Трывожнае шчасце, частка 4
„Калі ў вас няма сабак, то насыпце мне солі на хвост»,— зларадна падумаў Пятро, адыходзячы ўсё далей у глыб перасохлага ў тое лета балота, хоць пад нагамі чаўкала і дзенідзе паміж лазнякоў бліскала чорная і тлустая, як дзёгаць, з чырванаватым адлівам вада «воўчых ям».Пакуль прабіраўся балотам, адкусваў хлеб, думаў, як напалохаў паліцая і яго жонку, успамінаў усе падрабязнасці і быў задаволены сабой: можна лічыць, даказаў, што ён не баязлівец! Думаў, як будзе апавядаць пра гэта ў атрадзе. Адчуваў, што, калі раскажа, як неасцярожна, сярод дня зайшоў у вёску, дзе размешчаны цэлы гарнізон, наўрад ці пахваліць яго за гэта камандзір атрада — Павел Пятровіч, які па-бацькоўску беражэ сваіх людзей і не любіць неразумных выхадак. Сыну яго — Кастусю, камандзіру разведкі, таму, безумоўна, спадабаецца. Той любіць рызыкоўныя ўчынкі. Але наўрад ці ўхваляць Кастусь і ўсе хлопцы, што ён адпусціў паліцая. Не ўхваляць. Страціць можнапавагу і давер, а гэта самае страшнае пакаранне ў атрадзе — калі табе не вераць.«Што ж сказаць? Схлусіць, што забіў паліцая? Але ж трэба мець сумленне. Не, Павел Пятровіч, бадай, ухваліць, калі сказаць амаль праўду: не ведаў, дзе другія бобікі — блізка, далека, можа, тут жа, на сенавале, спалі, а таму не адважыўся страляць, узнімаць шум; абяззброіў, палажыў у разору — і ходу. Не трэба іграць героя, прыпісваць сабе выдуманыя подзвігі. Праўдай большую павагу заваюеш! Прынясу доказ — вінтоўку. Не, вінтоўку не данясу, з ёй удзень небяспечна ісці, прыйдзецца прынесці адзін затвор».«А пра Сашу... пра яе што я раскажу? — раптоўна пеканула думка.— У першую чаргу Кастусь спытае пра Сашу... »Горка яму стала, вельмі горка і крыўдна. Не толькі ад страты самага дарагога, што было ў яго жыцці, але і ад абразы. Ніколі яшчэ ён не адчуваў сябе такім зняважаным. Яму здавалася, што Лялькевіч, нягледзячы на тое, што атрымаў па мордзе, недзе смяецца з яго. Можа, разам смяюцца.Не, не... Саша не можа смяяцца. Не можа! Яна нічога не ведае...Пятру хацелася, каб Саша не была вінавата ў тым, што здарылася, ці вінавата толькі ўскосна — яе ўвялі ў зман, зачаравалі, прымусілі... Хацелася, каб Лялькевіч не сказау пра яго прыход. Ён вось таксама вымушаны будзе маўчаць. Хіба можна пра такое расказачь, нават лепшаму другу?Прыйдзецца сказаць, што жонкі няма ні там, дзе працавала, ні ў роднай вёсцы, што яна эвакуіравалася ў пачатку вайны ў савецкі тыл. Прыйдзецца хлусіць.Выбраўшыся з балота, ён апынуўся ў знаёмых мясцінах: праходзіў тут роўна тры гады назад. Ішоў усё з-за гэтага ж Лялькевіча. Ужо тады той стаў упоперак дарогі. Няўжо і тады паміж ім і Сашай штосьці было? Няўжо недарэмна ўзнікла яго, Пятрова, рэўнасць? Але прадчуванне — гэта верная рэч... Аднак усё адно розум, сэрца, уся істота не маглі пагадзіцца, што Саша, добрая, пяшчотная, чулая, сардэчная, такая прытворная і здрадлівая... Ён успамінаў хвіліны, дні, месяцы свайго жыцця з ёй. Успамінаў свой першы прыезд... Потым другі, у майскія дні... Першую блізкасць і адчуванне найвялікшага шчасця, якое жыло да сённяшняй раніцы. Як жа цяпер ён будзе жыць без гэтага шчасця, без мінулага і будучага, без мары? I, сеўшы адпачыць, ён упершыню заплакаў, адчуўшы сваю адзінокасць сярод пустэчы сухога балота, дзе сіратліва стаялі абгарэлыя сасонкі.Хутчэй да сяброў! Можа, там развеецца, забудзецца гора!Да Дняпра ён выйшаў надвячоркам. Прайшоў па беразе, удыхаючы рачную прахалоду з пахамі ілу і рыбы. Лодкі нідзе не было. Плыць ён не адважваўся, адчуваў стомленасць, ды і баяўся прыцягнуць да сябе ўвагу. На тым, заходнім, крутым беразе паказваліся людзі.