Трывожнае шчасце, частка 6
ўдарыць ці ўкусіць. Быццам ён, Шапятовіч, вінаваты ва ўсіх няшчасцях, што зваліліся на яе галаву. Зайздрасць, што ён вярнуўся жывы, здаровы і Саша мае шчасце?.. На нейкі міг яму захацелася абняць яе, прытуліць і сказаць па-бацькоўску: «Не трэба злаваць на ўвесь свет. У цябе таксама будзе яшчэ шчасце. У цябе растуць дзеці...»— Панаска, родненькі, трэба ж мне бульбачку ад сястры прывезці. Гэта ж дванаццаць вёрст.— Заўтра я паеду ў раён і сам забяру тваю бульбу.— Старшынька, калі ж тая мая чарга на каня?— Я ж усім абвясціў.— А каб жа мне, старой, хутчэй, у мяне ж планік на самай гары.— Цётка Куліна, першага мая пасеем табе бульбу. Не гаруй.— А ці нельга, Панаска, да Вялікадня? А то ж гэты май на Радуніцу якраз. А мне трэба ў лес схадзіць — да сына на магілку.— Старшыня! А мне давай каня на Вялікдзень! Гэтыя ж багамолкі рабіць не будуць. А мне — усё адно! — гучна патрабавала Ліза.— Грэх табе будзе, Ліза,— паківала галавой Куліна — высокая кастлявая старая, што стаяла за плугам.— Грэх? А яму не грэх, Богу вашаму? — Яна пагразіла кулаком небу.— Не грэх, што забраў столькі мужчын? Навошта яны яму? Зямлю араць? Сена касіць? Дзяцей рабіць?— Жахніся, маладзіца! Што ты плешчаш?— Во дурная!— Звар"яцела баба.Жанчыны накінуліся на яе, і Ліза неяк адразу абмякла, здалася.— Грэх... Ну, даволі вам плакаць перад старшынёй. Ён адзін вас усіх не прыгалубіць. Не надзейцеся. Запрагайцеся, кабылкі, у плуг самі.Ліза раптам зноў павярнулася да Шапятовіча, сказала, саркастычна і як бы грэбліва скрывіўшы свае поўныя засмяглыя вусны:— Ану, інцялягенты, падмяніце старых, дайце ім перадых. Хоць баразны дзве прайдзіце, паспытайце ўдовінага хлеба...Нельга было адмовіць на такое запрашэнне. Ды Пятро зусім і не думаў адмаўляцца. Навошта? Ён нават узрадаваўся, што сустрэчу і размову з гэтымі жанчынамі можна вось так завяршыць — хоць трошкі памагчы ім, а не проста ветліва развітацца і пайсці далей, не выцершы нават кроплі поту з ілба ў той час, калі яны абліваюцца ім.У Пятра адразу зніклі скаванасць, разгубленасць; перш ён стаяў, тарашчыў вочы на Лізіны ногі, слухаў размову жанчын са старшынёй і не мог ім сказаць ніводнага разумнага слова. А што скажаш? Гутарку пра міжнароднае становішча павядзеш, ці што? А тут веселазасмяяўся, плюнуў у далоні, павярнуўся да Грамыкі:— А што, Панас, узялі?Грамыка плюснуў чорнымі вейкамі, крутнуў галавой. Пятро зразумеў яго без слоў: «Даведаецца Анісімаў, што мы не толькі не забаранілі, а самі цягалі плуг — будзе нам!»— Ды чорт з ім, з Аніськам! Узялі! Ліза таксама засмяялася:— Правільна, Андрэевіч!I тое, што яна назвала яго па бацьку, яшчэ больш падбадзёрыла Пятра.Плуг не проста цягнулі за пастронкі, жанчыны зрабілі прыстасаванне: да пастронка прывязалі тры лямкі, абшытыя лямцам ці старымі ручнікамі. «Хамут» такі надзяваўся на плечы.Ліза грубавата выпхнула з «вупражы» нестарую жанчыну, бадай, сваю аднагодку, але нейкую змарнелую, бледную, і перадала яе лямку Пятру. Грамыка стаў з другога боку.Пацягнулі.Кажуць, упачатку любая праца, самая цяжкая, здаецца лёгкай. Не, Пятро з першых крокаў адчуў, што праца гэтая вельмі цяжкая. Можа, ён залішне натужыўся? Ліза ішла лягчэй: раўней ступалі яе босыя ногі па размяклай зямлі, не чырванела ад натугі шыя.Цяпер ён мімаволі глядзеў на яе шыю, на мармурова-белыя — аж вочы слепяць! — плечы. Найдасканалейшы бюст, злеплены найвялікшым майстрам — прыродай. Цяжкія, растаптаныя боты яго слізгалі па зямлі, і ён, салдат, збіваўся з кроку. Жанчына, якая ідзе за ім, пэўна, бачыць усё гэта. Пятро стараўся ісці раўней, але тады рабілася яшчэ цяжэй. Лямка балюча муляла шрам, і яму трэба было трымаць яе рукой, каб «хамут» не прыціскаўся да грудзей. А Ліза ішла, апусціўшы рукі, як у страі, здавалася, зусім легка. Гэтак жа легка ішоў Панас, злева і чуць наперадзе ад яго.