Трывожнае шчасце, частка 4

Расплылася рака ў неабсяжнае мора, два доўгія і вузкія сонцы загойдаліся ў вадзе, і белая хмарка дзіўна закалыхалася, пераламалася — увесь свет пераламалі гарачыя слезы. Напоўнілі, затуманілі вочы і застылі там, не пырснулі, не закапалі, не пакаціліся па шчоках. Але як легка, як хораша зрабілася на сэрцы! Праз слёзы Саша паглядзела на дзядзьку Атіяксея, добрага, разумнага, разважлівага, і вінавата ўсміхнулася. Ён ласкава пагладзіў яе шурпатую ад застарэлых мазалёў руку. Яна падумала: «Сапраўды. Я год не ведала, дзе Пеця, што з ім. А цяпер ведаю, што ён жывы, што ён тут, з намі... Хіба мала такой радасці?» Прыемна было адчуваць спіной цеплыню сонечных праменняў і глядзець, як на плыні ракі нырае коркавы паплавок.— Ага, клюе? — зусім па-дзіцячы ўзрадаваўся Стары і па-дзіця-чы, на спіне, ссунуўся з абрыву да вады, схапіў вудзільна. Бліснуў на сонцы трапяткі кавалачак срэбра.Паблукаўшы па лесе і лузе яшчэ трохі, Данік і Саша, змораныя, вярнуліся дадому. На гародзе іх сустрэла Поля. Лялькевіч усё расказаў ё й. Такую тайну ад старэйшай сястры, якая была за маці і гаспадыню, нельга хаваць.Па Сашыным выглядзе Поля не зразумела, знайшлі ці не знайшлі. Спытала вачамі — так размаўляць прывучыла падпольнае жыццё.«Бачылі?»«Не»,— схіліла галаву Саша.Поля цяжка ўздыхнула і засмучана падперла шчаку кулаком. Яна перажывала ўсё гэта па-свойму. Ніколі не бачыўшы Пятра, яна розумам і сэрцам не прымала яго як блізкага чалавека і часам сумнявалася ў сур"ёзнасці Сашынага замужжа. А Лялькевіч за час, што жыў у іх хаце, стаў сапраўды як родны. Поля палюбіла яго. Праніклівая і ўважлівая, як усе разумныя жанчыны, яна не магла не прыкмеціць, што ён кахае Сашу. Жадаючы сястры большага шчасця, яна хацела, каб яны сталі жонкай і мужам... I раптам Пятро стаў рэальнасцю. Ён ішоў да іх, як у родны дом. Сэрцам адчуў саперніка. Поля разумела яго і не асуджала, што ён збег, а вельмі шкадавала. Цяпер яна паверыла ў іх каханне — Пятра і Сашы, у іх жаніцьбу. I ёй, жанчыне набожнай, стала сорамна за свае грэшныя думкі: як зводніца якая, хацела аддаць сястру другі раз замуж, пры жывым мужу, які, гаротнік, немаведама дзе цяпер і што думае пра іх сям"ю.Вось чаму ёй было балюча даведацца, што Пятра не знайшлі, што ён знік бясследна, не даведаўшыся праўды. I яшчэ яе спалохала і ўразіла, што Саша быццам не вельмі перажывае — не плача, не скардзіцца, не абвінавачвае Лялькевіча, Даніка, яе, Полю. З незразумелай бояззю, сцішаная і засмучаная, ішла яна за Сашай у двор: як яны сустрэнуцца з Лялькевічам?Уладзімір Іванавіч быў пад паветкай. Хацеў працаваць (падыходзіў сезон на бочкі), але рукі не трымалі гэбля, і ён гуляў з Ленкай. Малая ўжо цвёрда трымалася на нагах, няспынна шчабятала. А потым ёй спадабалася падаць на мяккія духмяныя стружкі, куляцца ў іх.— Та-та, ба-ах! — валілася на спінку і залівіста смяялася. Лялькевіч з бацькоўскім замілаваннем глядзеў на яе, усміхаўся,але ўсмешка была сумная. Ён думаў пра яе бацьку, які блукае недзе па лесе з цяжкай пакутай у душы. А малая яму, чужому чалавеку, ка-жа «тата», кажа невыразна яшчэ і несвядома, але так яе навучаюць Данік і Поля. Ён успамінае, як Саша доўга моўчкі і ўпарта супраціўлялася, каб Ленка называла яго татам. Але потым скарылася і ў апошні час як бы не звяртала ўвагі.Саша кінулася пад паветку, схапіла дачку на рукі, моцна прыціснула да грудзей, нібы малой пагражала небяспека.