Трывожнае шчасце, частка 4
настрою я не мог схаваць ад пільных вачэй камісара і камбата. Сеўчанка неяк сказаў:— Па-мойму, цябе не далячылі, Шапятовіч. Можа, табе варта вярнуцца назад у санчасць?Я спалохаўся. Вярнуцца туды? Бачыць гэтую жанчыну, гутарыць з ёю?— Што вы, таварыш старшы лейтэнант! Я зусім здаровы. Плячо загаілася... А настрой — гэта так... Сям"ю ўспамінаю.— Ну, глядзі... Не вешай носа...Сям"ю ўспамінаю... Ох, успамінаю! Але як?Здрада... Яна варушыцца ў сэрцы, як нейкая ліпучая, агідная істота. Але гэтая пакута здаецца нязначнай у параўнанні з тым, што яна нарадзіла. Раптам я пачаў прыкмячаць, што думаю пра Сашу не так, як думаў дагэтуль.Яна, гэтая праклятая Тоня, пахіснула маю веру ў шчырасць, у чысціню адносін, у каханне, якое мацней за смерць. У галаву назойліва лезуць розныя недарэчныя гісторыі аб жаночай нявернасці, здрадлівасці. Я чуў іх сотні ад сваіх сяброў у тэхнікуме і тут, у арміі. Тады я пярэчыў, лаяўся, ледзь не кулакамі даказваў, што гэта выдумкі цынікаў, паэтызаваў жанчыну. А цяпер сам апынуўся ў палоне гэтага бруду. Думаючы пра Сашу, я адчуваю рэўнасць, горшую за тую, якую некалі адчуў, пайшоўшы ад яе, калі яна не была яшчэ маёй жонкай. Я разумею, як гэта нізка, пошла, пачварна! Я сам нягоднік, здраднік і... раўную яе. Да каго? Чаму? У такі час! Яна ў няшчасці, у няволі, у палоне... А я... О Божа! Здаецца, я трачу рэшткі цвярозага розуму. Але што рабіць? Як вярнуць ранейшую душэўную раўнавагу? Тады я думаў толькі пра адно, адчуваў толькі адзін боль. Цяпер — чорт ведае што робіцца ў маёй дурной галаве! Ні разу за год не ўспомніў я таго маладога настаўніка, здаецца, Лялькевіч яго прозвішча. А цяпер ён увесь час стаіць у маіх вачах, я бачу яго пераможную зняважлівую ўсмешку, такую, як тады, на валейбольнай пляцоўцы. А мінулую ноч сасніў, што ён абнімае, цалуе Сашу, а я стаю як здранцвелы, не магу зрушыцца з месца і... толькі плачу. Чарняк раніцой казаў, што я плакаў у сне.Я пачынаю ненавідзець яго, Лялькевіча, малазнаёмага мне чалавека, разумеючы ўсю дзікасць і недарэчнасць свайго пачуцця. Можа, ён недзе на фронце, ранены, можа, забіты ўжо даўно, а я... Не, са мной робіцца нешта нядобрае! I пакуты мае мацнеюць ад таго, што я не магу расказаць пра ўсё гэта нікому, нават Сеню. Ледзь набраўся сілы і смеласці, каб запісаць у дзённік. Запісаў — і спалохаўся. Баюся пакінуць сшытак у зямлянцы, хоць раней пакідаў смела, упэўнены,што пасля таго выпадку з Мухам ніхто з байцоў не палезе ў мой ранец.Можа, лепш вырваць гэтыя аркушы? 23 лістпапада— Скажы мне, Пеця, чаму ў цябе такі настрой? Чаму ты такі невясёлы?— А чаго радавацца? Немцы пад Масквой. У сё можа здарыцца. Тады мы апынёмся ў пастцы... У ледзяной пастцы.— Ну, ведаеш, не падабаюцца мне твае думкі. Ты кандыдат партыі, камандзір. Такі настрой у нашых умовах перастае быць прыватнай справай, май на ўвазе.— Ідзі, скажы камісару.— А што ты думаеш, і скажу.Я здзіўлена паглядзеў на Сеню: сур"ёзна ці жартуе? Не, ён глядзеў на мяне сваімі разумнымі чорнымі вачамі пранікліва, быццам хацеў зазірнуць у самую душу ці, як варажбітчарадзей, прачытаць усё на твары.«А можа, адкрыць табе душу? Навошта, каб ты, мой лепшы друг, думаў, нібы я спалохаўся становішча на фронце? Не, я не баязлівец і ў перамогу веру гэтак жа, як і ты. Ад іншага няма спакою маёй душы. Але ці зразумееш ты? Нічога падобнага ты яшчэ не перажываў. Думаеш усё аб сусветных праблемах, высокіх матэрыях. Мае перажыванні, пакуты могуць здацца табе нікчэмнымі, вартымі смеху. I тады мне будзе яшчэ цяжэй!» — думаў я.