Трывожнае шчасце, частка 4
Я скаціўся са скалы на дах хаціны. У думках вылаяў сваіх забес-пячэнцаў, якія выдалі на чатыры чалавекі толькі адзін маскхалат; нашы зашмальцаваныя кажухі і цёмныя шапкі дэмаскіравалі нас. Яшчэ падумаў, калі ворагі зразумеюць, што нас нямнога, то могуць атакаваць па найкарацейшай адлегласці — па цясніне, якую абараняе адзін Самародаў, стары і баязлівы чалавек. Тады я паклікаў Сушылава і загадаў яму падняцца да Чуба з кулямётам.— Займіце такую пазіцыю, каб маглі, калі трэба, страляць і сюды, у цясніну.Я скочыў з даху, зазірнуў у хаціну, каб яшчэ раз пазваніць, паведаміць абстаноўку. Тэлефон быў мёртвы: яны паспелі перарэзаць провад. Трэба чакаць самага горшага.Я здзівіўся свайму спакою: па-ранейшаму не было ні страху, ні панікі, толькі нецярплівасць: хутчэй бы яны пачыналі.Калі выходзіў з хаціны, у твар ударыла яркае святло. Я ўпаў за шурку дроў, якая была складзена каля самых дзвярэй. Святло спалохала, бо не адразу я зразумеў, адкуль яно. Потым убачыў — ракета. Ворагі аглядалі нашы пазіцыі. Ракета зашыпела ў снезе недзе за хатай. Аслеплены, я кінуўся да Самародава. Ён ляжаў за адным з каменняў, якія мы, па загаду маёра (эканаміст Жураўлёў усё бачыў наперад), скінулі з гары, каб было за што схавацца тут, у цясніне, калі прыйдзецца адбіваць атаку. Я лёг за другі камень. Шэптам падбадзёрыў старога:— Трымайцеся, дзядзька Алампі!Ён цяжка ўздыхнуў (ён увесь час уздыхаў і вохкаў — «ох-вох!»):— Будзем паміраць, значыцца, таварыш камандзір?Я ўспомніў, што Сушылаў спытаўся зусім іначай, і адказаў яго словамі:— Будзем біцца! Біцца да апошняга... Да нас ідзе дапа...Слова я не скончыў, бо ў гэты момант убачыў іх; мабыць, яны не ўлічылі, што за іх спінамі чорны фон, сасняк, унізе, на беразе бухты, ці проста хацелі хутчэй кончыць з нечаканай перашкодай... Схіленыя белыя постаці беглі да нас.— Страляй,— крыкнуў я Самародаву і стрэліў сам з вінтоўкі —раз, другі...У адказ затрашчалі аўтаматы. Многа аўтаматаў. Кулі заспявалінад галавой, са свістам рыкашэцілі ад скалы, ад каменняў, за якімі мы хаваліся, шлёпаліся ў снег. Успышкі стрэлаў набліжаліся.Я ўзняўся на калена і кінуў гранату. Следам за мной шыбануў гранату Самародаў. А зверху ўдарыў з кулямёта Сушылаў.Фашысты заляглі і пакінулі страляць, каб не дэмаскаваць сябе.Я быў упэўнены, што цяпер яны паспрабуюць атакаваць з другога боку — з таго, які прыкрывалі Сушылаў і Чуб: там былі самыя зручныя подступы, і дыверсанты, безумоўна, разведалі іх. Я крыкнуў Сушылав у, каб яны з Чубам глядзелі больш пільна.Сапраўды, праз некалькі хвілін угары загаварыў наш кулямёт і затрашчалі аўтаматы. Атака там з"явілася сігналам для тых, што заляглі недалёка ад нас. Яны таксама пачалі страчыць з аўтаматаў і зноў кінуліся наперад. Якая ўстарэлая зброя вінтоўка! Прыйшлося зноў выкарыстаць гранату. Яна, мабыць, добра пацэліла, бо пачуліся стогны і крыкі. Але я з жудасцю ўспомніў, што кінуў апошнюю гранату, іх нямнога ў нас было — усяго дзесятак. У каго астатнія?— Самародаў! Гранаты ёсць? У адказ пачуўся стогн.Я кінуўся да старога. Ён ляжаў, уткнуўшыся тварам у снег. Я павярнуў яго. Зноў выглянуў месячык, і я ўбачыў замест твару чорную пляму. Цяпер я разумею: куля трапіла яму ў галаву, магчыма, у лоб, і твар быў заліты крывёю.— Паміраю, камандзір,— прашаптаў ён.— Дзеці... Сыночкі мае... Дзе-еці!.. Перадай...Што перадаць, я не даслухаў, бо зноў заціўкалі кулі. Я ўбачыў побач з вінтоўкай Самародава гранату і з радасцю схапіў яе. Але не кінуў. Месяц засвяціў так ярка, што я выразна ўбачыў постаці на снезе — відаць, забітыя. Адзін варушыўся і стагнаў. Крыху ніжэй чыркнула кароткая чарга.