Трывожнае шчасце, частка 4
— Пачытай ты што-небудзь лепш,— прасіў я, каб ён змоўк.— Я ў добры час не чытаў, а ты хочаш, каб я цяпер затуманьваў галаву. Наліха мне гэта! — адказваў ён.Вось жа ёсць людзі!У той дзень сувязіст выпісаўся, і я застаўся адзін, вельмі задаволены гэтым. Нарэшце ніхто не будзе перашкаджаць мне. Раніцой заглянула Антаніна, зрабіла перавязку, сказала, што едзе на нашу батарэю. Я і гэтай акалічнасці ўзрадаваўся, бо толькі што пачаў «Запіскі з мёртвага дома». А ваенурач і другі фельчар заходзілі рэдка.Антаніна вярнулася пад вечар, заглянула ў палату, пасяброўску спытала:— Не сумуеш? — і паведаміла: — Я сёння буду дзяжурыць. «Узрадавала! Прыйдзеш і будзеш ад няма чаго рабіць балбатаць.Не дасі пачытаць»,— падумаў я. Але яна не прыходзіла. А я, праглынуўшы за дзень «Запіскі...», пачаў "Угрум-раку". Маленькая лямпачка пад столлю свяціла цьмяна, але я не зважаў на гэта — вочы мае могуць чытаць і пры месячыку. Рыпнулі дзверы.— Усё чытаеш? — з дакорам спытала Антаніна.— Папсуеш вочы — самалёта не ўбачыш, камандзір,— і выключыла святло.Я прыціх, не адказваў, чакаючы, калі яна выйдзе, каб падняцца,уключыць святло зноў і чытаць далей. I раптам я адчуў яе гарачае дыханне. Яна схілілася нада мной, рука яе дакранулася маёй галавы, валасы ўпалі на твар, ад іх асаблівага, непаўторнага паху закружылася ў галаве. Нейкая дзіўная непераможная сіла прымусіла мяне абхапіць рукамі яе шыю, прыцягауць да сябе. I вось ужо зліліся нашы вусны... I яе грудзі, тугія, гарачыя, пад якімі часта і моцна грукала сэрца, прыціснуліся да маіх грудзей... Тады ўсё паплыло, завіравала, зазвінела дзівоснай музыкай, знікла ўсё зямное, рэальнае, быццам узляцеў некуды туды, дзе калыхаўся, пераліваўся вясёлкамі, вабіў хараством сваім гэты падманлівы цуд — паўночнае ззянне...А потым я ляжаў, душэўна і фізічна спустошаны... Пустата была ў сэрцы, у мозгу, ніводнай думкі і ніякага адчування, адна чарната, як у бездані. Потым яна пачала запаўняцца нечым брыдкім, здалося, штосьці жывое і слізкае паўзло ў душу, забруджвала цела. Я доўга не разумеў, што гэта такое, толькі адчуваў, што няма сілы супраціўляцца, і бязвольна чакаў, калі яно выявіць сябе, гэтае слізкае і агіднае. Што ж яно такое? I раптам яно прыйшло, гэтае вызначэнне, вырысавалася найагіднейшым у свеце словам — здрада.Але, здрада! Я здрадзіў самаму дарагому і светламу, што было ў маім жыцці. Калі гэта дайшло да свядомасці, я, відаць, застагнаў. Яна, Антаніна, хацела абняць мяне.— Не трэба! — у роспачы крыкнуў я.— Фу, дурань які! А яшчэ жанаты! — пакрыўджана фыркнула яна, саскочыла з ложка і выбегла з палаты.Раніцой я так настойліва патрабаваў, каб мяне выпісалі, што ваенурач не стаў затрымліваць. Я не хацеў бачыць яе, гэтую кошку, хітрую прытворшчыцу, якая выдавала сябе за ўвасабленне чысціні, шчырай дружбы, а на самай справе... Безумоўна, я не першы ў яе... Успомніліся пісьмы, пра якія яна казала... Ад гэтай думкі рабілася яшчэ горш.Але што з таго!.. Я... я сам — бязвольны, нікчэмны чалавек, ануча... Я здрадзіў Сашы! У такі час!А няма большай душэўнай пакуты, як адчуваць сябе здраднікам. Я ўзненавідзеў сам сябе. Не знаходзіў месца, занятку. Мяне раздражнялі байцы, асабліва іх размовы пра дзяўчат, пра жанчын. А калі яны аднойчы прыгадалі Антаніну, я накрычаў на іх. А потым мне здалося, што яны пра ўсё здагадваюцца, і я пачаў баяцца іх, сваіх падначаленых. Мне хацелася, каб бясконца наляталі немцы, каб смерць увесь час вісела над галавой — можа, тады я знайшоў бы хоць які-небудзь спакой. Але, як на злосць, дні былі хмарныя, падаў снег, і мы больш сядзелі ў зямлянках, займаліся тэорыяй, палітвучобай. Свайго