Трывожнае шчасце, частка 4

Можа, дагэтуль яна не адчувала яшчэ ўсёй істотай сваёй, што Пеця так блізка, бо не бачыла яго сама, а толькі пачула ад Лялькевіча. А ўбачыла далёкую постаць і адчула менавіта так, усёй істотай: ён, Пеця, тут, наяве, а не ў сне, жывы, здаровы.Яны пабеглі з Данікам яшчэ шпарчэй, наўпрасткі. Не скідаючы адзення, перайшлі ўброд старык, лезлі праз калючыя мокрыя кусты, абдзіраючы твар і рукі. Калі Саша адставала,Данік цягнуў яе за руку:— Хутчэй, Саша! Хутчэй! А то, калі яго чакаюць на беразе з лодкай... дык яны не будуць марудзіць... Шукай тады іх у зарэчных балотах... Што ветру ў полі...Вось і след Пецеў! Толькі б захапіць яго на гэтым беразе! Можа, зноў паклікаць! Але рака — вось яна, ужо блішчыць шырокім плёсам у праменнях ранішняга сонца.Сіратліва пахіліўся зламаны слуп ад ліхтара. Няма бакеншчыкаў, не загараюцца па вечарах агні, не ўзнімаюць хвалі параходы. Год назад замерла, сціхла тут жыццё. Толькі рака па-ранейшаму нясе свае воды, і нішто не можа спыніць яе магутнай плыні.Саша і Данік дабеглі да пясчанага берага, куды прывялі сляды. Iраптам Саша быццам спатыкнулася, застыла ў такой паставе, знясіленая, збялелая. Потым у роспачы плюнула:— Тфу! Каму прыносіў шчасце поп!Унізе, каля вады, сядзеў на вымытым чорным кражы дуба Аляксей Сафронавіч і паважна, не спяшаючыся, мурлыкаючы нешта пад нос, разматваў вудачкі.— Які ён табе поп? — Данік пакрыўдзіўся за старэйшага таварыша, за чалавека, які, па сутнасці, стварыў іх падпольную арганізацыю, а папом зрабіўся для канспірацыі.Калі расчараванне і здзіўленне мінулі, брат і сястра паглядзелі адно на аднаго, як бы раячыся: што рабіць? Схавацца, непрыкметна пайсці назад ці паказацца дзядзьку Аляксею на вочы! Як растлумачыць сваё з"яўленне тут?— Трэба расказаць усю праўду. Стары павінен ведаць усё,— прашаптаў Данік.Саша моўчкі згадзілася. Данік кашлянуў.Аляксей Сафронавіч, як кажуць, і вухам не павёў, бо жыў па закону: богаў служка нічога не баіцца зямнога, ніякая нечаканасць не можа яго спалохаць, збянтэжыць, вывесці з душэўнай раўнавагі. Ён закінуў вудачку, утыркнуў вудзільна ў гліністы грунт і толькі тады павольна павярнуўся, каб паглядзець на таго, хто кашлянуў за яго спіной. Але, калі ўбачыў Данілу і Сашу, куды дзеўся яго спакой! Упусціў банку з чарвямі, палез па глшістым адхоне ім насустрач.— Што здарылася, дзеці? Чаму вы тут? Божа мой! — I схапіўся рукой за сэрца.— Няшчасце?Данік зразумеў, пра што Стары мог падумаць, і паспяшаўся заспакоіць яго:— Не, дзядзька Аляксей, нічога страшнага не здарылася. Прыходзіў Пятро. Сапраўдны Сашын муж. На досвітку. Убачыў у двары Уладзіміра Іванавіча, ударыў яго па твары і збег у лес... Мы шукаем яго. Сляды на луг вялі. З Халімонавай гары мы ўбачылі вас і падумалі, што ён... за раку адыіходзіць...Каваль апусціўся на вільготную траву, звесіўшы з абрыву ногі, выцер рукавом зрэбнай кашулі ўспацелую лысіну:— Напалохалі вы мяне. Сядайце, адпачніце. У вас такі выгляд... Яны селі побач.Аляксей Сафронавіч узяў Сашыну руку:— Уся дрыжыш, атракавіца. Яны — што, ведалі адзін аднаго?— Сустракаліся разы два.— Не моцная, значыцца, вера ў цябе ў Пятра твайго. Малады.Але нічога, ёсць любоў — будзе вера. Усё ў свой час. А ты, Аляксандра, узрадуйся, што жывы ён, твой благаверны... I калі так прыходзіў, то не толькі жывы, але і духам моцны і сэрцам чысты... Хіба мала з цябе гэтай радасці? Не пажадай адразу многа!..