Трывожнае шчасце, частка 6
— А я ў цябе за няньку быў, і мы добра-такі з табой дружылі. Ты, я ды яшчэ кошка Каця. Помніш кошку?— У цё ткі Полі?— У цёткі Полі. Але, як Данік?— Вучыцца ў тэхнікуме.— Гэта я ведаю. Бывае?— Рэдка.— Прыедзе — папрасіце: няхай загляне. Мой галоўны сувязны. Забыўся на свайго камандзіра.— Лялькевіч уздыхнуў.— Хоць яно натуральна: новае жыццё — новыя сувязі, сімпатыі. Усё новае.— Як вам жывецца, Уладзімір Іванавіч? — нечакана, не па логіцы гутаркі, але з незвычайнай цеплынёй, як у вельмі блізкага чалавека, як маці ў сына, спытала Саша.— Худы вы. З вашым здароўем нельга так запускаць сябе. Гэта ж у які час мы вас крыху паправілі.— О , Аляксандра Фёдараўна, вы з Поляй гэта ўмелі!— Што яна так, ваша Ліда?Лялькевіч зачырванеўся, здавалася, нават спалохаўся.— Ды не, нічога. Не думайце. Мы жывём дружна.— Ён казаў гэта так, быццам абавязаны быў даць Сашы справаздачу пра сваё сямейнае жыццё, што таксама крыху непрыемна кранула Пятра.— Ліда — разумны чалавек. Толькі працуе як апантаная. Трыццаць дзве гадзіны ў тыдзень, і штодня — сотня сшыткаў. Я кожны раз з жахам гляджу на гару гэтых замурзаных сшыткаў.— Дзіця будзе?— Чакае м.Саша прыветліва ўсміхнулася, як бы задаволеная, што ўвогуле жыццё ў яго пакуль што ідзе па-чалавечы.— Навошта вам гэта рабоЕа? Жонка — настаўніца, вы — настаўнік. Стал і б дырэктарам школы. Усё-такі спакайней. З вашай нагой, з вашым здароўем...Сцерлася з Лялькевічавага твару збянтэжанасць ад нечаканых Сашыных пытанняў, зніклі расчуленасць, размякчанасць ад выпітага спірту і ад вячэры. Уміг ён зрабіўся такі, як тады, калі гаварылі пра Запечку,— аскетычна сур"ёзны, заклапочаны, здавалася, да душэўнага болю. Задумаўся на момант, ледзь прыкметна ўсміхнуўся.— Дзіўна, што ў жонак аднолькавая логіка. Ліда ледзь не штодня кажа мне пра гэта... I я ўжо адзін час пачаў быў прыкідваць: якую школу папрасіць? Але потым разважыў: не, нельга мне пакідаць партыйных органаў. Не падумайце, што я да ўлады рвуся ці такой ужо высокай думкі пра свае кіраўніцкія здольнасці. Не. Наадварот. Кіраўнік я, па нашым часе, пасрэдны — мяккі, ліберальны... Але вось іменна праз тое, што мнагавата чэрствасці, камандавання, такі чалавек, як я, патрэбны ў райкоме. Я хачу, каб вы правільна зразумелі. Неяк так склалася, што многія работнікі, увогуле і людзі нядрэнныя, працуюць... ну, як бы гэта сказаць?.. для справы, для дакладаў, а не для людзей. Усё гэта нават цяжка растлумачыць... Тут трэба самому паварыцца ў гэтым катле, каб зразумець... Мы з Анісімавым часта сутыкаемся на гэтай аснове. Ён крычыць, што я плесневы ліберал, народнік, гнілы інтэлігент, што мяне даўно трэба гнаць у шыю з райкома. Любы другі на маім месцы даўно плюнуў бы. Я цярплю яго, у Анісімава ёсць адна добрая якасць: ён хутка адыходзіць і, разважыўшы, даволі часта згаджаецца... Крычыць, пагражае выгнаць, а як хацелі мяне перавесці ў другі раён — увесь абком на ногі падняў, а не аддаў. I сам я прасіўся, каб пакінулі. Тут амбіцыю і гонар трэба гнаць к чорту.— Уладзімір Іванавіч усміхнуўся.— Я што Фурманаў пры Чапаеве. Але часам мне здаецца, што Фурманаву было лягчэй. Чапаеў — дзіця рэвалюцыі... А мой Анісімаў — гэта, як кажуць, спелы прадукт пэўнага стылю работы. А стыль гэты... Ну, як вам сказаць? Усе мы павінны працаваць па-сталінску, я разумею... Не ва ўсіх выходзіць, вядома. Я не пра тое... Зразумейце мяне... я пра тое, як Ленін ставіўся да людзей... Чытаю, як Ленін рабіў, і... балюча мне, што Анісімаў, Булатаў, Ляшчук ды і сам я... не ўмеем мы вось так, як ён... Ільіч. Не ўмеем... А трэба нам вучыцца, Пятро. Ой як трэба!