзiравы шланг, я заткну яго сам. Так заткну, што ты да смерцi не пырснеш". Тады я пайшоў на "прымiрэнне": запрасiў Лотке выпiць з намi (хлопцы раздабылi спiрту). Але механiк ветлiва адмовiўся, памацаўшы свой худы жывот: "Кранк". "Ну i хрэн з табой. Нам больш застанецца", - сказаў я. Ён запытаў у перакладчыцы, што я сказаў. Яна пераклала: "Клешч сказаў, што вельмi шкада, што пан механiк не можа з iмi выпiць чарку вiна". Гэтае няшчаснае дзяўчо баялася аднолькава i Лотке i нас. Перакладала яна архiдрэнна, але ганарылася сваiм веданнем нямецкай мовы. Я падумаў: як бы яна здзiвiлася, каб раптам я пачаў рэзаць па-нямецку ў дзесяць разоў лепш за яе цi Лотке гэтак жа па-расейску. Мяне забаўляла такая гульня. Лотке пацмокаў i пацвердзiў: "Але, шкада. Я таксама шкадую". Актор быў, падла. Адна акалiчнасць бянтэжыла мяне: нi разу я не ўбачыў, каб Лотке шпiёнiў за мной у нерабочы час. Ён вось так нечакана з"яўляўся ў дзяжурцы, на вышцы, хадзiў па пятах у часе пажараў. Але нi разу не вынырнуў на нашай ускраiне, дзе я кватараваў, не трапiў на вочы ў другiм месцы. У мяне нават часам узнiкала думка: а цi не перабольшаны мае падазрэннi? Аднак на сустрэчу з Паўлам у той вечар я не пайшоў. Па дарозе дадому заглянуў каля Сеннага рынку да вядомай спекулянткi самагонам i... "напiўся". Выпiў адну шклянку, а iшоў далей i... мераў вулiцу, заводзiў гутаркi з хлапчукамi. Гаспадыня мая, добрая i цiхая мяшчанка, з тых, што ўсё жыццё жывуць з гароду. Ёй тады было год сорак, ужо сын служыў у армii... Але жанчына ёсць жанчына... Яна кахала мяне, i ёй вельмi хацелася прыручыць назаўсёды такога хлопца. Хто я ў сапраўднасцi, яна, безумоўна, не ведала, але гатова была за мяне каму хочаш выдрапаць вочы. Даглядала i асцерагала, як малога. Гэта была адзiная жанчына, з якой я жыў да таго, як ажанiўся. Можаш паверыць? Яраш звярнуўся з пытаннем, i Шыковiч парушыў сваё абяцанне маўчаць, адказаў з уласцiвай яму жартаўлiвай лёгкасцю: - Ты ў гэтым перада мною не апраўдвайся. Перад Галяй апраўдвайся. - Перад Галяй, - задумлiва паўтарыў Яраш i змоўк. Яму зноў зрабiлася балюча i прыкра. Прыгадалася недарэчная сцэна рэўнасцi. I, бадай, нiколi ён яшчэ не думаў пра сваю жонку так жорстка i непачцiва, як падумаў у тую хвiлiну. Вось яна спiць, заспакоеная i задаволеная. А ён не можа заснуць.