Трывожнае шчасце, частка 4
— Хлусіць ён! Хлусіць, сволач, Кідала гэты! — раптам вырвалася ў мяне.— Ён знарок... знарок пакінуў Сеню!.. Ён не любіў яго...Помсціў... Не веру я, што ён вярнуўся праз гадзіну! Не можа чалавек за гадзіну замерзнуць. Не такі мароз.— Супакойся, Шапятовіч! — сказаў камісар.— Усё высветлім, і калі хто вінаваты...Лёгка сказаць — супакойся, калі так недарэчна і страшна загінуў твой лепшы друг, дарагі чалавек. Я хадзіў сам не свой. Плакаў, не саромеючыся перад байцамі сваіх слёз. Не мог заснуць уначы — заплюшчваў вочы і бачыў адну і тую ж карціну: Сеня адзін на схіле голай заснежанай сопкі, вецер узнімае пазёмку, снег засыпае вочы, мацнее мароз, забіраецца пад кажух, я бачу яго, мароз, як жывую істоту, пачварную і бязлітасную. Не, вінаваты не мароз! Я ведаю, хто вінаваты! Я перакананы... Фрыд расказаў: сувязісты шэпчуцца паміж сабой, што камандзір узвода спачатку паабедаў на НП, потым пайшоў з разведчыкамі па Пясоцкага.«Усё высветлім, і калі хто вінаваты... » Як яго пакараюць? Разжалуюць, пашлюць у штрафны батальён? А Сені няма. Залатога чалавека. Няўжо няма? Няўжо ніколі не загучыць больш яго ціхі, заўсёды далікатны смех, не заіскрацца розумам яго ясныя вочы? I маці, яго гаротная маці, ніколі не дачакаецца свайго адзінага сына?.. Ён не паспеў нават сказаць ніводнага ласкавага слова той, якую пакахаў сваім шчырым юначым сэрцам, хоць яна і не варта яго кахання...Часам мне здавалася, што ўсё гэта толькі сон, жудасны сон. Я ўсхопліваўся бегчы ў зямлянку дальнамершчыкаў, разбудзіць яго, Сеню, і расказаць пра ўвесь гэты кашмар. Свіст ветру за дзвярамі, хлопание чахла на гармаце вярталі мяне да рэчаіснасці.На другі дзень вярнуўся Кідала. Як толькі я даведаўся пра гэта, адразу пайшоў да яго без стуку адчыніў дзверы зямлянкі, у якой жылі камандзіры ўзводаў і старшына батарэі, і застыў на парозе, уражаны да неймавернасці. Чалавек, на сумленні якога смерць Сені, сядзеў у адной сподняй кашулі за сталом і намыльваў сваю фізіяномію; рабіў гэта ён спакойна і старанна, быццам у цэлым свеце не было нічога важней за яго бараду.— Дзвярэй чаму не зачыняеш? — кінуў ён мне, не адрываючы вачэй ад люстэрка.Я прычыніў дзверы, але ўсё яшчэ стаяў анямелы, не ведаючы, што яму сказаць.Кладучы памазок і беручы брытву, ён глянуў на мяне, уздыхнуў:— Але, брат, слабец аказаўся твой друг. Мамчын сынок. Не мог дайсці да НП, астаўся гадзіну на марозе і гатовы... Вайна, брат...Такі цынізм — гэта занадта. Я рвануўся да стала.— Ты... ты яшчэ абражаеш?.. Гад! Забойца! Гэта ты... ты забіў яго!Ён павольна падняўся, распрастаў плечы, у прарэзе кашулі былі відаць магутныя валасатыя грудзі, па якіх сплываў шматок мыльнай пены.— Ты чаму крычыш! На каго крычыш! Кругом! Шагам...— Шагам!.. Ты яшчэ хочаш камандаваць! Хіба ты камандзір?! Ты — забойца! Ты запляміў гонар камандзіра Чырвонай Арміі! Ты знарок кінуў Сеню!.. Ты помсціў!.. За гадзіннік, за ўсё... I я ўсё гэта дакажу... На любым трыбунале!— Сяржант Шапятовіч, я загадваю вам выйсці прэч адгэтуль,— прашаптаў ён, і лоб яго стаў белы, як пена на шчоках.— Загадваеш? А якое права ты маеш загадваць? Хто ты? Забойца ты! На тваіх руках кроў чалавека. Сапраўднага чалавека. А ты!..— Выйдзі прэч!— закрычаў ён не сваім голасам, кінуўся ўбок, да ложка, і... раптам у руцэ яго бліснуў пісталет. Ён накіраваў яго на мяне.— Кругом!— Страляй! Страляй, калі табе мала адной смерці! Страляй жа! — закрычаў я, наступаючы на яго. I раптам пад ногі мне трапіла табурэтка, што стаяла каля стала. Міг — і з усяго размаху стукнуў я табурэткай па руцэ, якая трымала зброю. Пісталет адляцеў, ляпнуўся аб падлогу. Другі ўдар — па ненавісным намыленым твары... Ён перакуліў на мяне столік, балюча ўдарыў па каленях, але сам, калі нахіліўся, атрымаў трэці ўдар табурэткай па галаве.