Трывожнае шчасце, частка 4
куды ісці, дзе ўсход, дзе захад, дзе зямлянка, дзе абрыў у возера. Становячыся на варту, абвязваем сябе доўгай вяроўкай, другі канец якой моцна прывязаны за жалезную скабу, забітую ў сцяну нашай бярвенчатай будыніны. I вартавому ў такія ночы прыходзіцца час ад часу падымаць усіх, каб прачысціць тунелепадобны праход ад дзвярэй на пляцоўку і скінуць снег з даху, з коміна, бо прапусці гадзіну-другую — і мы будзем пахаваны жывымі, не здолеем ні адчыніць дзвярэй, ні выбрацца праз акно.Хаціна, у якой мы жывём, пабудавана ў дзіўным месцы — у цясніне паміж скаламі. Цясніна, расшыраючыся, паката спускаецца да берага азёрнай бухты. Гэта адзіны выхад на шырокі прастор, «вароты ў свет». Праўда, цяпер, калі намяло гурбы снегу, з даху можна ўзабрацца па левай круцізне ўверх і адтуль лёгка спусціцца ў лясную даліну, што ляжыць на ўсходзе ад нас. На правы выступ скалы ўзысці лягчэй — прырода як бы збудавала штучныя ўсходцы, якія мы таксама акуратна чысцім, бо там, на вяршыні гэтай скалы, наш назіральны пункт. Там стаіць вартавы і сочыць за небам. З іншых трох бакоў скала строма абрываецца ў возера. Вузкае і даўгое, як амаль усе азёры Поўначы, яно цягнецца на паўночны захад так далека, што супрацьлеглы бераг яго вырысоўваецца толькі ў ясныя раніцы. Калі ўсходзіць сонца, возера слепіць сваёй белізной. Не, не белізной — блакітнай іскрыстасцю. Цяпер я ніколі не бачу снег белым, такім, як бачыў у роднай Беларусі. Цяпер ён заўсёды то ружовы, то блакітны, то сіні, то нават жоўты.Пост наш — самы далёкі. Ад Кандалакшы, дзе знаходзіцца штаб батальёна, трэба ехаць цягніком на захад, да маленькага ляснога паўстанка, каля якога размешчаны нейкія прыфрантавыя тылы. Ад гэтага паўстанка, з якім мы маем тэлефонную сувязь, трэба ісці на лыжах кіламетраў пятнаццаць на поўнач.Успамінаю размову з камандзірам батальёна. Я прыехаў не адзін, нас было пяцёра з дывізіёна, але астатнія разведчыкі. Яны ведалі, што едуць на пасаду камандзіраў пастоў, бо батальён толькі фарміраваўся. Я не разумеў, калі даведаўся пра ўсё гэта (ды і дагэтуль не разумею!), чаму Купанаў паслаў сюды мяне, агневіка. Хацеў схаваць ад трыбунала? Ці баяўся, што, калі астануся ў дывізіёне, няхай і на іншай батарэі, непазбежна сустрэнуся з Кідалам, і тады можа быць яшчэ большае ЧП. А магло здарыцца! Нам лепш не сустракацца, бо я ніколі не дарую яму смерці Сені.Маёр Жураўлёў, худы і стомлены (потым я даведаўся, што ён прыехаў з блакаднага Ленінграда), няўважліва разглядаў нашы дакументы. Але калі чарга дайшла да мяне, зацікаўлена ўзняў вочы.— А-а, гэта ты? Купанаў расказваў мне... Што ж ты сваіх б"еш?— Сярод сваіх таксама трапляюць... — Я не мог знайсці ёмкага і трапнага вызначэння і запнуўся.— Якіх варта біць? — усміхнуўся маёр і тут жа цяжка ўздыхнуў: — Бывае.Я адразу адчуў сімпатыю да гэтага чалавека — люблю людзей разумных і простых, не фармалістаў.— Пойдзеш камандзірам дзевятага,— сказаў мне тады маёр Жураўлёў.— Але май на ўвазе — самы адказны пост. Самы далёкі і самы блізкі ад фронту. Там трэба вуха трымаць востра. Глядзець не толькі за небам, але і за зямлёй. Часам праз лінію фронту прарываюцца лыжнікі. А фіны, ведаеш, якія лыжнікі? А лінія фронту тут — чорт яе суцэльную ўтрымае на гэтай забытай Богам зямлі. Тут улетку ні прайсці ні праехаць... Людзей у вас будзе мала, пакуль што ўсяго тры чалавекі там, вы чацвёрты. Несці дзяжурства прыйдзецца ўсім. Людзі своеасаблівыя. Да кожнага трэба падабраць ключык.