Сэрца на далонi, частка 1
- Ляцяць! - Дзе?! Дзе? - затупаў па даху Яраш, ажно задрыжаў увесь дом, выхапiў у сына бiнокль, радасна загудзеў: - Ага, ляцяць! Вяртаюцца. А што я вам казаў? Малаверы! - папракаў ён немаведама каго, бо нiхто нiчога не казаў, калi не лiчыць кароткай Iрынай заўвагi. Чарада галубоў пранеслася над соснамi, нiзка абляцела вакол дома, памкнулася на вышкi, дзе была галубятня, i, спуджаная Ярашавым свiстам, зноў узвiлася ўгару. Галiна Адамаўна, па-дзявочы стройная, млява пацягнулася, закiнуўшы голыя рукi за галаву. - А хораша тут. Я даўно так не адпачывала. - Хораша, калi гасцей няма. Кожны дзень госцi. Абрыдла. Кiрыла бясконца каго-небудзь запрашае. Яму сумна без гасцей. А мне гатуй ды талеркi мый цэлы дзень. Антон! - гукнула Валянцiна Андрэеўна Яраша. - Рыбу лавiць пойдзем? У Галiны зноў загарэлiся шчокi. Яна баялася гэтых паходаў мужа i суседкi з вудамi да ракi, дзе густыя лугавыя зараснiкi, хоць яны яшчэ нiколi не заставалiся там адзiн на адзiн, з iмi заўсёды iшлi або Вiця, або Наташа, або Iра, цi часцей усе трое. Сама яна знарок не хадзiла, каб не падумалi, што не давярае цi пiльнуе. Не, ёй вельмi i шчыра хацелася быць такой, як муж, - ён ва ўсiм верыць ёй, як Шыковiч, абыякавы да таго, куды i з кiм iдзе яго жонка, як Валянцiна. Хочацца... Але яна не можа. Яна пакутуе. I, магчыма, не столькi ад самой рэўнасцi, колькi ад сораму за яе i за сябе, што яна вось такая - не як другiя. Але каб ён быў не такi, яе Антон. Можа, тысячны раз яна палюбавалася яго асiлкавай постаццю, што ўся iмкнецца ў неба за галубамi, яго дужымi голымi рукамi, шырокiм i мужным тварам, валасамi каштанавага колеру... Яна не ведае больш прыгожых валасоў. Дурнi тыя, хто кажа, што доктар Яраш трохi рудаваты. Каб яны прыгледзелiся блiжэй, каб маглi пагладзiць гэтыя мяккiя валасы, пачуць, як яны пахнуць, прытулiць гэтую разумную галаву да грудзей... Вось так... Яна мысленна абняла мужа. I тут жа адчула пякучы боль ад думкi, што калi-небудзь другая, чужая жанчына абнiмала яго. Закружылася галава. Як праз сон да яе даляталi словы суседкi: - Ранiцай пытаю: "Прызнайся, Кiрыла, каго на сёння запрасiў?" - "Нiкога", - кажа. А па вачах бачу, што манiць. Уцяку на луг на цэлы дзень. Няхай сам частуе... Што з табой, Галя? Ты нездарова? - Не. Нiчога. - Галiна Адамаўна бадзёра падхапiлася i засмяялася, але смех гэты гучаў дзiўна. Яраш адарваўся ад галубоў, глянуў унiз на жонку. - Галка! Што здарылася? - Нiчога. Вунь хто падбiраецца да вашых галубоў, - яна паказала ў неба над лугам. Там, у вышынi, павольна кружыў коршак. - Вiця! Пакараць агрэсара. Збiць, як Паўэрса. Бацька i сын з аднолькавым спрытам саскочылi ўнiз. Вiктар на мiг заглянуў у пакой i выбег адтуль са стрэльбай. Хлопцу толькi нядаўна дазволiлi карыстацца ёй, i ён рады быў кожнаму выпадку, каб паказаць свой паляўнiчы талент. Пераламаўшы доўгае цела, траха не датыкаючыся носам да зямлi, ён смешна сiгаў да раўчака, збiраючыся па зараснiку дабрацца непрыкметна да таго месца, над якiм кружыў коршак. Галiна Адамаўна крыкнула: - Вiця, асцярожна! Там недзе Iра... Яраш глядзеў услед сыну i бязгучна смяяўся. Смяялася яго цела, перапоўненае здароўем i бадзёрасцю. Галубы ўпалi ўнiз. Цi то яны адчулi небяспеку, цi, можа, убачылi, што гаспадары нарэшце пакiнулi свой пост i нiшто не перашкаджае заляцець у галубятню. Але яны не заляцелi адразу на гарышча, а ўсёй чарадой, шумна захлопаўшы крыламi, уселiся на парэнчы балкона, што быў зроблены над верандай з другога боку гэтага доўгага дома.