Трывожнае шчасце, частка 4
27 маяЁн прыйшоў у нашу палату ў той дзень, калі да мяне наведаўся маёр са штаба ПВО, каб павіншаваць з узнагародай — ордэнам Чырвонага Сцяга. Маёр прынёс два экзэмпляры газеты, дзе вельмі недакладна і залішне ўзнёсла апісваўся наш бой. Адна газета пайшла па шпіталі. I вось ён зазірнуў таксама, каб павіншаваць. Дагэтуль я не бачыў яго. Ён прыйшоў на мыліцах, ледзь кранаючыся падлогі забінтаванымі ступнямі. Сеў на ложак, горача, па-сяброўску загаварыў, працягваючы мне руку:— Давай, зямляк, пацісну тваю мужную руку. Малайчына! Так і трэба нішчыць іх, погань фашысцкую.Тут, у шпіталі, часам «земляком» называв разанец — астраханца, адэсіт — растаўчаніна, чэлябінец — хабараўца. Але па гаворцы я зразумеў, што перада мной сапраўдны зямляк, беларус, і ўзрадаваўся. Для пэўнасці спытаў:— Вы беларус?— Калі там,— паказаў ён на газету,— правільна пішуць, што ты гамяльчанін, дык я з Хойнік. Ведаеш? З Палесся.— Дык гэта ж побач! У мяне жонка ў Рэчыцкім раёне. Я пехатою хадзіў да Хойнік,— яшчэ больш узрадаваўся я.— А з якога вы фронту? Дзе вас параніла?— Я? — Ён неяк дзіўна ўсміхнуўся.— Я адтуль.— Адкуль?— З Палесся.— Ды не, дзівак, я пытаюся, дзе ваяваў?— Там і ваяваў.— Там? Як гэта зразумець?— Так і разумей...Мабыць, у мяне ў тую хвіліну быў такі выраз твару, што ён не мог стрымаць вясёлага смеху.— Але , браце , там, у партызанах. А потым накіравалі мяне для сувязі ў Маскву. Ішоў цераз лінію фронту, праваліўся ў нейкім гнілым балоце. Ногі абмарозіў. I вось качаюся два месяцы. Проста злосць бярэ. Плакаць хочацца. Там у нас, я ведаю, з вясной хлопцы так разгарнуліся... што горача гітлераўцам... А я вось тут...Я глядзеў на яго... Немагчыма выказаць словамі, як я глядзеў на яго. Як на прышэльца з іншага свету. Не, глядзеў з радасцю, гонарам, захапленнем, бо ён прыйшоў адтуль, дзе асталося мае шчасце, з той зямлі, за якую я паміраў і гатовы паміраць зноў... Ён жывы сведка ўсяго, што робіцца ў родным краі, захопленым ворагам. Быццам баючыся, што ён пойдзе, знікне, нічога не расказаўшы, я схапіў яго за руку, хоць тады, туга перавязанаму бінтамі, мне нялёгка было зрабіць гэта — кожны рух прычыняў боль.— Што там? Як там у нас? — дрыжучы ад нецярплівасці хутчэй пачуць пра ўсё, шэптам спытаў я.— У нас? Ваюем. Б"ём паразітаў. Збіраем сілы. Спачатку цяжка было...— Ён расказваў надзіва спакойна, як пра самае звычайнае.— А яны? Яны што?— Хто?— Гітлераўцы.— Вядома — што... Адбіваюцца. Прабуюць нішчыць нас. Ды нас не знішчыш — з намі ўвесь народ. Каб зброі хапала ды даў кліч — усе ў лес пайшлі б. Ёсць, праўда, асобныя здраднікі, паліцаі розныя. Ды з такімі размова кароткая. Партызанскі прысуд — і гатова! Асабіста я чатыры такія прысуды выканаў...— А народ... людзей, якія ў вёсках, яны не чапаюць?— Ого, не чапаюць!.. Лютуюць, як шалёныя звяры... Паляць вёскі... Расстрэльваюць. Не глядзяць, ці старыя, ці дзеці... У мяне дзеда павесілі. Семдзесят восем гадоў. Мы ўсёй сям"ёй у партызаны пайшлі, а ён астаўся. Думаў, старога не зачэпяць.— У мяне бацькі асталіся... I жонка.Ён зразумеў маю трывогу, далікатна памаўчаў хвіліну, потым суцешыў:— Не хвалюйся. Можа, і твае ў партызанах.— У Сашы дзіця... маленькае... у пачатку вайны нарадзілася.Ён, відаць, успомніў пра нешта сваё, такое ж дарагое, як для мяне ўспамін пра Сашу, і цень глыбокага смутку затуманіў яго блакітныя вочы, у якіх адбівалася рама шпітальнага акна. У вачах гэтых як бы згаслі радасныя светлячкі, якія бліскалі там праз усю размову. I раптам мой боль за Сашу і дзіця перадаўся яму. Ён скамячыў пальцамі прасціну і сказаў не мне, а некуды ў прастору, туды, дзе быў вораг: