Трывожнае шчасце, частка 4
колькі дзён трымаўся афіцыйна.Але мяне ўразіла іншае: соль гэтая, якой пасыпаюць раны, каб надаўжэй затрымацца ў шпіталі. Няўжо сапраўды ёсць такія людзі? Я ведаў, што ёсць дэзерціры, самастрэлы (нам чыталі загады), усе мы на батарэі з нянавісцю гаварылі пра гэтых здраднікаў, можа, з большай нянавісцю, чым нават пра фашыстаў. Але пасыпаць соллю ўласныя раны — проста не змяшчаецца ў маёй свядомасці, здаецца неверагодным.Не каторы час пасля гэтага я адносіўся насцярожана і да Самародава і да Чуба.Толькі да Сушылава я адчуў павагу з першых дзён. Ён з архангельскіх памораў, але не рыбак, а паляўнічы, рабочы зверасаўгаса, хоць лавіць рыбу ўмее гэтак жа ўдала, як і паляваць. Ён ва ўсім процілегласць дзядзьку Алампію. Той худы, ссутулены, гэты каржакаваты, як камёл добрага дуба, толькі крыху касалапы. Той амаль сівы ўжо, гэты ж старэйшы па гадах, а ў яго ледзь-ледзь пасерабрыліся скроні: валасы цёмныя, густыя, з рудаватым адлівам, крыху святлей калматыя бровы — амаль зусім рудыя, а вусы чорныя. Па жэсту, які Сушылаў рабіў часам, забыўшыся, я адразу здагадаўся, што ён насіў бараду. Потым стары прызнаўся: так, насіў, але ў будаўнічым батальёне, дзе ён служыў дагэтуль, камандзір прымусіў яго пагаліцца — для гігіенічнасці. Сушылаў папрасіў, каб я дазволіў яму адгадаваць бараду, і я дазволіў на сваю адказнасць. Праз тыдзень твар яго непазнавальна змяніўся.Чуб смяецца:— Хітры ты, Фядос Яфрэмавіч: лянуешся галіцца, бараду выдумаў. А я вось скрабу праз дзень тупой брытвай, хоць завязвай нешта...Сушылаў не маўклівы, але вельмі немнагаслоўны, гаворыць — быццам ласку робіць. Дзяцей у яго двое, дарослыя, сын, ваенны марак, і дачка, студэнтка, асталася ў блакадным Ленінградзе. Ад сына прыходзяць пісьмы, пра дачку нічога невядома.Але ён не ўздыхае, як Самародаў, і не ўспамінае пра дзяцей пры нас. Толькі, прыкмеціў я, у газетах надзвычай уважліва чытае ўсё пра Ленінград.Чуб празваў Сушылава «наш кармілец». I гэта не жарт, гэта сапраўды так.У першыя дні, уражаны Сеневай смерцю і ўсім, што адбылося пасля, я нічога не бачыў, не заўважаў, што ем, адкуль бярэцца рыба, мяса. А потым раптам звяртаецца да мяне Сушылаў:— Мяса няма, таварыш камандзір. Дазвольце раздабыць.— Раздабыць? Дзе? Паехаць у батальён? Ён усміхнуўся з маёй наіўнасці.— Схадзіць на паляванне. Можа, удасца хоць курапатку падстрэліць.Ён пайшоў раніцой на лыжах, з вінтоўкай, з сякерай за рэменем. А вярнуўся позна ўвечары і прынёс на сваіх дужых плячах маладога аленя. Я ўбачыў, і ў мяне сціснулася сэрца, успомніўся наш батарэйны любімец Лёша.— Навошта вы? — спытаў я Сушылава.— Як — навошта? На мяса,— проста і нават, здалося мне, сярдзіта адказаў ён; вядома, стаміўся чалавек.Чуб і Самародаў паглядзелі на мяне, як на вар"ята (у першыя дні яны сур"ёзна лічылі, што ў мяне «не ўсе дома"), і пачалі з сялянскай разважлівасцю і сур"ёзнасцю свежаваць аленя. А дзён праз колькі Сушылаў адпрасіўся на возера — рыбкі захацелася — і прынёс паўмяшка акунёў. Ён не тольКі ўмеў паляваць і рыбачыць, але і гатаваць быў мастак. Спрабавалі кулінарыць па чарзе. Ды абеды дзядзькі Алампія — хоць на сабаку вылі, «бабскіх спраў», як ён кажа, гэты сялянскі патрыярх не разумев. Крыху хіба лепш у Чуба. А ў Сушылава нешта незвычайнае. З аленіны ён нагатаваў такіх смачных рэчаў, якіх я ніколі ў жыцці не еў.I ў батальён па прадукты часцей за ўсё ездзіць ён, «наш кармілец», сам просіцца. Яму давай любую работу, самую цяжкую, абы толькі не стаяць на голай скале і не ўглядацца ў пустое неба. Не можа трываць памор нерухомасці і бяздзейнасці.