Трывожнае шчасце, частка 4
Я затрымаўся ў сталоўцы, каб паслухаць, пра што размаўляюць людзі цывільныя — рабочыя, жанчыны, які ў іх настрой. Але нейкі стары нядобразычліва спытаў:— Што, яшчэ хочаш? Не дамо! Нябось сто грамаў кожны дзень маеш? А я забыўся ўжо, як яна пахне, дарагая. Хоць піўка панюхаю.Мне стала сорамна, і я хуценька выкаціўся на вуліцу. Сапраўды, дзён пяць назад нам пачалі выдаваць па сто грамаў гарэлкі — ад цынгі, як тлумачыць Спірын.Аставалася больш за гадзіну да адыходу катэра на той бераг, і я зноў пайшоў у горад. I тут, у самым цэнтры, каля Пяці Вуглоў, мяне захапіў налёт. Раптоўна і непрыемна зараўлі з усіх бакоў сірэны паветранай трывогі. Я падумаў, што яны больш наганяюць жудасці, чым бомбы. Спачатку на пустых вуліцах зрабілася мнагалюдна. Людзі беглі, клікалі адзін аднаго. Старая жанчына крыкнула мне:— Бяжы за мной! Сховішча там, у двары.Але я не думаў хавацца. Мне здавалася, што зенітчыку сорамна лезці ў нейкую шчыліну. Страху перад самалётамі я даўно ўжо не адчуваў. I таму па прывычцы пачаў шукаць іх у небе, каб адначасова паглядзець збоку, як страляюць нашы. Выбухі снарадаў убачыў адразу, а самалётаў угледзець не мог.«Няўжо разрывы так далека ад цэляў? Вось жа партачы!» — лаяў я ў думках сваіх сяброў.Першая бомба ўпала недзе ў канцы вуліцы Сталіна, у раёне таго дома, дзе жанчына выбівала дарожку, і, напэўна, трапіла ў будынак, бо высока ўгору шугануў слуп чорнага і белага дыму. Калі бомбы падаюць на голае месца, на скалы, такога дыму не бывае. Потым выбухі пачалі грымець з усіх бакоў. Я стаяў каля газетнага кіёска, пад карнізам яго фанернага даху, і назіраў. Раптам дом насупроць мяне цераз плошчу дзіўна падскочыў, нібы хацеў узляцець, але не здолеў і цяжка грымнуўся на зямлю, так, што яна аж уздрыгнула пад маімі нагамі, і сцены павольна пачалі асядаць, распадацца ў розныя бакі. Мяне загіпнатызавала гэтая магутная сіла разбурэння, асабліва калі я ўбачыў, як разам са сцяной пачалі падаць рэчы чалавечага ўжытку —шафа, стол, ложкі...«А можа, і людзі там?» — падумаў я, і мне зрабілася страшна, успомніліся тыя дзеці, якіх я бачыў гадзіну назад, хлапчук, якому вельмі ж спатрэбілася аўтаматная гільза. У гэты момант я ўбачыў маленькага чалавечка, які бег цераз плошчу. Не, гэта не хлапчук, гэта стары, ён нахіліўся і смешна махае рукамі, у адной з іх вялікі партфель, ён быццам заграбае ім паветра, каб хутчэй бегчы. I раптам за яго спіной бліснула кароткая ўспышка агню. Узвіхрыўся снежны пыл, побач са мной пасыпалася каменне, забарабаніла па даху кіёска. Калі пыл і дым аселі, чалавека на плошчы не было.Нехта схапіў мяне за плечы, моцна трасануў.— Пеця! Вар"ят! Чаму ты стаіш тут? Бяжым! Хутчэй бяжым!Я аглянуўся, убачыў Антаніну, вельмі здзівіўся, ніяк не мог уцяміць, адкуль яна ўзялася, і, аглушаны выбухам, ашаломлены толькі што ўбачаным, паелухмяна пабег за ёй; яна цягнула мяне за руку. Не помню, як мы апынуліся за руінамі дома, на заснежаным колішнім двары, і ўскочылі ў глыбокую яму.— О Божа!— прастагнала Антаніна.— Ледзь сэрца не выскачыла. Што ты, як слуп, застыў там, пасярод плошчы? Я ўбачыла цябе яшчэ да трывогі. Ішла за табой, хацела спыніць, ды раптам трывога. Я забегла вунь там, на тым баку, у сховішча... Склеп нейкі. Там яшчэ чалавек пяць сядзела. Адна жанчына загаласіла, што іх дом разбамбілі. Я выглянула і, верыш, ледзь не самлела: стаіш ты адзін пасярод пустой плошчы. I перад табой бомба разарвалася... Здалося, зусім блізка ад цябе...