Трывожнае шчасце, частка 4

— Таварыш камандзір,— прытворна пакрыўдзіўся разведчик.— Не вельмі памацаеш, усюды гарнізоны.— Што ў Астраўках?— Каля сарака паліцаяў, семнаццаць немцаў. Два кулямёты, адна танкетка.— Танкетка. Вось гады! Што ж, няхай будзе танкетка! — і Піліпенка растлумачыў Лялькевічу: — Вырашылі ўдарыць па гэтым гарнізоне пад... святога Спаса. Каб яны адчулі, што не вельмі мы іх спалохаліся. Што яшчэ?— Учора ўдзень нехта шлёпнуў старасту Карповіча.— Туды яму і дарога, гаду! Але хто гэта апярэдзіў нас? Не па-суседску працуюць суседзі. Наш падсудны.— Апоўначы згарэла школа ў мястэчку. Гарнізон Гюнтэра, які кляўся галавой, што зловіць Дзеда. Быў бой... Стралялі... Сашка Кудлач назіраў з-за ракі. Толькі што прыляцеў адтуль... Шкадуе школы. Ён вучыўся там.Лялькевіч, які моўчкі слухаў сур"ёзны даклад камандзіра разведкі і жартаўлівыя рэплікі Дзеда, сказаў:— Слухай, Макар! Ты ведаеш, што я надумаў зараз? Гэта яго работа...— Чыя?— Шапятовіча. Стараста і школа. Помсціў па дарозе...— Ты думаеш?— Мне так здаецца. Адчуваецца рука, якая саданула мне ў пераносіцу. Вось так, з налёту! Доўга не думаючы...— Стараста — можа быць. А школа — гэта не пад сілу аднаму чалавеку,— усумніўся камісар.— Вы ж чуеце, бой быў. Не вёў жа яго адзін чалавек.Піліпенка задумаўся, разгладжваючы бараду, потым рашуча сказаў:— Усё роўна. Пашукаем і за ракой!«Не пажадай адразу многа» — гэта амаль евангельскае заспакаенне суцяшала нядоўга, толькі ўпачатку мела магічную сілу. А ўжо ўвечары, калі Уладзімір Іванавіч пайшоў у атрад, Саша адчула, што няма ёй спакою. Мала той радасці, што Пеця жывы, здаровы, «духам дужы і сэрцам чысты», як сказаў Аляксей Сафронавіч. Каб такая вестка прыйшла здалёк — іншая рэч. А калі сам ён быў тут, у двары, побач, і пайшоў немаведама з якімі думкамі пра яе — хіба можна спакойна чакаць?..«Дурны! Божа мой, які дурны! — шаптала яна ўначы, сціскаючы кулакі ад злосці.— Я не ведаю, што зраблю табе за такое глупства. Як ты мог падумаць? Вар"ят! Дурань раўнівы!»Але праз момант злосць уступала месца пяшчоце, і Саша клікала яго: «Пеця! Родны мой! Вярніся! Прыйдзі яшчэ раз. Паглядзі на дачку!»Яна замірала, слухаючы кожны шорах на двары. Чакала, была ўпэўнена, што ўначы ён прыйдзе зноў. Ён ведаў, што побач паліцаі, і не мог прыйсці ўдзень. У паўдрымоце, у гарачым трызненні яна прыціскала яго галаву да сваіх грудзей, цалавала яго вусны, вочы, казала самыя ласкавыя словы. А таму рабілася яшчэ больш балюча, калі яна прачыналася і пераконвалася, што яго няма. За ноч яна зблажэла і хадзіла, як цень, як прывід. Поля і Даніла не зводзілі з яе вачэй, як з цяжкахворай. У наступную ноч сны былі страшныя, кашмарныя. Пеця трапляў да фашыстаў, яго білі, катавалі...А Лялькевіча ўсё не было. Саша пачала сумнявацца, што ён шчыра шукае Пецю. Успомнілася, як ён вясной пад паветкай абняў і пачаў цалаваць яе. Яна адпіхнула яго. А потым, пазней, калі яны раскарчоўвалі дзялянку пад проса і селі палуднаваць, ён сказаў:— Саша, я хачу, каб вы ведалі. Жыццё наша салдацкае, і ўсё можа здарыцца. Я кахаю вас... Кахаю даўно, яшчэ з Заполля. Прабачце за той парыў. Я нічога не патрабую... Ніколі не абражу вас... Але каб вы ведалі...Ён казаў «вы», хоць звычайна яны даўно звярталіся адно дааднаго на ты, нават і тады, калі заставаліся без сведкау. Ёй стала шкада сябе, Пецю, яго, Лялькевіча. Хацелася плакаць, і яна нічога не адказала. Адвярнулася. Ён пачаў прагна піць з біклагі квас, быццам гарэла ўсё нутро.