Трывожнае шчасце, частка 4
Прыслухаўся да самога сябе, ці не паранены. На мае шчасце, куля трапіла ў лыжы! Вось жа фашысцкая брыдота! Траха не адаслаў на той свет. Моцна закалацілася сэрца. Наперадзе ляснуў яшчэ адзін пісталетны стрэл. Трэба падняць галаву, адпляваць снег, што набіўся ў рот, нос, працерці вочы, агледзецца, дзе ляжу і дзе вораг. Але падняць галаву было нялёгка: вельмі ж ужо моцна ў такіх выпадках зямелька прытуляе да сябе, нават і такая непрыветлівая, камяністая.Збоку грымнуў вінтовачны стрэл. Гэта Сеня. Падбадзёраны, я нарэшце падняў галаву і адразу вызначыў месцазнаходжанне ворага: ён быў метраў за сорак наперадзе, за вялікім валуном, паабапал якога стаялі дзве каржакаватыя сасны. У яго была зручная пазіцыя, але ён рана пачаў страляць — не вытрымалі нервы. Угледзеўшы, што ляжу на ад крытым месцы, я адпоўз за бліжэйшы камень і адтуль паслаў кулю ў нябачнага ворага. Куля высекла іскру на валуне і са свістам зрыкашэціла.— Пясоцкі! Не давай яму высунуцца! А мы з Пятром — у абход! Ты справа, я злева! — закамандаваў Кідала.Я перапоўз да другога каменя, потым зрабіў перабежку, схаваўся за дрэвамі. У гэты момант Сеня крыкнуў па-нямецку.Такая фраза ёсць у вайсковым «разгаворніку», і я зразумеў яе сэнс: здавайся — гарантуем жыццё і ўсё іншае.Я чакаў, што немец адкажа. Стрэліць — няхай не спадзяецца на нашу літасць. Не, над валуном узняліся дзве рукі, у адной — рэвальвер, у другой — белая насавая хустачка.— Комэн зі гір!4 Ён выйшаў.—Ідзіце сюды! (ням.)Ён кінуў пісталет у снег і стаяў з узнятымі рукамі.Першы падбег малодшы лейтэнант і даў яму па вуху. Немец упаў. Кідала пхнуў яго нагой. Я не асудзіў Сцяпана. За маю зямлю, якую яны захапілі, за шчасце, якое растапталі, за толькі што перажытыя напружанне і страх я, напэўна, зрабіў бы тое самае, каб апынуўся каля яго першы: злосці ў мяне было даволі. Але ляжачага я не мог бы ўдарыць. Акрамя таго, я адразу ўбачыў яго вочы: прыгожыя, блакітныя, яны былі напоўнены такім смяртэльным страхам, што мне зрабілася шкада яго. Гэта быў малады хлопец, бадай што наш равеснік, высокі, дужы, з даўгаватым тварам, вялікім ілбом — «тыповы арыец». Але без якіх-небудзь прыкмет ці рыс садыста, забойцы, якім стаў за апошні час у нашым уяўленні вобраз кожнага фашыста. Ад гэтага нават патыхала нечым мірным: не крывёй, не гарам пажараў і нават не бензінам, а... тонкімі прыемнымі духамі. Праўда, калі мы загадалі яму падняцца і павялі назад, страх у яго вачах знік, бліснулі такія іскры, што прымусілі мяне насцеражыцца. Пачалі раздражняць яго шырокая спіна, лёгкая хада, элегантная футравая куртка, прыгожыя унты — уся яго постаць чужынца, ворага.Сеня спытаў, каторы раз ён налятае на Мурманск.— Цум эрстэнмаль6.— Хлусіць, падлюга. Баіцца адказнасці,— не паверыў я.— А можа, з новай часці,— выказаў меркаванне Кідала.— Спытай, дзе ён быў дагэтуль. Адкуль прыляцеў?— Аўс Берлін,— адказаў ён з хітрасцю і нават, як мне здалося, са здзекам.— Як яго прозвішча?— Фрыц Кронкер.— Усё-такі Фрыц,— засмяяўся Кідала.— Спытай, Сеня, на што ён спадзяваўся, калі так упарта ўцякаў. Да Фінляндыі сто кіламетраў. Вар"ятам трэба быць, каб мець надзею дайсці.Фрыц выслухаў пытанне, спыніўся, павярнуўся да нас тварам і пачаў адказваць горача, пераканана, нават злосна.Сеня збялеў. Кінуўся да яго, схапіў за каўнер курткі, трасануў і закрычаў яму ў твар, глытаючы ад хвалявання і абурэння словы. Некалькі разоў паўтарыў — Масква і Берлін. Потым з агідай штурхнуў немца ад сябе: