Трывожнае шчасце, частка 4

— Праўда, я не веру, што ты стаў такі панікёр і песіміст. Занадта многа ў дябе любві, каб ты мог страціць веру ў будучыню.— Любві? — здзівіўся я.— Да чаго?— Да ўсяго. Да жыцця. Радзімы... Да блізкіх... — Таму і цяжка, што люблю. Хто не любіць, таму што... таму ўсё роўна...— Мне ўвесь час здаецца, што зусім іншае прыгнятае цябе. Так паводзіць сябе чалавек, які зрабіў нешта благое, у каго нячыстае сумленне.«О, гэты хлопчык можа ўсё зразумець, але прызнацца яму я ўсё роўна не магу!»Мы сядзелі ў зямлянцы. Сеневы падначаленыя — разлік дальнамера — працавалі на кухні. Скупое святло палярнага дня цадзілася праз шыбачку ў дзвярах і падала на твар гаспадара. У ягодзіўны твар у апошнія дні — залішне шчаслівы для такога часу. Можа, таму я і не мог расказачь яму свае таямніцы, як расказваў раней,— мяне раздражняў яго твар, незразумелая адзнака шчасця на ім. Чаго радавацца? Калі нават быць самым вялікім аптымістам, то ўсё роўна радавацца няма чаго.— Слухай, Сеня, чаму ты такі?.. — Які?— Чорт цябе ведае — які... Быццам адзін ты ведаеш, што заўтра канец вайне. Твар блішчыць, як намаслены блінец.Ён засмяяўся і перасеў да мяне на нары, абняў за плечы.— Ты добры друг, Пеця. Я радуюся, што ў мяне ёсць такі друг. Аднаму табе я магу сказаць, чаму я такі... Але дай слова, што ты — нікому...— Я быў калі-небудзь балбатуном?— I ў дзённік свой дурацкі не пішы. Я хачу, каб гэта было толькі маёй тайнай.Мне цяжка было даць слова, што я не запішу нашай размовы. Акрамя таго, мяне крыху пакрыўдзіла, што ен назваў мой дзённік дурацкім, і я змоўчаў.Ён таксама доўга маўчаў: ці то чакаў майго клятвеннага слова, ці думаў — можна мне даверыць тайну ці не?Потым трасануў мяне за плечы.— Я скажу табе дзіўную рэч, у якую ты, напэўна, не паверыш... Я закахаўся.— Закахаўся?«Паўгода ён не бачыў у вочы ніводнай дзяўчыны,— бліснула думка.— Ніводнай, акрамя... Няўжо? Што ж гэта такое робіцца! З кожным днём мне не лягчэй!»Сапраўды, я адчуў сябе гэтак жа кепска, як адразу пасля той недарэчнай гісторыі, якая прынесла мне такія пакуты... Прайшло паў-месяца, і перажыванні мае нібы пачалі прытупляцца. I вось табе на!— Ты здагадваешся, у каго?— Няцяжка здагадацца. Антаніна?— Але...Я рэзка падняўся, скінуўшы яго руку з пляча.— Яна не варта твайго кахання!Ён схапіў мяне за каўнер кажуха, быццам спалохаўся, што я выйду і пакіну яго аднаго, нічога не растлумачыўшы.— Не варта? Чаму не варта? Хоць не! Не трэба! Нічога не кажы! — Ён адштурхнуў мяне.— Я не жадаю нічога слухаць! Я кахаю, і мне хораша, і я нічога не хачу ведаць. Ты, магчыма, пачуў там нейкія плёткі. Калі адна жанчына і гэтулькі мужчын навокал, заўсёды будуцьплёткі. Але я не хачу іх чуць... Я, магчыма, ніколі не скажу ёй пра сваё каханне, не прызнаюся... Яна, відаць, кахае каго іншага, выйдзе замуж... Што ж, я пажадаю ёй шчасця і калі-небудзь вызвалюся ад свайго пачуцця... А можа здарыцца... усё здараецца ў жыцці... што мы прыйдзем адно да аднаго, што раптам абое адчуем... Але цяпер я не думаю пра гэта... Мне хораша ад майго кахання, яно напаўняе, упрыгожвае мае жыццё, і я не жадаю, каб яго разбурылі раней чым трэба. Я прашу цябе як друга...Ён гаварыў горача, доўга, і ўсё, што сказаў, немагчыма было запомніць. Я, уражаны, утрапёна стаяў з другога боку халоднай чыгуннай печкі і думаў пра сваё... Не, цяпер гэта не толькі мае. Мая тайна, але яна закранае іншых людзей, дарагіх мне людзей. Гэтая жанчына, як прывід, стала не толькі паміж мной і Сашай, але таксама вось паміж мной і лепшым другам маім. Па сутнасці, яна разбурыла нашу дружбу, бо цяпер мы ўжо ніколі не будзем такія шчырыя адзін перад адным, якія былі дагэтуль. Я са страхам думаю, што магло б здарыцца, каб я ўсё расказаў яму. Як бы ён паставіўся да гэтага? А мяне так цягнула расказаць. Але кожны раз мяне стрымліваў яго вясёлы, узнёслы настрой, яго шчаслівы твар. Што ж, няхай астаецца са сваім уяўным шчасцем! Праўда, я крыху затуманіў гэтае шчасце. Ён нічога не хацеў чуць пра Антаніну, але на сэрцы, безумоўна, стала трывожна, і пасля гарачых слоў ён не стрымаўся, каб не спытаць: