Трывожнае шчасце, частка 4
Пятро дастаў з кішэні пісталет, праверыў яго. Гэтак жа ўважліва агледзеў загорнутую ў брудную насавую хусцінку лімонку. Зброя надзейная. Але яму зусім не хочацца сустракацца з ворагам. Не для такой сустрэчы ён месяц прасіў камандзіра, каб той адпусціў яго сюды, за сотню кіламетраў. Добра, што камандзір атрада — бацька Кастуся Гаманка. Дапамог Косця. Разам прасілі.Гараць падэшвы ног. Дзіўна млее шыя — цяжка трымаць галаву. Ён упаў тварам на мяккую ігліцу. Вільготная жнівеньская зямля пахне грыбамі, з маленства знаёмым пахам.Пятро ўспомніў, як два месяцы назад, спусціўшыся на парашу це ў Васілевіцкія балоты, ён вылез на сухі груд і цалаваў яе, родную зямлю. Цалаваў і плакаў ад шчасця. I цяпер яму захацелася пацалаваць зямлю: тут, пад гэтымі сасонкамі, неаднойчы праходзіла Саша.«Саша! Родная мая, любая! Прачнулася? Спіш? I нават не сніш, што я тут, за сто метраў ад цябе? Мне страшна знянацку з"явіцца перад табой. Ты, напэўна, не паверыш сваім вачам. Падумаеш, я — прывід... зваліўся з неба. Слаўная мая! Нязведаныя крутыя дарогі вайны. Куды яны толькі не могуць завесці! Але мяне вяло мае каханне. Праз усе смерці, усе перашкоды і выпрабаванні, вялікія і малыя. Праз усё... Даруй мне. Я схіляю галаву... Я стану на калені і пацалую твае ногі... Вось так, як гэтую зямлю... »Пятро быў упэўнены, што Саша тут, у гэтай хаце, з якой ён ужо колькі хвілін не зводзіць вачэй. У мінулую ноч па дарозе сюды ён заскочыў у знаёмае Заполле, да Ані. Гаспадыня расказала: у пачатку вайны Саша паехала да бацькі, яна, Аня, сама правяла яе туды. Нядаўна, вясной, Саша перадала ёй з адной жанчынай, якую сустрэла ў Гомелі, прывітанне, сказала, што жыве ў роднай вёсцы.Моцна акрыліла Пятра гэтае паведамленне. Адтуль, з Заполля, ёнсапраўды ляцеў як на крыллях. Не знайшоў на Сожы лодкі — пераплыў, схаваўшы патроны і гранату ў гумавы мяшэчак — вынаходства Кастуся.«А можа, і няма ў школе гарнізона? А калі і ёсць, не вартуюць жа яны ўвесь час. Хутчэй уначы будуць дзяжурыць, а ў такі час, бадай што, спяць, як совы. Адзін скачок — і я на гародзе, у кіяхах. А там — па разоры... Сапраўды, не сядзець жа мне тут да наступнай ночы. Бліжэй да дня — больш прачнецца людзей. Пойдуць да калодзежаў, на гароды. Пагоняць жывёлу. Не, чакаць нельга... »Але сэрца... Чаму яно так дзіўна паводзіць сябе? То сціскаецца і як бы замірае, то пачынае грукацець так, што ажно балюча ў скронях. Здаецца, ніколі так не білася. Ні тады, калі ў лютаўскую ноч на возеры з"явіліся фінскія лыжнікі, ні нават тады, калі рыхтаваўся скакаць з самалёта ў чорную бездань, не ведаючы, што ўнізе — лес, поле, балота — і хто сустрэне, свае ці ворагі. А тут жа вядома, хто сустрэне, самыя блізкія, родныя людзі — жонка, дачка, сваякі... Супакойся ж, сэрца дурное!Пятро яшчэ раз пільна агледзеў гароды, з найбольшай увагай — школу. Стаў на адно калена, як на старце бегавой дарожкі, пераклаў пісталет з кішэні штаноў у кішэню пацёртага, мокрага ад расы пінжачка,— каб быў пад рукой, калі спатрэбіцца. Крокаў колькі прайшоў. Потым крыху выпрастаўся і, разразаючы галавой паветра, вокамгненна праскочыў выган. Прысеў за плотам, азірнуўся назад. На срэбнай некранутай гладзі расы ярка-зялёныя сляды здаваліся ненатуральнымі, нечалавечымі — занадта шырока сігаў. Не спадабаліся сляды. Лепш было цягнуць ногі, каб атрымалася суцэльная сцежка. Дарэмна бег так. Нельга бегчы. Трэба ісці так, каб здалёк здавалася, што ідзе свой чалавек і нікога не баіцца. Разважыўшы так, Пятро пералез цераз пляцень, у кіяшніку, праўда, крыху пастаяў, паглядзеў і, не спяшаючыся, пайшоў па разоры. Нават паспрабаваў, каб супакоіцца, нешта насвістваць.