Трывожнае шчасце, частка 4

Надзея... I зноў правал у безнадзейнасць: ці не дарэмныя ўсе мае мары?3 чэрвеня«Роўна праз тры дні ты атрымаеш адказ. Я сам прыеду». Эх, Кастусь, Кастусь! Мінуў ужо тыдзень, а ад цябе і почуту няма. Забыўся. Няўжо забыўся, аказаўся балбатуном? Хаця б паведаміў, што нічога не выходзіць, і я не чакаў бы, не хваляваўся б. А можа, ты невінаваты? Не вялікі начальнік. Можа, самога загналі куды-небудзьдалека? Маглі нават вельмі проста забраць у армію. Дарэмна я так песціў сваю мару. Няшчасны фантазёр! Учора ўрач хацела мяне выпісаць і накіраваць у батальён выздараўляючых. Я прыкінуўся, што адчуваюсябе кепска, нават тэмпературу «настукаў», папрасіў Жэню, каб яна пераканала ўрачоў у неабходнасці патрымаць мяне хаця б дзянькі два.— Я павінен атрымаць вельмі важную для мяне вестку ад Гаманка.Агеньчык недзе ўсё яшчэ гарыць. Гарыць. I цяжка яго патушыць. Эх, Косця, Косця, навошта ты запаліў яго? Навошта?..4 чэрвеняУра! Я лячу ў Беларусь!Пятро ляжаў на ўзлеску. Малады сасоннік падступаў амаль пад самыя гароды. Ад лазовага плятня, за якім узвышаўся пажоўклы кіяшнік, яго аддзяляла нешырокая лагчына, парослая альховымі кустамі. Тут усё лета пасуцца цяляты, гусі, свінні, гуляюць дзеці — малыя пастухі. Некалі і сам ён выціраў пузам траву на такім вось выгане. Толькі там, у іх вёсцы, лес не падступаў так блізка, ён сінеў высокай зубчастай сцяной за рэчкай, загадкавы, прываблівы і крыху страшны ў дзіцячым уяўленні. Успаміналася яшчэ, што звычайна ў жніўні іх выган рабіўся чорны і цвёрды, як ток, і кусты каля раўчука радзелі. А тут усё некранутае — і кусты, і трава. Ці, можа, так здаецца таму, што ўсё абліта густой халоднай расой? За дарогай, каля вялікага лесу, пры самай зямлі, адплываюць у гушчар апошнія пасмы туману. Яшчэ не ўзыходзіла сонца. Толькі развіднела. У такі час усё здаецца як бы абноўленым.Не, трава тут сапраўды не вельмі вытаптана. Вядома — чаму: няма свіней, гусей, наўрад ці ёсць цяляты. Усё з"еў ненажэрны фашыст. Праўда, у дварах дзе-нідзе рыкаюць каровы — клічуць гаспадынь. Больш раннія з іх і руплівыя ўжо запальваюць у печах: сям-там над комінамі ў ясны блакіт неба падымаюцца дымы, з адных комінаў густыя, чорныя, з другіх празрыстыя, як марыва над раллёй у гарачы дзень.Жыццё не спыняецца. Пятра заўсёды радасна здзіўляла гэтая непераможнасць жыцця. Радавала там, у Мурманску, калі ён назіраў з гары, на якой стаяла батарэя, як хутка пасля бамбардзіровак ажываў горад. Здзіўляла ў шпіталі, дзе ён бачыў і чуў, як людзі, што страцілі ногі, рукі, чапляліся за жыццё і марылі пра шчасце, пра любоў. Радуе непераможнасць жыцця і тут, на захопленай ворагам зямлі. Ён праходзіў з атрадам па слядах карнікаў там, дзе аставаліся адны вогнішчы. Колькі смерцяў і гора сеюць гэтыя прыблуды. Здаецца, усё-ўсё — навуку, тэхніку, палітыку, мараль — накіравалі яны на знішчэнне, разбурэнне, на паслугу смерці. Але не ўдаецца ім спыніць жыццё!Пятро ўпэўнены, што ляжыць якраз насупраць Сашынай хаты. Гарод з кіяшнікам каля плота — гэта іх гарод, Траянавых. Яму добра запомнілася, як Саша некалі казала, што іх хата ад школы дзевятая. Ён пералічвае каторы раз. Новых будынкаў няма, пажарышчаўтаксама не відно, значыцца, дзевятая — гэта, была і ёсць. Сюды ён ішоў двое сутак. Не, не ішоў. Бег. Ляцеў. Без сну, без адпачынку. Шкада, што крыху спазніўся. Думаў прыйсці зацемна, перад світаннем — самы зручны час для партызана, каб наведацца ў незнаемую вёску,— а прыйшоў, калі ўжо развіднела, бо крыху блудзіў уначы па незнаемым лузе і лесе. Цяпер трэба быць пільным і асцярожным! Не падабаецца школа. Нікога Пятро там не ўбачыў. Ціха, спакойна, як і ўсюды навокал. Але за хлявом, на жардзінах, вісяць сеткі. I не адна — штукі тры. Двух месяцаў партызанства яму было даволі, каб ведаць, якія «рыбаловы» звычайна размяшчаюцца ў школах — паліцэйскія гарнізоны, нямецкія пасты, камендатуры. Калі ў іх дзе-небудзь на вышках сядзіць вартавы, то ад разу ўбачыць чалавека, які выйшаў з сасонніку і накіраваўся ў вёску.