Трывожнае шчасце, частка 4
— Дзе ты такога дабра нахапаў?— Фу, чорт! Ты са мной гаворыш, як з паліцаем якім! ¦ Нахапаў»! Нямецкую пошту хапнулі. Пасылачкі заваёўнікі адсылалі з такім дабром. Экзотыка.Прачнуўся камісар атрада Капыткоў, які замяніў Лялькевіча, калі яго раніла.Камісар — чалавек сталы, гадоў на пятнаццаць старэйшы за камандзіра, з прыкметнай сівізной на скронях, з шыракаскулым выразным тварам. Ён стары армеец, мае саліднае званне — батальённы камісар. Абкружэнец. Да атрада далучыўся ўвосень з групай байцоў. Разумны, адукаваны, з багатым вопытам, але, як многія старыя вайскоўцы, залішне самаўпэўнены і самалюбівы. Даведаўшыся, што атрадам камандуе чалавек, які тры гады назад вярнуўся з арміі ўсяго з двума трохкутнічкамі на пятліцы, Капыткоў праз тыдзень патрабаваў перадаць камандаванне яму. Тады Лялькевіч з ім моцна счапіўся. Прыйшлося ўмяшацца падпольнаму райкому і далікатна пагутарыць з батальённым камісарам.— А-а, Лялькевіч! Здароў,— прадзіраючы вочы, прагудзеў Капыткоў.— Добрай раніцы, Сяргей Мікалаевіч.— Які вецер цябе прынёс?Лялькевічу не спадабалася, як ён спытаў. Нельга сустракаць такім пытаннем чалавека, які вярнуўся дадому, у родную сям"ю. Уладзімір Іванавіч не адказаў.Піліпенка паспяшаўся загладзіць няёмкасць. Добрая душа, ён перажываў, калі паміж яго людзьмі ўзнікала непрыязнасць.— Ты ведаеш,— звярнуўся ён да Лялькевіча,— у нас ёсцьтрывожныя звесткі... таму мы такія наэлектрызаваныя. У Гомелі правалы. Праўда, здаецца, не ў тых трупах, з якімі звязаны мы... праз цябе і тваіх падпольшчыкаў. Але многія групы маюць сувязь паміж сабой. Вось і кальнула, брат, калі я ўбачыў цябе. I Сяргей Мікалаевіч...— Аб правалах я чуў,— сказаў Лялькевіч.— Мы прынялі захады, каб засцерагчыся.Капыткоў узняўся на ложку, упёрся рукамі ў калені, цяжка закашляўся: з вясны яго душыў астматычны бранхіт.— Хочуць паралізаваць усё адразу,— праз кашаль сказаў ён.— Але, націскаюць, гады. Падступілі да Сталінграда, пруць на Каўказ... I тут. Адкуль у іх, чарцей, сіла? Панатыкалі гарнізонаў усюды. Асабліва ў нас, у міжрэччы. У кожнай прыбярэжнай вёсцы нямецкі гарнізон. Дзе былі румыны, мяняюць, не давяраюць... Якога д"ябла ім трэба тут? Не можам зразумець... Ці то яны хочуць суднаходства развіваць, ці нас у клешчы ўзяць, каб прыціснуць да ракі і патапіць... Калі ў іх такі намер — дурні іх камандзіры! Ты ведаеш, чым мы адказваем ім? — Маленькія вочы над дрымучай пораслю барады радасна заблішчалі. Піліпенка панізіў голас і нахіліўся да Лялькевіча, які сядзеў на яго ложку і адвязваў свой пратэз, каб даць адпачыць назе.— Аб"ядноўваемся ў брыгады. Але, у партызанскія брыгады! Наш Чацвяртак ужо камандзір брыгады. Аб нас яшчэ не вырашана — куды. Можа, мы зробімся ядром асобнай брыгады. Будзь упэўнены! Дзед яшчэ можа быць камандзірам брыгады! А што? — жартаўліва прыняў ён важную паставу і пагладзіў бараду.— З такой барадой я далека магу пайсці!Капыткоў дакорліва паківаў галавой. Лялькевіч масіраваў натруджаную нагу.— Баліць? — спачувальна спытаў Піліпенка.Капыткоў закурыў нешта пахучае. Лялькевіч здзівіўся, бо ведаў, што батальённы камісар не курыў раней.— Траву нейкую дзед параіў. Памагае,— і ўдакладніў: — Не наш Дзед. Сапраўдны. Лодачнік на Дняпры.Камандзір засмяяўся:— Чуў, Валодзя? Я — дзед несапраўдны. Камісар не прызнае маёй барады. Лічыць, што незаконна вырашчана, на прыватнай сядзібе...