Трывожнае шчасце, частка 6
Ноч як летняя — цёплая, зорная. Туман над рэчкай нізкі, пры самай вадзе. З белай пены выраслі, падняліся і вырысоўваюцца на фоне неба, дзе пры самым гарызонце, як далёкі ліхтар, гарыць планета, нейкія проста міфічныя дрэвы. Гэта прыдарожныя вербы, якія зазелянелі раней за ўсё. Удзень яны звычайныя. А ў такую ноч усё незвычайнае. Сапраўды, усё навокал набыло нейкі міфічны выгляд. Вось начытаўся! Правей ад вербаў, за рэчкай, на ўзгоркусасоннік здаецца цёмнымі фантастычна-вострымі скаламі... Над імі нізка павіс месячык, ён вышчарблены не з таго боку, з якога мы прывыклі бачыць, калі ён, няпоўны, усходзіць звечара, і нейкі фіялетавы, ненатуральны. На вецер, ці што? Няхай бы пайшоў дождж. Вясна ранняя і сухая. Хоць і нямала было снегу, а іх пясчаная зямля перасохла ўжо. Можа, таму ў раёне такая нервознасць з пасяўной. Райком не проста патрабуе — пагражае. Учора на партсходзе Рабіновіч запэўніваў, што ўсе пакладуць партыйныя білеты.А Булатаў спытаў нечакана:— Хто ў вас вядзе антысавецкую прапаганду?Дванаццаць камуністаў паглядзелі адзін на аднаго, паціснулі плячамі. Што яны маглі сказаць? Можа, праз добрых мінут дзесяць, калі ўжо выступаў Бабкоў, Булатаў сказаў:— Не ведаеце? Нічога не ведаеце. Французскі шпіён Запечка вёў у вас пад носам антысавецкую прапаганду. Учора мы яго арыштавалі. А некаторыя члены партыі хацелі нават паклікаць яго выхоўваць дзяцей.У Шапятовіча кроў ударыла ў галаву і па спіне папоўз агідна-ліпучы пот. Выходзіць, што Булатаў ведае пра кожную размову, нават выпадковую. Гэта страшэнна ўразіла. Адкуль начальнік райаддзела МДБ ведае пра ўсё?Проста ашаломлены гэтай незвычайнай усюдыіснай дасведчанасцю Булатава, Пятро ўпачатку нават не задумаўся над лёсам Андрэя Запечкі. Нават эгаістычна забыўся на ўсю гэтую гісторыю, пакуль гуляў з Сашай. Ці мала чаго нагаварылі на сходзе! Ды і ўвогуле было так хораша, што ні пра якія справы ні гаварыць, ні думаць не хацелася. Раніцою ён прачнуўся ад нейкага кашмарна-трывожнага сну, з якога нічога не запомнілася. Але чамусьці наяве прыгадаўся гэты Запечка. I боль за яго працяў сэрца.Пятро бачыўся і гутарыў з ім усяго два разы: тады, у сельсавеце, і пасля зайшоў да яго дадому, у зямлянку. Збянтэжаныя жанчыны — старая, Андрэева маці, і жонка яго — не ведалі, дзе пасадзіць настаўніка. Толькі сам «француз» (сяло ўжо дало яму гэтую нязлосную мянушку) паводзіў сябе так, быццам пражыў у зямлянцы ўсё жыццё. Але радасці сваёй, што да яго наведаўся парторг, не хаваў. Быў прыветлівы, гаваркі. Многа расказаў цікавага. I жанчыны радаваліся. А што яны падумаюць цяпер, чаго Пятро прыходзіў і чаму распытваў пра Францыю?Пятро пахаладзеў ад гэтай думкі. Гучаў у вушах даверлівы голас інваліда, успомніліся і слёзы маці яго, калі сын расказваў пра лагерваеннапалонных, дзе людзі паміралі, як мухі, пра шахты, пра добрых французаў, якія памаглі яму ўцячы з шпіталя, куды ён трапіў пасля абвалу ў шахце, пра другое ранение ў «макі», пра складаную аперацыю, якую зрабіў французскі ўрач, рызыкуючы жыццём: доктар гэты больш за месяц хаваў савецкага салдата ў сябе на кватэры... Такія людзі, такі гераізм, і раптам — шпіёнства. Не, гэта неверагодна! Ніякай логікі няма. Чалавек прайшоў цераз фашысцкае пекла і не зрабіўся здраднікам. Двойчы ўцякаў з лагераў, ірваўся да змагання. Двойчы цяжка паранены. Навошта ж, у імя чаго яму пасля ўсяго гэтага рабіцца шпіёнам? Ды, нарэшце, і французам, саюзнікам па вайне,— на якое ліха ім такі шпіён — інвалід, калгаснік з шасцю класамі адукацыі? Не, тут нешта не так, нейкая прыкрая недарэчнасць, памылка. ДумКі пра Запечку не пакідалі Шапятовіча ўвесь дзень. Вучні бачылі, як ён глыбока задумваўся на ўроках. За абедам сказаў жонцы. Сашу гэта ашаламіла не менш, чым яго.