Трывожнае шчасце, частка 4

— Ыгы,— прамычаў Пятро, набіваючы смачным хлебам рот. Гаспадыня выбегла. Пятро агледзеўся. Хата чыста пабелена, нанікеліраваным ложку гара падушак. На жардзіне завешана прасціной адзенне.«Не баяцца, што немцы забяруць... »Ён ведаў, бачыў, што цяпер у сялянскіх хатах пуста, увесь нажытак схаваны, бо акупанты рабуюць усё, што трапляе пад руку,— не толькі хлеб і жывёлу, але і адзенне, палотны, настольнікі, ручнікі, посуд.«Ці не да старасты якога-небудзь я трапіў?» — мільганула думка, і ён праверыў пісталет — падарунак, які Кастусь атрымаў у Маскве ў партызанскім штабе. Новенькі, безадказны, прыгожы і бліскучы, як цацка.Раптам у шыбу за яго спіной стукнула, быццам кінулі каменьчык. Ён азірнуўся. Хлапчук год дзесяці, зрабіўшы вялікія спалоханыя вочы, круціў галавой і паказваў рукой на гароды — падаваў знакі, сэнс якіх няцяжка было зразумець: уцякай!«Здаецца, уліп,— падумаў Пятро.— Можа, сігануць цераз акно?» Але тут жа адмовіўся ад такога намеру.Схапіў буханку, выбег у двор, адтуль — на гарод.I тут, за хлявом, сутыкнуўся тварам у твар... з ёй, з гаспадыняй, расчырванелай, задыханай, і з мужчынам, заспаным, у пакамечанай сподняй кашулі, з вінтоўкай у руках. Жанчына войкнула ад нечаканасці і спрытна сіганула за спіну свайго «архангела».Мужчына ўзняў вінтоўку, але ад нечаканасці ён не паспеў даслаць патрон. Пацягнуўся да ручкі затвора.Пятро апярэдзіў яго: выхапіў пісталет, накіраваў на паліцая. Але чамусьці адразу не стрэліў. Загадаў:— Кідай вінтоўку, сукін сын!— Кідай! — завішчала за паліцаевай спіной жанчына.I той, пасінелы ад страху, выпусціў зброю сабе пад ногі.— Тры крокі назад!Яны паслухмяна адступілі.— Рукі ўгору!Узнялі рукі.Пятро падхапіў з зямлі вінтоўку.— Па партызанскіх законах я павінен вас прыстукнуць...— Ро-о-о-дненькі,— шэптам загаласіла кабета.— Маўчаць, нямецкая сучка! Мала дабра нажыла? Хацела за мяне палучыць?Найбольшая злосць у Пятра была на яе, на гэтую здрадніцу. Але ё н адчуваў, што не здолее вось так — ва ўпор стрэліць у жанчыну. А на спалатнелага паліцая, які не прамовіў ніводнага слова, чамусьці неадчуваў асаблівай злосці. Лапух нейкі, нават патрон не даслаў. Мабыць, яна, жонка, прымусіла пайсці ў паліцыю.Не страляў ён, Пятро, вось так людзей. I нялёгка гэта — забіць абяззброенага! Чорт з імі, няхай жывуць. Кары сваёй не мінуць.— Лажыся!Ляглі. Яна ўткнулася тварам яму ў падкаленне, трохі не ў тое месца, якім сядзяць.Пятра гэта развесяліла.— Як там? Суха ў штанах? Ляжаць і не рухацца! Падыме каторы галаву — пушчу кулю. Ад лесу дастану. I сёння ж каб кінуў паліцыю. Бо май на ўвазе — мы цябе пад зямлёй знойдзем.I Пятро ўподбег кінуўся па гародзе, паміж высокага кіяшніку.Каб ён ведаў, каго палажыў! Самога начальніка паліцэйскага гарнізона Гусева! Той ужо развітваўся са светам, бо рашыў, што прыйшла яго кара, што партизаны падпільнавалі яго, калі ён спаў у садзе ў палюбоўніцы. I — о шчасце! Партизан злітаваўся.У адрыне, дзе яны часам спалі, стаяла вінтоўка, а мундзір з пісталетам застаўся ў хаце.Гусеў па разоры папоўз у двор. Не паспеў Пятро дабегчы да сасняку, як з двара прагучалі пісталетныя стрэлы, узнімаючы трывогу. Ім адгукнуўся аўтамат каля школы.I тады Пятро пашкадаваў, што адпусціў таго гада. Вылаяў сябе:„Размазня. Слюнцяй. Інтэлігент. Што ты скажаш хлопцам?»Мінут праз дзесяць ззаду ў лесе ўжо страчыла некалькі аўтаматаў — прачэсвалі. Глуха бухалі вінтоўкі. Адна куля дзынкнула і зрэзала лазінку зусім блізка.