Сэрца на далонi, частка 1
А ўрэшце, усё гэта глупства. Не ў характары Шыковiча заглядваць вельмi глыбока. Не хопiць пораху. "Я ведаю, якая ў цябе глыбiня, хапаеш адны вярхi. Табе здаецца, што гэта ты напiсаў за мяне кнiжку. Няўдзячны чалавек. Што б ты напiсаў без маёй партызанскай дзейнасцi, без маiх матэрыялаў i расказаў? Гультай. Я цябе сiлком садзiў за рабочы стол. Мая кнiжка памагла табе стаць на ногi. Не забывай гэтага!" Непрыкметна агульныя думкi набылi канкрэтную форму - водпаведзi Шыковiчу, успамiн пра якога чамусьцi раздражняў. Праўда, Сямён Парфёнавiч стараўся захаваць аб"ектыўнасць. Ён, напрыклад, упiкнуў самога сябе за тое, што ў апошнiя гады як бы забыўся на чалавека, якi памог яму. "Пiсьменнiкi - народ самалюбiвы, трэба было яго прыласкаць". Але такая аб"ектыўнасць мала памагала. Чым больш ён думаў, тым больш расла злосць на гэтага чалавека. "Бач, раскрычаўся! Пiсьмы яго прымушалi пiсаць!.. Перапрацаваўся... Зазнаўся - вось у чым бяда". Гукан не пачуў нават, калi ў кабiнет увайшоў сакратар выканкома Гарусевiч. Гэты малады чалавек, надзвычай акуратны ва ўсiм - у адзеннi, у справах, у захаваннi рэжыму жыцця, заўсёды з"яўляўся i знiкаў бясшумна, як цень. Нават Гукан, сам педант у жыццi i рабоце, здзiўляўся, адкуль у гэтага вясковага хлопца такая звышакуратнасць. Iдзе самае бурнае пасяджэнне, вырашаюцца важнейшыя пытаннi, а ён, Гарусевiч, калi наступае пэўны час, бясшумна знiкае i, як стала вядома, у сябе ў кабiнеце выпiвае шклянку баржому i з"ядае бутэрброд, якi прыносiць на службу ў кiшэнi. Сакратар пачцiва кашлянуў. Гукан нервова ўздрыгнуў, павярнуўся. Ён крыху спалохаўся, бо ведаў, што ў апошнi час у яго з"явiлася старэчая слабасць - разважаць з самiм сабой уголас. - Як гэта вы заходзiце? Дзверы на ўвесь будынак скрыпяць. Адзiн вы ўмееце адчынiць iх бясшумна. - Вы глыбока задумалiся, Сямён Парфёнавiч. - Гарусевiч спачувальна ўздыхнуў. - Справы. Гукан пiльна агледзеў яго. Як заўсёды, гарнiтур быццам толькi што з-пад праса, чаравiкi - з-пад аксамiткi чысцiльшчыка. I здавалася, гэтай жа аксамiткай надраены шчокi пасля галення. Гукан непрыязна падумаў: "Убачыць бы хоць раз цябе непаголеным". Вярнуўшыся за стол, коратка спытаў: - Што там у нас? Гарусевiч сеў у крэсла i пачаў даваць паперы на подпiс. - Пiсьмо ў Савет Мiнiстраў аб дадатковых асiгнаваннях на будаўнiцтва прадуктовых крамаў... Згодна пастановы сесii... Гукан зняў з пяра пазногцямi парушынку, акуратна падпiсаў i прамакнуў. - Запiска ў абком аб стварэннi новых паркаў. Падпiсаў размашыста, не чытаючы. - Адказ у рэдакцыю аб непарадках у пахавальным бюро i на могiлках... - Непарадкi на могiлках!.. - Старшыня сумна пакiваў галавой. - Чым толькi нам, Кандрат Пятровiч, не прыходзiцца займацца! - Але, - зноў спачувальна ўздыхнуў Гарусевiч. Гукан прачытаў адказ i не падпiсаў - палажыў убок. - А тут нам пiшуць. Канадскiя турысты выказваюць падзяку за гасцiннасць. Група балтыйскiх матросаў хвалiць наш горад, i асаблiва рэстаран. - Ну, гэта гумарысты, чортавы дзецi. Горад як горад. А рэстаран - дрэнь. Трэба нам паслухаць трэст сталовых i рэстаранаў. - I нечакана спытаў: - Вы бываеце ў рэстаране? Гарусевiч збянтэжана пачырванеў. - Не. Што вы, Сямён Парфёнавiч! Праўда, калi працаваў яшчэ ў аддзеле культуры, разы два акцёры тэатра зацягнулi... Гукан, якi любiў свайго сакратара за акуратнасць у рабоце, паглядзеў на яго ў гэты раз зняважлiва. - Чаму гэта ў нас лiчаць крамолай, калi чалавек зайшоў у рэстаран? А калi я проста хачу паабедаць культурна?