Трывожнае шчасце, частка 4
Вельмі нас усіх кранула такое шчырае яго прызнанне і тое, як ён потым доўга хадзіў навокал стала, углядаўся ў падсмажаную рыбу, нюхаў наварыстую юшку і жоўтую апетытную курапатку.— А гатаваў хто?— Я! — адгукнуўся Сушылаў, спадзеючыся, мабыць, на падзяку.— Кухарам у батальён не жадаеце пайсці?Чуб пасля прызнаўся, што ён ледзь не самлеў, пачуўшы такую прапанову камандзіра. Кубанец больш за ўсіх любіў смачна паесці. А страціць Сушылава — значыцца, сесці на траску і гарохавы суп.— Ніяк не, таварыш маёр! Ніколі не быў кухарам і не жадаю быць. А гэта,— кіўнуў «кармілец» на стол,— пастараліся ўсе разам для дарагога госця.Чуб з палёгкай уздыхнуў — пранесла.— Калі такі абед, даставай, Лунін, нашы запасы, будзем баляваць. Даўно я не сядзеў за такім сталом,— сказаў маёр.«Самым істотным» у мяшку ардынарца была біклажка. Жураўлёў наліў у кубкі па глытку гарэлкі.— Ну, таварышы, за тое, каб вы варту добра неслі, каб фашысты не прыляталі знянацку... каб адчулі, што цяпер — гэта ім не чэрвень сорак першага... што мы навучыліся арганізоўваць абарону аб"ектаў... За перамогу нашу!Хораша мы паабедалі — проста, шчыра, па-сямейнаму. А потым Чуб спяваў свае працяжныя песні.Раніцой, калі я сам стаяў на пасту, камбат падняўся на скалу. Павітаўся, уважліва агледзеў наваколле і зацягнутае хмарамі неба.— Што ж, пост зручны ва ўсіх адносінах,— адзначыў ён, углядаючыся ў прастор возера, потым закурыў і пажартаваў: — Жывеш ты, Шапятовіч, тут, як Бог.Я адчуў, ш то гэта самы зручны выпадак, каб папрасіць аб тым, пра што даўно думаў.— Таварыш маёр! Накіруйце мяне на фронт... Не магу я...Сорамна. Зразумейце, сорамна... з дзядамі лысымі ацірацца тут...Маёр кінуў недакурак уніз, у возера. Лоб пад шапкай стаў як гармонік — увесь у зморшчынах. Адказаў не адразу:— Па-вашаму, значыцца, тут можна абысціся аднымі дзядамі, як вы кажаце? Сабраць сляпых, глухіх, без ведаў, без падрыхтоўкі? Дрэнна вы разумееце значэнне нашай службы, Шапятовіч.— I сказаў жорстка, як загадаў: — Служыце сумленна там, дзе вас паставілі!Я ўнутрана сцяўся, чакаючы, што ён папракне мяне гісторыяй з Кідалам. Не. Жураўлёў не з тых людзей. Ён памаўчаў, скруціў другую цыгарку і сказаў лагодна, пасяброўску:— А на фронт трапіш, не гаруй. Не заўтра вайна канчаецца. Людзі спатрэбяцца. Я вось... дацэнт, палітэканомію выкладаў. Вайна пачалася, апалчэннем камандаваў, умацаванні будаваў пад Ленінградам. Потым вывезлі мяне з блакады, апухлага ад голаду, падлячылі і сказалі...22 маяЯкі радасны дзень! Радасны ўдвая. Учора Тамара Раманаўна дазволіла мне выходзіць гуляць. Але ўчора ішоў дождж. А сёння ўсё заліта сонцам, дыхае напоеная жыццятворнай вясновай вільгаццю зямля. I такая цеплыня! Для мяне — казачная, неверагодная, бо здаецца, што я адразу, у адзін дзень, перакінуўся са снежнай пустыні, дзе гуляла марозная пазёмка, у квітнеючую падмаскоўную вясну. Падмаскоўную! Ад таго, што я пад Масквой, таксама радасна.Усю раніцу я гуляў па лесе навокал шпіталя. Стромкія, гаманлівыя меднастволыя сосны — такія ж і ў нас, над Сожам і Дняпром. Часам у забыцці мне здавалася, што гэта той лес, каля якога я вырас, нават асобныя дрэвы знаёмыя, мае дзіцячыя сябры! I мне хацелася размаўляць з імі гэтак жа, як у маленстве.А перад прыгожым белым фасадам галоўнага корпуса (да вайны тут быў санаторый) цвіце бэз, быццам шызым дымам апавіла зялёныя кусты. Найлепшы ў свеце водар напауняе наваколле — водар бэзу і сасны. Дыхаеш і адчуваеш, як прыбываюць сілы. За адзін дзень я намнога паздаравеў. Цудоўная рэч — жыццё!