Трывожнае шчасце, частка 4

памыліцца ў чалавеку! Саша, Саша...Хацеў плакаць, але слёз не было. I думкі, як іскры, сухія, кароткія, ясныя. Толькі мох мокры і пахне родным, забытым маленствам.Самае дзіўнае, што злосці на Сашу не адчуваў. Іншая рэч — на Лялькевіча. «Можа, паліцай які-небудзь, падлюга. Трэба было не па мордзе, а стукнуць з пісталета... Няхай бы адным гадам менш было...»Ён дастаў з кішэні пісталет, да болю сціснуў шурпатую рукаятку. Але праз хвіліну падумаў, што, не ведаючы акалічнасцей, ён не мог зрабіць гэтага — забіць чалавека, тым больш блізкага Сашы... Ён не забойца. Ён паверыў, што Саша магла здрадзіць яму — Пятру. Але паверыць, што яна здрадзіла народу, Радзіме, жыве з паліцэйскім. Не! Не можа гэтага быць! Трэба пайсці назад і ўсё высветліць. Калі ён сумленны чалавек, то не прадасць... Але які ён сумленны! Ды цяпер ужо і не пройдзеш, каб не ўбачылі... Вунь ужо гукае пастух. Рыпяцьжураўлі...Пятро прыслухаўся. Зноў нехта крыкнуў, але ужо у другім баку — у глыбіні лесу. Хто там мог зваць яго? Першы раз, калі ён пабег, здалося, што жаночы голас надрыуна паклікаў ззаду: «Пеця!» Ён спыніўся тады, замёр. Чакаў. I каб покліч паўтарыўся, то, напэўна, забыўся б і на школу, і на паліцэйскі гарнізон, і на Лялькевіча — на ўсё на свеце. Пабег бы назад насустрач гэтаму голасу. Але дарэмна чакау. Ніхто яго больш не паклікаў. Відаць, яму проста здалося, стомленаму, разбітаму, уражанаму. Ён і дагэтуль часта чуў Сашын голас. I цяпер вось зноў здалося, што гэта яна. Крык паўтарыўся, і знікла надзея, бо стала ясна: гукаюць адзін аднаго людзі, якія збіраюць грыбы. Імя незразумелае — не то «Манік», не то «Ванік». I адказ: «А-у-у» — хлапечы голас.Людзі жывуць, збіраюць грыбы.«Можа, пайсці да іх і пра ўсё распытаць? Пра што? Што могуць ведаць чужыя людзі? Скажуць, што тут яна, Саша?.. Дык сказала ж Аня. Пачуць ад людзей, лішні раз, што жыве не адна — з мужам? А можа, вярнуцца да іх і сказаць: «Я хачу ўбачыць сваю дачку. Дзе мая дачка?» Паглядзець малую і глянуць у вочы Сашы. Якія ў яе будуць вочы?» Ён уявіў з незвычайнай выразнасцю яе вочы, як цалаваў іх, і... застагнаў ад болю.Не, вяртацца нельга. Ён проста не мае права, бо гэта неразумна і небяспечна, гэта можа прывесці да недарэчнай гібелі. А ён павінен жыць, змагацца, помсціць за сваю і людскую крыўду і гора. Заўтра ён павінен быць у сваім атрадзе, дзе яго чакаюць Павел Пятровіч, Кастусь, іншыя сябры і вялікія справы. Заўтра. А яму ісці кіламетраў сто. Трэба спяшацца.Пятро падняў галаву.— Што ж, бывай... — звярнуўся ён да Сашы.— Не падумай, што я сапраўды больш не буду верыць, што ёсць на свеце каханне мацней за смерць. Можа, і мае не мацней за смердь. Але мае вернае і адданае! Ты чуеш? Я і цяпер кахаю цябе, Саша, чуеш? Вярніся.— Ён хацеў сказаць: «I я ўсё дарую», але адчуў пошласць гэтых рамансавых слоў, узлаваўся, па-салдацку вылаяўся.Трэба ісці!Але ніяк не мог адарвацца ад зямлі. Быццам зламаўся хрыбет, адключыліся нервы і... рукі, ногі, сэрца — усё цела не слухалася загадаў, якія пасылаў розум.З явілася сумненне: а ці Лялькевіч то быў? Ці не ўдарыў ён невінаватага чалавека? Здараецца, што далёкія чужыя людзі часам знешне падобны адзін на аднаго. Але хутка Пятро адкінуў гэтае сумненне, бо ўспомніў позірк таго, каго ўдарыў,— то быў позірк чалавека, які таксама пазнаў яго і разгубіўся. О, каб ён не пазнаў і не разгубіўся, то не стаў бы як анямелы. Цяпер людзі насцярожаныя і не чакаюць, пакуль іх схопяць ці ўдараць. А гэты тып адчуваў сябе, што сабака, які нашкодзіў.